Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама пакрытыкаваў антыіміграцыйную ініцыятыву Трампа


Барак Абама
Барак Абама

Экс-прэзыдэнт выступіў у абарону праграмы DACA.

Экс-прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў у аўторак, што рашэньне прэзыдэнта Трампа аб адмене праграмы, якая абараняла ад дэпартацыі 800 тысяч нелегальных імігрантаў, якія прыбылі ў ЗША дзецьмі, «супярэчыць нашаму духу і здароваму сэнсу», паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Мы ўсе хочам, каб нашы межы былі бясьпечнымі і абароненымі, каб эканоміка дынамічна разьвівалася, і таму законапаслухмяныя грамадзяне могуць спрачацца пра тое, як рэфармаваць нашу іміграцыйную сыстэму, каб усе гулялі паводле адных правілаў, — гаворыцца ў пісьмовай заяве былога кіраўніка Белага дома. — Але, прымаючы сёньняшняе рашэньне, Белы дом перасьледаваў іншыя мэты».

Нагадаем, што 5 верасьня генэральны пракурор Джэф Сэшнс афіцыйна абвясьціў аб адмене праграмы абароны дзяцей нелегальных імігрантаў, якая дзейнічала на працягу пяці гадоў пад назвай «Праграма адкладзенага дзеяньня для дзяцей, якія прыбылі ў ЗША» (DACA).

Паводле рашэньня адміністрацыі, на працягу паўгода Кангрэс можа разгледзець любыя заканадаўчыя ініцыятывы, якія дазволяць гэтым дзецям і далей заставацца ў краіне.

Прыхільнікі праграмы абароны ад дэпартацыі незаконных імігрантаў, якія прыехалі ў ЗША непаўналетнімі (DACA) на дэманстрацыі ў Лос-Анджэлесе. 1 верасьня 2017 году
Прыхільнікі праграмы абароны ад дэпартацыі незаконных імігрантаў, якія прыехалі ў ЗША непаўналетнімі (DACA) на дэманстрацыі ў Лос-Анджэлесе. 1 верасьня 2017 году

Прэзыдэнт Барак Абама падпісаў указ аб уступленьні ў сілу праграмы DACA ў чэрвені 2012 году. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы адміністрацыі, кантраляваны рэспубліканцамі Кангрэс нязьменна адмаўляўся разгледзець адпаведны законапраект, каб не надаваць «іміграцыйнай амністыі» сілу закону.

Пасьля сыходу зь Белага дома Барак Абама заявіў, што любая спроба адмяніць DACA прымусіць яго публічна выступіць з крытыкай Дональда Трампа і ягонай адміністрацыі.

У сваёй заяве экс-прэзыдэнт падкрэсьліў, што ня бачыць «ніводнай юрыдычнай прычыны», па якой дзеці нелегальных імігрантаў маглі б быць пазбаўленыя абароны дзяржавы.

«Яны зьяўляюцца амэрыканцамі ў сваіх сэрцах, сваіх думках і ва ўсім астатнім, акрамя аднаго — дакумэнтаў, — заявіў Барак Абама. — Іх прывезьлі ў гэтую краіну бацькі... яны ня ведаюць ніякай іншай краіны, акрамя нашай. Яны могуць ня ведаць ніякай іншай мовы, акрамя ангельскай. Няма ніякага тлумачэньня высылцы таленавітых, энэргічных, патрыятычна настроеных маладых людзей з краіны толькі за тое, што зрабілі іхныя бацькі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG