Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Трампа і Пуціна правялі тайную сустрэчу ў Бялградзе


Ўладзіслаў Суркоў (зьлева) і Курт Волкер
Ўладзіслаў Суркоў (зьлева) і Курт Волкер

Пра падрабязнасьці праведзенай у Бялградзе сустрэчы спэцпрадстаўнікоў ЗША і РФ не паведамляецца.

Спэцпрадстаўнікі ЗША і Расеі Курт Волкер і Ўладзіслаў Суркоў правялі сустрэчу ў рамках спробаў пакласьці канец канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Міністар замежных спраў Сэрбіі Івіца Дачыч паведаміў, што спэцыяльны прадстаўнік ЗША па Ўкраіне Курт Волкер і памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзіслаў Суркоў сустрэліся ў суботу ў Бялградзе, але ніякія падрабязнасьці сустрэчы за зачыненымі дзьвярыма невядомыя, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Перад сустрэчай Волкер напісаў у «Твітэры», што ўдзельнікі сфакусуюцца на «магчымасьцях паскарэньня рэалізацыі менскіх пагадненьняў і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

Мірнае пагадненьне, падпісанае ў Менску ў 2015 годзе, заклікала да спыненьня агню паміж сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея, і ўрадавымі войскамі. Канфлікт на ўсходзе Ўкраіны забраў жыцьці больш як 10 тысяч чалавек. Пагадненьне часта парушалася.

Раней прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што мэта перамоваў — «зьверыць гадзіньнікі» паміж дзьвюма краінамі.

Былы амбасадар ЗША ў Расеі Джон Тэфт таксама выказаў здагадку раней, што Волкер і Суркоў могуць абмеркаваць на сустрэчы міратворчую місію ААН на Данбасе.

Раней Волкер адмовіўся сустракацца з Сурковым у Расеі, а Суркову забаронены ўезд у Эўразьвяз, згодна з санкцыямі Эўразьвязу ў сувязі з роляй Расеі ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG