Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непрафэсіяналізм або палітычны ціск? Чаму не расьсьледуецца забойства Паўла Шарамета


20 ліпеня 2016 года года ў Кіеве быў узарваны аўтамабіль расейска-беларуска-ўкраінскага журналіста Паўла Шарамета. З моманту забойства прайшоў год, але афіцыйнае расьсьледаваньне амаль ніякіх вынікаў не прынесла. Чаму гэта адбылося? Распавядае журналіст праекта "Следствие.Инфо" Дмытро Гнап.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка нядаўна сустрэўся з роднымі загінулага журналіста. Ён паабяцаў зрабіць усё, што ад яго залежыць, для раскрыцьця справы і запатрабаваў ад праваахоўных органаў хутчэйшай справаздачы. У нядаўнім інтэрвію генпракурора Украіны Юрыя Луцэнкі тэлеканалу «Настоящее время» ён адкрыта заявіў, што прагрэсу ў справе Шарамета няма.

Пакуль праваахоўныя органы безвынікова вядуць расьсьледаваньне, Міжнародны «Камітэт па абароне Журналістаў» і калегі забітага пачалі самастойна шукаць заказчыкаў і непасрэдных выканаўцаў забойства Шарамета. Па выніках гэтага расьсьледаваньня нядаўна выйшла справаздача пад назвай «Адмова ад правасудзьдзя». У ім праваахоўныя органы Ўкраіны наўпрост абвінавачваюцца ў «сабатажы» расьсьледаваньня.

Дмытро Гнап
Дмытро Гнап

— Пытаньне, якое ўзьнікае адразу: чаму паліцыя згубіла так шмат усяго падчас гэтага расьсьледаваньня? Гэта проста таму, што яна так дрэнна працуе? Ці яна працуе ня вельмі добра, таму што сьляды могуць весьці кудысьці наверх, і ў тым ліку да СБУ?

— Мы самі сабе задавалі гэтае пытаньне вельмі часта, нават на працягу фільма яго агучвалі. І выснова нашая такая: мы ня можам, не ведаем напэўна, чаму. На яго ў нас ёсьць толькі два варыянты адказу.

Першы варыянт адказу — гэта поўны правал прафэсіяналізму і некампэтэнтнасьць, што сумна. Альбо іншы варыянт адказу, ён яшчэ больш сумны — гэта магчымае нежаданьне і нейкія палітычныя перашкоды, магчымы ціск, які аказваецца на Нацыянальную паліцыю з тым, каб яна не расьсьледавала гэтую справу. Гэта значыць хтосьці замінае, напэўна, хтосьці высокапастаўлены. Магчыма, гэта ўсяго толькі наша здагадка — гэта вэрсія, варыянт адказу. Гэта яшчэ горш, чым некампэтэнтнасьць.

Але як бы там ні было, або непрафэсіяналізм, або палітычны ціск — у любым выпадку як вынік мы бачым, што сьледзтва правалілася ў некаторых вельмі важных рэчах у гэтым расьсьледаваньні.

— А на вас быў ціск падчас вашай працы над гэтым расьсьледаваньнем? І ці ёсьць, магчыма, ён цяпер?

— Асабіста на нас ціску не было, таму што сытуацыя ў краіне зьмянілася. І палітыка, і праваахоўныя органы сёньня вельмі добра ведаюць, што спроба любога ціску могуць выклікаць адваротную значна больш цяжкую рэакцыю ў адказ.

Быў ціск на шэраг крыніц, зь якімі мы мелі справу. У прыватнасьці, мы не маглі атрымаць відэа з камэраў назіраньня. Напрыклад, вядомая міжнародная сетка гатэляў Radisson адмовілася даваць нам відэа са сваіх камер назіраньняў. А яно было жыцьцёва важна для нашага расьсьледаваньня, таму што там былі вельмі каштоўныя кадры, як перамяшчаліся зламысьнікі.

Паліцыі і супрацоўнікам СБУ ўдалося запалохаць кіраўніцтва, сказаць, што прадстаўленьне відэа нам зьяўляецца парушэньнем таямніцы сьледзтва. Хоць ніхто з супрацоўнікаў гатэля не падпісваў ніякіх абавязацельстваў, не атрымліваў ніякага працэсуальнага статусу. І любая інфармацыя, якую б яны перадавалі, не парушала б ніякіх абавязацельстваў зь іх боку.

Але паліцыі ўдалося пераканаць гэтую буйную міжнародную сетку, што лепш для бізнэсу не спрабаваць камусьці перадаваць відэа.

Але супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі, як мы бачым, не вельмі эфэктыўна. Калі б нам іх паўнамоцтвы, іх магчымасьці, — я думаю, мы б яшчэ далей прасунуліся ў сваім расьсьледаваньні.

Напрыклад, нам не ўдалося атрымаць, на жаль, дадзеныя білінгу з базавых станцый мабільных апэратараў у гэтым раёне, таму што такія магчымасьці ёсьць толькі ў сьледчых паліцыі. Яны атрымліваюць рашэньне суда, з гэтым рашэньнем прыходзяць да мабільнага апэратара, ён ім выгружае ўвесь трафік з базавых станцый, якія знаходзяцца на месцы падзей, і яны могуць ужо ўбачыць перамяшчэньне ўсіх абанэнтаў. У нас такіх магчымасьцяў няма. А яны іх атрымалі, але, па-мойму, толкам так і не распарадзіліся гэтымі дадзенымі.

— Як вы лічыце, ці будзе забойства Паўла Шарамета раскрытае?

— Ніхто ня ведае адказу на гэтае пытаньне. Мы можам толькі казаць і адказваць за сябе і за сваю працу. Мы будзем гэтым займацца столькі, колькі таго запатрабуе час, колькі запатрабуе сытуацыя, колькі запатрабуе расьсьледаваньне. Месяцы — месяцы, значыць, гады — значыць, гады.

— Па цяперашняй сытуацыі, пасьля праведзенага вамі расьсьледаваньня, у вас зьявілася разуменьне, за што яго забілі?

— Ёсьць вэрсія, адназначнага адказу няма. Адназначна можна казаць, што гэта палітычнае забойства з пэўнай мэтай ліквідаваць значнага, вядомага і аўтарытэтнага журналіста. Мы можам гадаць аб вэрсіях, вядома, іх вельмі шмат, і кожная са свайго боку здаецца прывабнай. Але так, каб сказаць, што вось ёсьць доказная база, сапраўды пераканаўчая, па адной з вэрсій — такога пакуль няма, не склалася, не складаецца. Мы яшчэ працуем над гэтым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG