Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Шлындзікаў: Шакуціну я не зайздрошчу


Васіль Шлындзікаў
Васіль Шлындзікаў

Імя Аляксандра Шакуціна сёньня на слыху. Пасьпяховы бізнэсовец, былы сэнатар, тэнісіст, мэцэнат... Багаты і ўплывовы чалавек. Набліжаны да самога Аляксандра Лукашэнкі. Але на яго месцы сёньня мог быць бы зусім іншы чалавек — Васіль Шлындзікаў. Гэта ён быў стваральнікам «Амкадора», прадпрыемства, зь якога пачалася імклівая кар‘ера Шакуціна.

1 верасьня Васілю Шлындзікаву — 70 гадоў. За плячыма камсамольская, партыйная і гаспадарчая праца. У актыве — дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце Беларусі 13 скліканьня (у 1996-м паставіў подпіс за імпічмэнт Лукашэнкі), заснаваньне Грамадзянскай, а затым і стварэньне Аб‘яднанай грамадзянскай партыі. Ён у апазыцыі, а таму і ня мае ўсяго таго, чым сёньня цешыцца Аляксандар Шакуцін.

«Выбраў свой шлях і абсалютна не шкадую»

«Кожны выбірае свой шлях, — кажа Васіль Шлындзікаў. — Я выбраў свой. І абсалютна не шкадую. Грошы, нават калі гэта мільёны даляраў, з сабой не панясеш. Прыйдзе твой час, надзенуць туфлі, гарнітур, і на гэтым усё. У труну.

Я ня змог бы не сказаць у вочы ці публічна тое, што я думаю. А Шакуцін, падобна, можа. Вось у гэтым і наша розьніца. Ён, безумоўна, не дурны. Усё разумее. Але калі ён ужо выбраў свой шлях, то па ім і ідзе. А ў мяне іншая дарога».

Аляксандар Шакуцін
Аляксандар Шакуцін

Васіль Шлындзікаў кажа, што ягоныя блізкія не папракаюць яго за такі выбар.

«А што яны асабліва бачылі ў той час, калі я быў генэральным?! Ну, так, высокі заробак. Можа, разы ў чатыры вышэйшы за сярэдні. Вось і ўсё. Ніякіх мільёнаў тады не было. Адна кватэрка, адна дАчка, адна машынка...»

Ці згадвае «Амкадор» пра свайго былога кіраўніка?

«Спачатку запрашалі на гадавіны, якія адзначаліся адзін раз на пяць гадоў. Я адзін раз пайшоў. І больш не хадзіў. Бо пакрыўдзіўся — мне нават слова не далі на ўрачыстасьцях. Я бачыў, што і ім няёмка. Бо гэта ўжо новая ўлада дыктавала правілы. А статыстам быць не хацелася.

Дарэчы, паміж мной і Шакуціным было некалькі іншых дырэктараў. І тыя таксама перасталі хадзіць на такія мерапрыемствы».

«Нічога добрага Беларусь не чакае»

Васіль Шлындзікаў мяркуе, што нічога добрага Беларусь і беларусаў наперадзе не чакае.

«Будзе пагаршэньне сытуацыі. І прычым значнае пагаршэньне. Пры гэтай уладзе разьлічваць на паляпшэньні марна. Я дапускаю, што сярэдні заробак будзе і тысячу рублёў на месяц, і, можа, нават большы. Але колькі тады будзе рэальна каштаваць такі рубель?

Завод "Амкадор"
Завод "Амкадор"

Істотных зьмяненьняў у краіне мы ня бачым. Адзінае — імкліва растуць даўгі. Прамысловасьць дэградуе. Сельская гаспадарка як чорная дзірка, колькі туды ні кідай. Толку няма. Перасталі, праўда, пасылаць з заводаў людзей выбіраць у калгасы бульбу. Дык ужо і бульбы часам беларускай няма. Бачыў я і эгіпецкую, і македонскую, і яшчэ нейкую...», — кажа юбіляр.

Спадар Шлындзікаў прызнаецца, што зьмяніў свае погляды і на Расею:

«Раней мне падавалася, што эканоміка Расеі будзе больш-менш пасьпяхова разьвівацца і пацягне за сабой, як на буксіры, беларускую. Але цяпер бачу, што і Расея будзе загібацца. Усё ж санкцыі падсеклі яе вельмі моцна. Думаю, гэта на дзесяцігодзьдзі.

А мы цалкам прывязаныя да Расеі. А як паводзіць сябе Пуцін?! Давай дастаўку нафтапрадуктаў толькі праз расейскія парты. А інакш нафты не дадзім. Ну што гэта за падыход?!»

Сьвяткаваць сваё 70-годзьдзе Васіль Шлындзікаў зьбіраецца ў тры прыёмы. Спачатку — з роднымі. Затым — з былымі калегамі з «Амкадора». І нарэшце — зь сябрамі па Аб‘яднанай грамадзянскай партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG