Дата дня
21 верасьня 1959 году нарадзіўся Віктар Івашкевіч, палітычны дзяяч, журналіст, адзін зь лідэраў нацыянальнага адраджэнскага руху.
Таксама ў гэты дзень
1610 — войскі ВКЛ і Кароны Польскай занялі Маскву.
1801 — замест зьліквідаванай Літоўскай была ўтвораная Горадзенская губэрня (існавала да 1921 г.).
1933 — у Бэрліне распачаўся судовы працэс па справе падпалу Райхстагу. Падпал Райхстагу адбыўся 27 лютага 1933 году і адыграў вялікую ролю ва ўмацаваньні ўлады нацыстаў у Нямеччыне. Непасрэдна ў падпале Райхстагу былі абвінавачаныя пяць камуністаў: галяндзец Марынус ван дэр Любэ, лідэр парлямэнцкай фракцыі кампартыі Нямеччыны Эрнст Торглер і тры баўгары, Георгі Дзімітраў, Васіль Танеў і Благай Попаў. Зь пяці абвінавачаных сваю віну прызнаў толькі Ван дэр Любэ. Торглеру удалося даказаць сваё алібі — ён падчас пажару знаходзіўся ў рэстаране. Дзімітраў, Танеў і Попаў таксама мелі алібі — яны даказалі, што падчас пажару наогул знаходзіліся не ў Бэрліне, а ў Мюнхэне. Суд прызнаў вінаватым Ван дэр Любэ і вынес яму сьмяротны прысуд.
У гэты дзень нарадзіліся
1902 — Пётра Мiрановіч, беларускі мастак. Вучыўся у Латвійскай акадэміі мастацтваў і Аўстрыйскай акадэміі мастацтваў. З 1950 году жыў ў Нью-Ёрку.
1918 — Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца і пісьменьнік. Сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1968 году. З 1983 — прафэсар катэдры беларускага мовазнаўства. Складальнік зборнікаў крылатых словаў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнаньняў, фразэалягізмаў.
1923 — Мікалай Барысевіч, беларускі фізык, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1969) і Акадэміі навук СССР (1981). Заслужаны дзяяч навукі Беларусі.
1934 — Леанард Коэн, канадзкі сьпявак і кампазытар.
У памяці
1830 — Ян Сьнядэцкі, астраном, матэматык, філёзаф, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту.
1860 — нямецкі філёзаф Артур Шапэнгаўэр.
1975 — беларускі пісьменьнік Міхась Лынькоў, аўтар аповесьці «Міколка-паравоз».