Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захад-2017»: «баявы дух» вайскоўцаў падымалі песьнямі з савецкіх кінафільмаў


Канцэртная брыгада, сфармаваная з актораў Акадэмічнага тэатру расейскай арміі і артыстаў Цэнтральнага дома расейскай арміі імя Фрунзэ, выступіла перад удзельнікамі вучэньняў «Захад-2017» на 227-м агульнавайсковым палігоне пад Барысавам.

Такім чынам была падтрымана традыцыя «выступаў на перадавой падчас Вялікай Айчыннай вайны», — паведамляе Мінабароны Беларусі. Вайсковай публіцы былі прадэманстраваныя фрагмэнты са спэктакляў тэатру арміі, а таксама танцы і песьні з савецкіх кінафільмаў. Саліравалі народны артыст Расеі Мікалай Лазараў і заслужаная артыстка Расеі Людміла Татарава-Джыгурда.

«Склад творчай брыгады разнастайны, складаецца з работнікаў дзьвюх цэнтральных вайсковых установаў культуры Міністэрства абароны Расеі, — цытуе намесьніка дырэктара тэатру расейскай арміі Эдуарда Паўлава сайт абароннага ведамства Беларусі. — Мы паспрабавалі паказаць усе вехі армейскай гісторыі — ад зараджэньня афіцэрства, гусарства да сёньняшніх дзён, калі гаворым пра ўзаемадзеяньне паміж вайскоўцамі нашых дзяржаваў».

Як дадае Паўлаў, з улікам, што вайскоўцы — гэта пераважна маладыя людзі, для іх падрыхтавалі сучасныя эстрадны нумары, блізкія ім па духу. Але было і тое, што адпавядае густу старэйшых афіцэраў, генэралаў, якія, «знаходзячыся ў палях, думаюць пра родны дом».

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG