Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагрэсіўны рок (яшчэ) не памёр


Брытанскі рок-гурт «Porcupine Tree» у Познані, Польшча, 28 лістапада 2007

Мне цяжка даць вызначэньне тэрміну «прагрэсіўны рок» («прог рок» у скарочаным выглядзе) у нейкай кароткай фармулёўцы, значна лягчэй паказаць пальцам: прыкладам, «Pink Floyd», «Yes», «Genesis» — гэта гурты «прагрэсіўнага року» , а «Slade», «Smokie», «Czerwone gitary» — гэта выканаўцы «поп-року» або як вам заўгодна, але ж не «прагрэсіўнага року».

Кажучы напрасткі, «поп-рок» гэта трохвілінныя песенькі пра каханьне-расставаньне, а «прог рок» — гэта значна больш мудрагелістая штука: кампазыцыі значна даўжэйшыя, з аранжыроўкамі ў бок джазу або клясычнай музыкі; тэксты песень менш банальныя, часам даволі паэтычныя; «канцэптуальныя альбомы», якія музыкай і словам распавядаюць нейкую складаную (нярэдка — малаўцямную) гісторыю, а не зьяўляюцца звычайным наборам музычных нумароў пра рознае.

Найлепшы час для прагрэсіўнага року быў у другой палове 1960-х і першай палове 1970-х. Я нядаўна глядзеў брытанскі дакумэнтальны фільм пра 10 топавых гуртоў прагрэсіўнага року, у якім аўтары вызначылі гэтую «топавасьць» на аснове часу, які альбомы і сінглы «прог-рокераў» правялі ў брытанскіх музычных гіт-парадах і сьпісах найбольш папулярных кружэлак. Вось гэтая дзясятка, зьнізу ўверх: «Camel», «King Crimson», «Hawkwind», «Rush», «Emerson, Lake & Palmer», «Yes», «Jethro Tull», «The Moody Blues», «Genesis», «Pink Floyd». Няма «Deep Purple» і «Led Zeppelin»? Няма, бо яны падпадаюць пад іншы жанр: «хард-рок».

Гэтыя «прог-гурты» сёньня ўжо закончылі дзейнасьць (мабыць, за выняткам «King Crimson», які цяпер аднак мала нагадвае арыгінальны гурт з канца 1960-х і пачатку 1970-х). Іх можна назваць «дыназаўрамі прагрэсіўнага року». Ці прагрэсіўны рок закончыўся разам зь імі? Не дазваньня. Сёньня я хачу зьвярнуць вашу ўвагу на тры сучасныя гурты, музыка якіх акрэсьліваецца назвай «прагрэсіўнага року».

Вось вельмі цікавы брытанскі гурт «Porcupine Tree», заснаваны ў 1987 годзе гітарыстам, вакалістам і мультыінструмэнталістам Стывэнам Ўілсанам. Гурт закончыў дзейнасьць у 2010 годзе, а яго ўдзельнікі цяпер займаюцца сольнымі музычнымі праектамі. У якасьці ілюстрацыі прапаную вам песьню «Anesthetize» (Абязбольце) з альбому «Fear of a Blank Planet» (2007). Як і належыць да традыцыі жанру, песьня трывае 17 хвілін.

А цяпер швэдзкі гурт «Opeth», заснаваны вакалістам і гітарыстам Мікаэлем Окерфэльдтам у 1989 годзе. Песьня «Windowpane» (Шыба) зь незвычайна мэлядычнага альбому «Damnation» (2003).

І трэці выканаўца, гурт «Riverside» з Польшчы, заснаваны ў 2001 годзе. Прапаную песьню «The Curtain Falls» (Заслона апускаецца) зь іх першага альбому «Out of Myself» (2004). Зьвярніце ўвагу на беззаганную ігру гітарыста Пётра Грудзінскага, які нечакана памёр ад інфаркту летась. Гурт «Riverside» аднак працягнуў дзейнасьць: на студыйных запісах партыю гітары грае басіст і вакаліст Марыюш Дуда, на канцэрты гурт запрашае сэсійных музыкаў-гітарыстаў.

І на заканчэньне клясыка прагрэсіўнага року — песьня «Epitaph» гурту «King Crimson» з 1969 году. Мне не ўдалося знайсьці на Ютубе роліка з арыгінальным запісам песьні, таму тут прапаную кампраміс: арыгінальны вакал Грэга Лэйка (1947–2016) з 1969 году, пакладзены на больш сучасную музычную фактуру.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG