Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя. Фабіян Абрантовіч


Фабіян Абрантовіч. Здымак знайшоў Уладзіслаў Ахроменка ў матэрыялах Цэнтральнага галіновага архіву СБУ Украіны

Абрантовіч Фабіян Янаў. Нарадзіўся 14.09.1884 г. у в. Вераскава Наваградзкага пав. Менскай губ. (цяпер Наваградзкі р-н Горадзенскай вобл.). Памёр 2.01.1946 у Маскве. Месца пахаваньня невядомае. Псэўданімы: Afa, Fabicz, Fabič.

У даведніках можна прачытаць, што Ф. Абрантовіч нарадзіўся ў самім Наваградку. У іншых даведніках сьцьвярджаецца, што насамрэч ён паходзіў з засьценка Вераскоўшчына каля Наваградка. Аднак такога неселенага пункта на Наваградчыне няма. І не было, як піша ў Інтэрнэце аўтар, які заяўляе, што сам «па кудзелі» зьяўляецца нашчадкам Абрантовічаў. Ёсьць Вераскава — радзіма філёзафа і эстэтыка У. Конана.

Застаецца таксама пытанне: якую навучальную ўстанову скончыў Абрантовіч перад паступленьнем у Магілёўскую каталіцкую мітрапалітальную духоўную сэмінарыю — Наваградзкае гарадзкое вучылішча ці ўсё ж гімназію? Фактам зьяўляецца тое, што па сканчэньні ў 1906 курсу сэмінарыі, якая знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу, Абрантовіч працягваў вучобу ў Каталіцкай імпэратарскай духоўнай акадэміі, якую скончыў са ступеньню магістра багаслоўя (1910). У час вучобы ў акадэміі высьвячаны ў сан прэзбітара (11.11.1908). Па заканчэньні вучобы ў акадэміі выкладаў ў мужчынскай гімназіі пры парафіі сьв. Кацярыны ў Пецярбургу і ў Імпэратарскім вучылішчы правазнаўства. У 1912 выехаў у Бэльгію, дзе ў 1914 на філязофскім факультэце Лёвэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту абараніў доктарскую дысэртацыю. Вярнуўшыся ў Пецярбург, стаў выкладчыкам (некаторыя аўтары пішуць, што прафэсарам) філязофіі ў духоўнай сэмінарыі, Закону Божага ў Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імпэратарскім жаночым пэдагагічным інстытуце і ў ХІІ гарадзкой гімназіі.

Падчас вучобы і працы ў сталіцы імпэрыі Абрантовіч належаў да кола маладых беларускіх клерыкаў, студэнтаў і сьвятароў, сябрамі якога былі такія дзеячы, як В. Гадлеўскі, А. Станкевіч, А. Цікота ды інш. У студз. 1916 стаў сябрам Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказаньні дапамогі пацярпелым ад вайны. Пасьля адрачэньня Мікалая ІІ ён і сьвятар Л. Хвецька выступілі як заснавальнікі новай палітычнай партыі — Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай злучнасьці (БХДЗ). 24–25.05.1917 Абрантовіч браў удзел у зьезьдзе каталіцкага беларускага духавенства ў Менску і выступаў на ім з рэфэратам аб наладжваньні асьветнай дзейнасьці. У час побыту Абрантовіча ў Менску княгіня М. Радзівіл ўручыла яму і сьвятарам Ф. Будзьку ды Хвецьку дарагое калье, сродкі ад продажу якога павінны былі пайсьці на заснаваньне грэка-каталіцкай беларускай духоўнай сэмінарыі ў Рыме.

У крас. 1918 Абрантовіч зноў прыехаў у Менск. Па даручэньні біскупа З. Лазінскага арганізаваў у горадзе духоўную сэмінарыю і стаў яе рэктарам. У літаратуры можна прачытаць, што з 29 сэмінарыстаў 25 былі беларусамі. Акрамя выкладчыцкай і выхавальнай працы ў сэмінарыі, Абрантовіч штонядзелі і ў сьвяты прамаўляў беларускія казаньні ў капліцы Дабрачыннасьці. Не забываў ён і пра партыйную працу. Пад яго кіраўніцтвам у Менску паўстала даволі моцная арганізацыя хадэкаў. На сродкі БХДЗ увосень 1918 у Менску была заснавана 1-я грамадская школа для дарослых. Кіраваў ёю таксама Абрантовіч, а выкладчыкамі былі запрошаныя В. Іваноўскі, Я. Лёсік, Б. Тарашкевіч ды інш.

Невядома, калі Абрантовіч стаў сябрам Рады БНР, але зафіксавана, што 19.09.1919 ён разам з іншымі сябрамі сэньёрэн-канвэнту Рады быў на прыёме ў Ю. Пілсудскага, калі той прыяжджаў у Менск. З аднаго ліста А. Аўсяніка да А. Луцкевіча вынікае, што ў верас. 1919 Абрантовіч меўся наведаць у Варшаве інтэрнаванага польскімі ўладамі прэм’ер-міністра БНР. Вядома таксама, што Ўрад БНР плянаваў паслаць яго ў Рым (пэўна ж, у Ватыкан). 20–24.03.1920 Абрантовіч разам з сябрамі Найвышэйшай Рады БНР (І. Серадой, Лёсікам, С. Рак-Міхайлоўскім, А. Уласавым ды К. Цярэшчанкам), а таксама з міністрамі В. Іваноўскім ды А. Смолічам быў у складзе дэлегацыі, якая вяла перамовы з дэлегацыяй польскага ўраду.

З літаратуры можна даведацца, што пасьля падпісаньня ў Рызе польска-бальшавіцкага пакту аб падзеле Беларусі Абрантовіч мусіў пакінуць Менск. Духоўную сэмінарыю бальшавакі зачынілі. Маюцца зьвесткі, што ў 1922 доктар філязофіі быў дырэктарам Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны. Потым ён пераехаў у Пінск, дзе з 1921 знаходзілася рэзыдэнцыя менскага рыма-каталіцкага біскупа. У сталіцы Палесься Абрантовіч наладжваў працу духоўнай сэмінарыі. Ён прадаў калье княгіні Радзівіл, і немалую частку атрыманай сумы пазычыў біскупу Лазінскаму на патрэбы сэмінарыі, парушыўшы такім чынам волю княгіні. Зрэшты, пра гэтую гісторыю, якая ніяк не ўпрыгожвае ні самога Абрантовіча, ні біскупа, ні ватыканскіх функцыянэраў, маецца асобная кніжка а. А. Надсана. Абрантовіч яшчэ не зразумеў, што ў Польскай Рэспубліцы нельга было давяраць ні міністру, ні пралату, бо для іх «racja stanu» (дзяржаўны інтарэс) стаяў вышэй за маральныя скрупулы і нормы права. А інтарэс дзяржавы, як яны яго разумелі, палягаў у тым, каб зрабіць з беларусаў ды украінцаў палякаў і рыма-каталікоў. Ні дзяржаве, ні Каталіцкай Царкве ў Польшчы ён, ідэйны беларус, на пасадзе рэктара духоўнай сэмінарыі патрэбны ня быў, хоць і меў доктарскую ступень і досьвед пэдагагічнай працы. У 1925, калі Ватыкан заснаваў Пінскую дыяцэзію і біскуп Лазінскі заняў катэдру, рэктарам сэмінарыі паставілі паляка, а а. Фабіяна біскуп прызначыў духаўніком. Мусіць, яшчэ адной прычынай паніжэньня праф. Абрантовіча было тое, што ён, як і іншыя беларускія сьвятары, публічна выказваў незадаволенасьць канкардатам 1925 паміж Ватыканам і Польшчай, у якім ігнараваліся правы і інтарэсы каталікоў-беларусаў.

Каб пазбыцца Абрантовіча, яму ў 1926 прапанавалі перайсьці ў бізантыйскі абрад і адправіцца з місіяй у Манчужрыю, дзе склалася вялікая расейская калёнія. Аднак а. Фабіян папрасіўся ў Друйскі манастыр беларускіх айцоў марыянаў. Ён нёс послух выкладчыка гімназіі пры манастыры. У жн. 1927 яго пастрыглі ў манахі, а ўжо ў сьн. выклікалі ў Варшаву — у апостальскую нунцыятуру — і зноў прапанавалі адправіцца ў Харбін. Інтарэсы ватыканскіх чыноўнікаў, якія працавалі ў камісіі Pro Russia і марылі навярнуць у каталіцызм расейскіх эмігрантаў, супадалі з інтарэсамі віленскага мітрапаліта Р. Ялбжыкоўскага, які хацеў вызваліць Друйскі манастыр ад Абрантовіча, Я. Германовіча ды А. Цікоты і быў рады прапанаваць іх Ватыкану ў якасьці місіянэраў.

Абрантовіч, які пры постыргу ў манахі браў на сябе абавязак паслушэнства царкоўным уладам, мусіў перайсьці ў бізантыйскі абрад і падацца ў Харбін. Ён быў узведзены ў сан архімандрыта і 31.05.1928 прызначаны апостальскім экзархам для тамтэйшых расейскіх грэка-каталікоў. Нягледзячы на тое, што Ватыкан і камісія Pro Russia прыкладалі немалыя высілкі дзеля навяртаньня расейцаў, посьпехі былі нязначныя. За 11 гадоў (1928–1939) колькасьць грэка-каталікоў у Харбіне вырасла з 18 да трохі больш як 150 чалавек.

У тр. 1939 Абрантовіч прыехаў з Харбіну ў Еўропу. 19–23.07 ён браў удзел у марыянскай капітуле ў Рыме. З Рыму ён выехаў у Варшаву, а адтуль — у Львоў, да грэка-каталіцкага мітрапаліта А. Шаптыцкага. У час ягонага побыту у Львове пачалася 2-я сусьветная вайна. У Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну прыйшлі бальшавікі. Абрантовіч вырашыў падацца на Захад, але на савецка-нямецкай мяжы немцы арыштавалі яго і выдалі саветам. (Паводле іншай вэрсіі, энкавэдыстам Абрантовіча выдаў ягоны праваднік.) У львоўскай турме энкавэдысты катавалі сьвятара і патрабавалі прызнацца, што ён — японскі шпіён. З Львова яго этапавалі ў Маскву. У 1943 яго бачылі ва ўнутранай турме НКВД на Лубянцы. Памёр Абрантовіч у Бутырскай турме.

З 2003 пачаўся працэс бэатыфікацыі мучаніка Фабіяна.

XS
SM
MD
LG