Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне Лукашэнкі да беларускай мовы — шчырая нелюбоў ці палітычны разьлік? Дыскутуюць Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў


У інтэрвію тэлеканалу «Россия 24» Лукашэнка заявіў, што ня можа размаўляць па-беларуску, бо «ў беларускай не заўжды можна знайсьці патрэбныя для размовы словы». Паводле Лукашэнкі, «расейская мова сёньня — гэта дабро для нас».

Гэтыя выказваньні кіраўніка выклікалі вялікі рэзананс і абурэньне ў Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, яго душа — у расейскай мове, таксама як і ў абсалютнай большасьці беларусаў.

«Тыя, хто крытыкуюць сёньня расейскую мову, яны, можа, і не праціўнікі яе, а папросту такім чынам хочуць падняць беларускую мову да ўзроўню расейскай мовы», — лічыць Лукашэнка.

Аргумэнты Віталя Цыганкова

1. Выглядае, што Лукашэнка асабіста мае вельмі нэгатыўнае стаўленьне да носьбітаў беларускай мовы. Гэта склалася гістарычна ад сярэдзіны 90-х, калі большасьць ягоных палітычных праціўнікаў былі беларускамоўнымі.

2. Палітык павінен зыходзіць ня толькі з таго, што ёсьць цяпер, але і паказваць свайму народу шлях наперад, весьці яго наверх, а ня ўніз.

3. Лукашэнка ня толькі ідзе ўсьлед за большасьцю выбаршчыкаў, ён ад 1995 году пачаў зьніжаць ужываньне беларускай мовы ў дзяржаве, выгнаў яе з тэлебачаньня, зь мясцовай прэсы, з заканадаўства. Фактычна Лукашэнка канструяваў расейскамоўную нацыю.

4. Нельга казаць, што большасьць людзей не ўспрынялі б паступовую беларусізацыю. Дасьледаваньні паказваюць, што большасьць беларусаў альбо падтрымліваюць павелічэньне ролі беларускай мовы ў жыцьці, альбо ставяцца да яго нэўтральна. Іншая справа, што далёка ня ўсе гатовыя рабіць свае ўласныя крокі ў гэтым кірунку.

5. Лукашэнка кажа станоўчыя рэчы пра расейскую мову і крыўдныя пра беларускую — дзеля таго, каб спадабацца Расеі, лішні раз «прагнуцца» перад ёй.

6. Калі б сёньня Лукашэнка пачаў праводзіць больш сур’ёзную беларусізацыю, то ніякіх пагрозаў ягонай уладзе гэта не прынесла б.

Аргумэнты Валера Карбалевіча

1. Лукашэнка дзейнічае як звычайны цынічны палітык, як апэлюе да большасьці, каб займець падтрымку. А настроі большасьці часта зусім не высакародныя, а вельмі прыземленыя, ня надта высокія. Але нават у дэмакратычных краінах палітыкі апэлююць да іх і часта выйграюць. Пра гэта сьведчыць досьвед нядаўніх выбарчых кампаній у краінах Захаду.

2. Калі б не Лукашэнка, то гэтую нішу (апэляцыя да расейскамоўных, якія ня хочуць вучыць беларускую мову) заняў бы хтосьці іншы. Так, дарэчы, было на пачатку 1990-х гадоў.

3. Лукашэнка будуе нацыю з таго, што ёсьць. Ён апэлюе да той міталёгіі, якая існуе ў сьвядомасьці. І ў гэтым яго сіла, ён мае ў гэтым пытаньні падтрымку большасьці. А апазыцыя апэлюе да каштоўнасьцяў, якія падзяляе меншасьць.

4. Так, Лукашэнка жыве сёньняшнім днём, мала думае пра будучыню беларускай нацыі. Дык так робяць большасьць палітыкаў у сьвеце, у тым ліку ў дэмакратычных краінах. Гарызонт іх бачаньня — да бліжэйшых выбараў.

5. Беларускамоўныя людзі — палітычныя апанэнты Лукашэнкі. І таму ён ставіцца да апанэнтаў і іх каштоўнасьцяў (напрыклад, мовы), як прынята ў аўтарытарным рэжыме. То бок кепска.

6. Нельга выключаць, што калі Лукашэнка сутыкнецца з выклікам «русского мира», то беларуская мова зойме большае месца ў жыцьці Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG