Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць «бэрлінскім пацыентам». Аповед адзінага ў сьвеце чалавека, які вылечыўся ад ВІЧ


Тымаці Браўн, ліпень 2012

У Парыжы завяршылася дзявятая Міжнародная канфэрэнцыя па барацьбе зь ВІЧ і СНІД. У ёй прыняў удзел амэрыканец Тымаці Рэй Браўн, таксама вядомы як «бэрлінскі пацыент» — адзіны ў сьвеце чалавек, які цалкам вылечыўся ад віруса.

У 2007 годзе ў яго знайшлі лейкемію. Для лячэньня патрэбна была перасадка ствалавых клетак касьцянога мозгу. Лекары ў Бэрліне знайшлі звыш 200 адпаведных донараў. Падчас праверкі іх крыві на генэтычныя мутацыі ў аднаго з добраахвотнікаў выявілі рэдкі тып бялку. Людзі з такім генам неўспрымальныя да ВІЧ.

Тымаці Браўн распавёў нашаму карэспандэнту пра доўгія гады барацьбы зь вірусам і як яшчэ адзін несуцяшальны дыягназ аказаўся выратаваньнем.

«Я — першы і пакуль адзіны чалавек у сьвеце, які вылечыўся ад ВІЧ.

спосаб, якім я вылечыўся, я б не рэкамэндаваў ніком

Існуе мноства цэнтраў, якія шукаюць спосабы барацьбы зь ВІЧ. Кожны робіць гэта па-свойму. Спосаб, якім я вылечыўся, я б не рэкамэндаваў нікому — гэта было вельмі цяжка. Некалькі разоў я ледзь не памёр. Гэта зусім ня весела. Было шмат болю, пакут. Я сказаў сабе, што выжыву — і я выжыў.

У 1995 годзе мой былы партнэр, і на той час ужо сябар, сказаў, што ён ВІЧ-пазытыўны. Гэта разьбіла мне сэрца.

Ён параіў, каб я таксама прайшоў тэст на ВІЧ. І я яго прайшоў у тым месцы, дзе і ён. Мае вынікі аказаліся станоўчымі.

у нас быў неабаронены сэкс

У нас быў неабаронены сэкс, і мы не асабліва думалі, што можам заразіцца ВІЧ. Я ведаў, што бясьпечны сэкс вельмі важны, што трэба выкарыстоўваць прэзэрватывы, але мы іх не выкарысталі.

Цяпер у мяне імунітэт да ВІЧ, таму я карыстаюся прэзэрватывамі толькі, калі мой партнэр пра гэта папросіць.

Увогуле, у 1995 годзе я даведаўся пра свой ВІЧ, а ў 2006 у мяне выявілі лейкемію. Мне трэба было прайсьці чатыры курсы хіміятэрапіі. Падчас трэцяга ў мяне пачаўся сэпсіс, і мяне ўвялі ў штучную кому. Я спадзяваўся, што мне больш не давядзецца праходзіць хіміятэрапію, таму што майму арганізму, відавочна, гэта ня вельмі падабалася.

Тым часам знайшоўся донар [ствалавых клетак]. Маю кроў праверылі і адправілі ў донарскі банк ствалавых клетак. У мяне была вельмі высокая сумяшчальнасьць з многімі патэнцыяльнымі донарамі, і ў майго лекара ўзьнікла ідэя знайсьці донара з імунітэтам да ВІЧ.

ёсьць генэтычная мутацыя пад назвай ССR5 Дэльта 32

Ёсьць генэтычная мутацыя пад назвай ССR5 Дэльта 32, і людзі, якія атрымалі ў спадчыну гэтую мутацыю ад абодвух бацькоў, маюць імунітэт да ВІЧ. Каля 1% паўночных эўрапейцаў маюць такую мутацыю, такога няма нідзе ў сьвеце.

І мы знайшлі такога чалавека. Гэта быў мужчына зь Нямеччыны, які жыў недзе каля Кёльну. Я мала пра яго ведаю, акрамя таго, што ён аднекуль з-пад Кёльну. Ён быў студэнтам Унівэрсытэту Нью-Ёрку. Ён быў у ЗША, калі зь ім зьвязаліся. І ён пагадзіўся дапамагчы мне.

Сьпярша я адмовіўся ад трансплянтацыі [ствалавых клетак], таму што шанцы пасьпяховай апэрацыі былі каля 50 адсоткаў. Я мог прымаць лекі ад ВІЧ ўсё астатняе жыцьцё і, магчыма, жыць дастаткова здаровым жыцьцём. Усё было ў парадку, у мяне не было ніякай лекавай устойлівасьці, але дзесьці ў канцы 2006 году ў мяне здарыўся рэцыдыў. І я вырашыў, што ўсё ж давядзецца пагадзіцца на трансплянтацыю.

трансплянтацыя была экспэрымэнтам

Трансплянтацыя ствалавых клетак была экспэрымэнтам, ні ў кога не было ўяўленьня, як яна падзейнічае. Ніхто ня ведаў, спрацуе або не, я быў паддосьледным трусікам.

Я не заплаціў за лячэньне ні гроша, за ўсё плаціла мая страхавая кампанія. Мне вельмі пашанцавала, што я лячыўся ў Нямеччыне. Калі б я лячыўся ў ЗША, то быў бы ўжо мёртвы. Хутчэй за ўсё яны б палічылі неэтычным, таму што гэта быў экспэрымэнт. У Нямеччыне больш ахвотна ідуць на рызыку ў такіх рэчах. Часам гэта спрацоўвае, часам не. У маім выпадку спрацавала.

Мноства выдатных вучоных працуюць над стварэньнем леку, але я не думаю, што знойдзецца адзін унівэрсальны спосаб лячэньня ВІЧ. Тое, як прыйшоў да гэтага я — было вельмі небясьпечным, і мне моцна пашанцавала. Мне моцна пашанцавала, што я застаўся жывы.

у Бэрліне можна гаварыць адкрыта пра свой ВІЧ-статус

Да лячэньня ад ВІЧ я працаваў і стараўся ня думаць пра свой статус, проста прымаў лекі — і ўсё было добра. У Бэрліне можна гаварыць адкрыта пра свой ВІЧ-статус. Напрыклад, я расказаў усё свайму босу і сваім калегам, тады я працаваў у кавярні. Усе мае калегі ведалі пра гэта. Вядома ж, я не крычаў на ўвесь рэстаран: „Гэй, я ВІЧ-пазытыўны!“ Нічым добрым гэта б ня скончылася.

У той час я ня вёў ніякай палітычнай актыўнасьці. Але пасьля лячэньня і пэрыяду аднаўленьня, я вырашыў, што павінен гаварыць пра гэта, павінен пераканацца, што я не застануся адзіным [вылечаным]. З 2011 году я гэтым і займаюся. Я зразумеў, што не змагу жыць спакойна, калі хаця б не паспрабую пераканацца, што я не адзіны.

Я баяўся праходзіць тэст, таму што раней дыягназ ВІЧ быў сьмяротным прысудам. Калі ў цябе знайшлі ВІЧ — праз пару гадоў ты труп. Сябар, які параіў мне прайсьці тэст, сказаў: „Ты ведаеш, магчыма, праз пару гадоў мы памром“. Гэта было страшна.

сёньня ж з такім дыягназам жыць можна

Сёньня ж з такім дыягназам жыць можна. Калі прымаць лекі, працягласьць жыцьця можа быць такая, як у чалавека бязь ВІЧ. Адзінае, табе давядзецца прымаць лекі кожны дзень да канца жыцьця. І гэта адстой. Што я хачу данесьці да ўсіх — калі атрымалася вылечыцца азін раз, то гэта наогул магчыма. Лячэньне магчымае. Вылечыць ВІЧ магчыма. І я спадзяюся, што навукоўцы знойдуць спосаб вылечыць ВІЧ».

XS
SM
MD
LG