Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даволі часта ў лекарскай практыцы даводзіцца сутыкацца з незадаволенасьцю пацыентаў сучаснымі нормамі спажываньня вадкасьці.

Адны лічаць, што яны п’юць занадта многа і ў іх арганізьме нібыта назапашваецца лішак вады, што шкодзіць здароўю. Іншыя пацыенты скардзяцца, што піць ім ня хочацца і пытаюцца ці не пагоршыць гэта іх стан. Цікава, што і тыя і тыя ня маюць рацыі.

Згодна з сучаснымі ўяўленьнямі пачуцьцё смагі ў звычайных умовах зьяўляецца хутчэй звычкай, чым важкім патрабаваньнем арганізму. Мяркуйце самі.

Сярэднестатыстычны чалавек вагой 70 кг мае ў сваім арганізьме 45 літраў вады, прычым з гэтай колькасьці 30 літраў прыпадае на ваду, якая знаходзіцца ўнутры клетак, а 15 літраў прыпадае пераважна на плязму крыві і вадкасьць, якая атачае клеткі і знаходзіцца ў тканінах арганізма. Апошняя называецца інтэрстыцыяльнай вадкасьцю. Дык вось тры тыпы вадкасьці — вада ўнутры клетак, плязьме крыві і інтэрстыцыяльная вадкасьць — падзеленыя паміж сабой спэцыяльнымі мэмбранамі, а балянс паміж імі падтрымліваецца трыма электралітамі — а менавіта каліем, натрыем і хлёрам. І ад таго, наколькі гэтая сыстэмы з трох тыпаў вадкасьці і трох электралітаў будзе ўстойлівай, залежыць стан нашага арганізму.

Сёньня дакладна вядома, што ў звычайных, не экстрэмальных умовах жыцьця (напрыклад, у пустэльні) і пры адсутнасьці хвароб, якія лечацца ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі, арганізм вельмі чульліва самастойна рэгулюе водны балянс, адхіленьні ў якім не перавышаюць бясьпечнай мяжы ў 1% нават тады, калі мы вып’ем зашмат ці наадварот замала. Гэтым займаецца пераважна нэрвовая і эндакрынная сыстэмы.

У апісаным рэгуляваньні пачуцьцё смагі ня мае асабістага значэньня, бо яно можа залежаць зусім ад іншых прычын. Напрыклад, на экзамэне чалавек хвалюецца, непасрэдна падчас іспыту ў яго перасыхае ў горле і таму ён зашмат п’е. Ён гэта робіць не таму, што ў яго ў арганізьме мала вады, а з прычыны хваляваньня.

Таму ў звычайнага чалавека колькасьць спажываньня вады зьяўляецца індывідуальнаю і ў сярэднім складае 30-50 мл на кіляграм масы цела. Але ў некаторых абставінах за спажываньнем вадкасьці трэба пільна сачыць, у тым ліку пры доглядзе хворага чалавека.

Ёсьць хваробы, пры якіх назіраецца павышаная страта вады — пры ванітах, павышанай тэмпэратуры цела, наяўнасьці пролежняў, пры прыманьні мачагонных прэпаратаў. Часам чалавек недапівае таму, што ў яго няма магчымасьці аб гэтым сказаць, што часта назіраецца пры інсультах з моўнымі парушэньнямі.

Калі ў вас няма сур’ёзных хвароб, то няхай пытаньне колькасьці пітва асабліва вас не хвалюе, бо арганізм сам будзе рэгуляваць сваю дзейнасьць і не памыліцца. Сярэдні аб’ём вады ў суткі складае ад 30 да 50 мл на кіляграм масы цела.

І, нарэшце, бываюць станы арганізму, калі назіраецца зьніжанае спажываньне і вады, і ежы, у якой таксама знаходзіцца вадкасьць. Да іх адносіцца дэпрэсія, старэчая анарэксія (калі стары чалавек адмаўляецца прымаць ежу і піць), парушэньні глытаньня, пры нетрыманьні мачы, калі жанчыны недапіваюць ў спадзяваньні зьменшыць колькасьць мачы, і іншыя.

Падагульняючы, скажам наступнае. Калі ў вас няма сур’ёзных хвароб, то няхай пытаньне колькасьці пітва асабліва вас не хвалюе, бо арганізм сам будзе рэгуляваць сваю дзейнасьць і не памыліцца. Сярэдні аб’ём вады ў суткі складае ад 30 да 50 мл на кіляграм масы цела.

А вось пры наяўнасьці шэрагу хранічных хвароб (напрыклад, хранічная ныркавая недастатковасьць) пра колькасьць спажываньня вадкасьці трэба пагаварыць з лекарам.

Ну і калі вы даглядаеце за хворым чалавекам, трэба памятаць, што пры пералічаных вышэй выпадках ён можа пакутаваць ад недахопу вадкасьці.

XS
SM
MD
LG