Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Азэрбайджан адмыў і выдаткаваў 2,9 мільярда даляраў, купляючы палітыкаў


Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) апублікаваў расьсьледаваньне «Азэрбайджанская „пральня“». Паводле зьвестак аўтараў расьсьледаваньня, прадстаўнікі кіруючай эліты Азэрбайджану арганізавалі таемную «чорную касу».

Грошы ішлі на подкуп эўрапейскіх палітыкаў і набыцьцё прадметаў раскошы. Адзін з плацяжоў у «чорную касу» паступіў ад «Рособоронэкспорта» — расейскага манапаліста ў продажы вайсковай тэхнікі за мяжу.

Журналісты вывучылі масіў дадзеных з 2012 па 2014 год. Кампаніі ў Вялікабрытаніі, пра якія вядзецца гаворка ў расьсьледаваньні, зарэгістраваныя на падстаўных асобаў з Азэрбайджану. Арганізацыі здавалі фіктыўную справаздачнасьць, хоць празь іх рахункі праходзілі мільярды эўра. Усе яны абслугоўваліся ў эстонскім філіяле аднаго з дацкіх банкаў.

Дадзеныя аб руху грошай першымі атрымалі дацкія журналісты з газэты Berlingske, пазьней да расьсьледаваньня падключыліся нямецкія, францускія, брытанскія і баўгарскія выданьні.

Большая частка грошай прыйшла на рахункі фірмаў з банкаў Азэрбайджану. Найбуйнейшым донарам (больш за 1,4 мільярда даляраў) была арганізацыя з рахункам ў дзяржаўным International Bank of Azerbaijan — пазьней гэты банк абвясьціў сябе банкрутам.

Грошы «Рособороэкспорта»

У 2012 годзе «Рособороэкспорт» перавёў каля 29 мільёнаў даляраў на рахунак адной з фірмаў-удзельніц схемы адмываньня грошай.

Як мінімум 1,8 мільёна з грошай «Рособоронэкспорта» пералічылі на кампанію, якая, паводле дакумэнтаў з «Панамскага дасье», належыць Орхану Эюбаву, сыну першага віцэ-прэм’ера Азэрбайджану Ягуба Эюбава. Пад адрасам, куды адпраўляліся дакумэнты афшорнай кампаніі, жыве сам Ягуб Эюбаў.

Грошы «Рособоронэкспорта» таксама перакладаліся на рахункі іншай афшорнай фірмы, якая выступала пасярэднікам пры продажы расейскага цэмэнту ў Азэрбайджан. Пакупніком выступіў холдынг, які належыць Арыфу Пашаеву, цесьцю прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева. Яго дачка Мэхрыбан Аліева — не толькі жонка прэзыдэнта, але і першы віцэ-прэзыдэнт краіны.

У «Рособоронэкспорте» аўтарам расьсьледаваньня адмовіліся камэнтаваць гэтую інфармацыю.

Подкуп эўрапейскіх палітыкаў

У 2013 годзе нямецкі палітык, былы дэпутат Бундэстагу і экс-старшыня маніторынгавай місіі ПАРЭ Эдуард Лінтэр атрымаў 61 тысячу эўра. А за два тыдні да гэтага Лінтэр быў у Азербайджане, дзе ўзначальваў місію назіральнікаў на выбарах.

«Сам працэс выбараў быў арганізаваны на высокім узроўні і адпавядае такім самым стандартам, як, напрыклад, у Нямеччыне», — казаў тады палітык.

Гэта не адзіная выплата, якую атрымаў нямецкі палітык. Агулам яму пералічылі 891 тысячу эўра ад 2012 да 2014 году.

У 2013 годзе дырэктар ЮНЕСКА, баўгарскі палітык Ірына Бокава праводзіла фотавыставу «Азэрбайджан — прастора талерантнасьці». Праз тры дні на рахунак яе мужа Каліна Мітрава з паметкай «за кіраўніцкія паслугі» пералічылі 20 тысяч эўра. Агулам Мітраў атрымаў 425 тысяч эўра за два гады.

Італьянскі палітык Люка Валёнтэ, на думку праваахоўных органаў краіны, атрымліваў ад Баку грошы, каб заблякаваць прыняцьце рэзалюцыі ПАРЭ пра палітвязьняў у Азэрбайджане. Фіктыўныя брытанскія кампаніі перавялі яму больш за 2 мільёны эўра. Сам палітык кажа, што аказваў кансультацыйныя паслугі ўплывоваму азэрбайджанскаму бізнэсмэну.

На лячэньне і адукацыю

У 2012–2013 гадах фіктыўная брытанская кампанія аплачвала першаму віцэ-прэм’еру Азэрбайджану Ягубу Эюбаваму і яго сыну Эміну Эюбавыаму, амбасадару краіны ў Радзе Эўропы, лячэньне ў адной зь лепшых амэрыканскіх бальніц. Рахункі на мэдычныя паслугі Эюбавым аплачваліся і эўрапейскім клінікам.

А ў студзені 2013 года прэс-сакратар прэзыдэнта Азэрбайджану Азэр Гасымаў атрымаў 18 тысяч на «адукацыйную паездку ў ЗША».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG