Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын і ўнук Зьмітрака Бядулі падтрымалі ініцыятыву аб пераносе ў Беларусь праху іх бацькі і дзеда 


Зьмітрок Бядуля, 1910-я гады

Каардынатар культурніцкіх праектаў Глеб Лабадзенка ініцыяваў перанос на радзіму праху выбітнага беларускага пісьменьніка Зьмітрака Бядулі (Самуіл Плаўнік, 1886–1941).

Літаратар памёр у 1941 годзе па дарозе ў эвакуацыю недалёка ад гораду Ўральску ў Казахстане.

«Нейкі час таму трапіліся на вочы здымкі магілы Зьмітрака Бядулі, — напісаў Глеб Лабадзенка ў Фэйсбуку. — У 1941-м яго пахавалі ва Ўральску: вайна, не да таго было, каб думаць, як вярнуць прах на радзіму. Ад таго часу, кажуць, пару разоў узьнікала ідэя перанесьці парэшткі клясыка ў Беларусь. Але далей за размовы нічога не ішло... Калі я гляджу на фота той магілы, у мяне няма пытаньняў да ўлады: чаму яны ня робяць? У мяне ёсьць пытаньні да нас: чаму мы ня робім? Ня ведаю, як вам, а мне сорамна глядзець на ўсё гэта».

Глеб Лабадзенка расказаў, што зьвязаўся з 83-гадовым Яфімам Плаўнікам, сынам Зьмітрака Бядулі. Той сказаў, што вельмі хацеў бы, каб магіла бацькі была перанесеная ў Беларусь. Пацьвердзіў, што гэтая тэма сапраўды некалькі разоў уздымалася, але нічога ня зрушылася. Сам ён на месцы пахаваньня быў вельмі даўно — усё ж да Ўральску 2000 кілямэтраў.

А сёньня на ініцыятыву Лабадзенкі адрэагаваў Канстанцін Плаўнік, унук Зьмітрака Бядулі.

«Вельмі ўзрушаны — атрымаў ліст ад унука Зьмітрака Бядулі, спадара Канстанціна Плаўніка. Ён дзякуе за ініцыятыву па пераносе магілы клясыка ў Беларусь і выказвае гатовасьць усяляк далучыцца да гэтай справы. Раней у гэтым пытаньні я гутарыў з сынам пісьменьніка Яфімам Плаўнікам. Ён сказаў, што будзе вельмі рады, калі ягоны бацька знойдзе спакой у роднай зямлі. Такім чынам, абодва сваякі Бядулі, якія сёньня жывуць у Беларусі, выказалі сваю падтрымку і далучыліся да справы пераносу магілы бацькі і дзела на радзіму».

Таксама Глеб Лабадзенка патэлефанаваў у Казахстан. Тамтэйшыя чыноўнікі адказалі, што пра магілу беларускага клясыка ведаюць, як могуць даглядаюць. Расказалі, што пару разоў прыяжджалі беларусы, абяцалі паставіць новы помнік. Але не атрымалася.

Тым, хто ў паваенны час усталёўваў помнік, складана было разабрацца ў нязвыклым беларускім вымаўленьні. Таму Зьмітрок пераўтварыўся на манер прозьвішча ў «Змитров», а Бядуля, адпаведна, выглядае як імя. Некаторыя літары зьбітыя, сама пліта патрэскалася і патрабуе радыкальнага абнаўленьня. Год нараджэньня дадзены з памылкай — 1889 замест 1886.

Паводле Глеба Лабадзенкі, справа на перанос праху будзе каштаваць грошай, таму, як і раней, давядзецца аб’яднаць намаганьні.

«Зьмітрок Бядуля шмат зрабіў для Беларусі і беларускай літаратуры. Натуральна, што ён ня меў плянаў спачыць на чужыне і заслужыў права вярнуцца ў сваю родную зямлю. Усё гэта рэальна», — перакананы Лабадзенка, нагадваючы, што ня так даўно ўдалося вярнуць на радзіму прах Магдалены Радзівіл.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG