Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень беларускай кухні пачаўся ў Магілёве. Што спаборнічае з дранікам?


Дранікі ядуць і беларусі і госьці на «Тыдні беларускай кухні» (ілюстрацыйнае фота)
Дранікі ядуць і беларусі і госьці на «Тыдні беларускай кухні» (ілюстрацыйнае фота)

Магілёўскія кавярні і рэстарацыі запэўніваюць наведнікаў, што накормяць іх самабытнымі нацыянальнымі стравамі, а таксама ўласнай фірмовай ежай, згатаванай паводле традыцыйнай беларускай рэцэптуры.

Кухары абяцаюць, што на «агульны» стол пададуць больш за сто беларускіх страваў.

Магілёўскія кавярні і рэстарацыі фармуюць мэню да «Тыдня беларускай кухні» з запатрабаванага ў наведнікаў. Стравы з бульбы і мяса найбольш папулярныя. Іх замаўляюць як беларусы, так і замежныя турысты. На вяршыні папулярнасьці трывала замацаваўся дранік.

Калдуны расейцам невядомыя

Шырокага анансаваньня акцыя магілёўскіх устаноў харчаваньня пакуль ня мае. На ўваходзе ў кавярні няма абвестак, толькі ў некаторых рэстаранах падрыхтаваныя асобныя мэню.

Беларускамоўнае мэню адной з магілёўскіх кавярняў
Беларускамоўнае мэню адной з магілёўскіх кавярняў

Ёсьць мэню па-беларуску. Наведнікам прапануюць сялянскія каўбасы, калдуны, скваркі, па-рознаму згатаваную пячонку ды дранікі.

«Дранікі, згатаваныя ў гаршчэчку і зь сьмятанай, калдуны зь мясам, скваркі са сьвініны, а таксама верашчака з сырнымі клёцкамі, грыбным соўсам і каўбаскамі. Гэтыя стравы ў нас найбольш папулярныя. Іх замаўляюць як нашы беларускія кліенты, так і расейскія турысты», — адзначыла супрацоўніца кавярні.

Паводле яе, беларуская кухня найбольш запатрабаваная ў замежных турыстаў.

Мэню да «Тыдня беларускай кухні»
Мэню да «Тыдня беларускай кухні»

«Амаль усе яны літаральна з парога просяць згатаваць ім чаго беларускага, — казала суразмоўца. — Некаторыя стравы, якія мы ім прапануем, для іх невядомыя. Напрыклад, нашы калдуны. Даводзіцца падоўгу тлумачыць, з чаго яны гатуюцца. Што да нашага драніка, то беларусы і іншаземцы ведаюць, што гэта такое, і часта гэтую страву просяць згатаваць у розных варыяцыях».

Беларусаў ведаюць па драніках

У мэню наступнай кавярні да «Тыдня беларускай кухні» значыцца тузін страваў. Наведнікі прапануюць падсілкавацца яечняй, закускай па-беларуску, бульбай па-вясковаму, дранікамі з смажанінай.

Гасьцей гораду закормліваюць дранікамі (архіўнае фота)
Гасьцей гораду закормліваюць дранікамі (архіўнае фота)

«Зразумела, што нашы дранікі ведаюць далёка за межамі Беларусі, і калі прыходзяць, скажам, расейцы, то абавязкова просяць іх згатаваць», — вылучалі бульбяную страву супрацоўнікі кавярні. У рэйтынгу найбольш папулярных страваў дранік быў першым.

«Дранікі са сьмятанай, з смажанінай, грыбамі ды цыбуляй, — рэкамэндавалі ў кавярні. — Яшчэ смажанка з бульбай, мясам, грыбамі і цыбуляй, залітай соўсам. Раім пакаштаваць згатаваную ў гаршчэчку бульбу зь мясам».

Кіраўнік гораду ўпадабаў мачанку

«Бульба застаецца асноўным прадуктам, зь якога беларусы гатуюць сабе ежу. Таму пазнаюць іх пераважна па бульбяных стравах», — адзначылі ў яшчэ адной кавярні.

Мэню да «Тыдня беларускай кухні» з улюблёнай стравай кіраўніка Магілёва — мачанкай
Мэню да «Тыдня беларускай кухні» з улюблёнай стравай кіраўніка Магілёва — мачанкай

У кавярні не прамінулі паведаміць, што старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў дужа любіць мачанку з грыбамі. Гэтую страву суразмоўцы з кавярні вылучылі на першае месца. За мачанкай разьмясьцілі дранікі па-хатняму, бабку са сьвініны, грыбную поліўку ды капусту з грыбамі.

Бліны і халаднік таксама рэйтынгавыя

У наступнай кавярні драніку вярнулі першае месца. Яе адміністратарка, гаворачы аб прыярытэтах наведнікаў, засумнявалася, што беларусы дасьведчаныя ў сваёй кухні. На яе думку, іхныя веды павярховыя і навязаныя.

Уяўленьні беларуса пра сваю кухню (архіўнае фота)
Уяўленьні беларуса пра сваю кухню (архіўнае фота)

«Таму дранік у нас у пашане, — адзначыла яна. — Расейцы, як да нас прыходзяць, дык, не пакаштаваўшы дранікаў, ня могуць пайсьці».

«Часта замаўляюць у нас дранікі, згатаваныя ў гаршчэчку, тоўстыя бліны, замешаныя на кефіры, з мачанкай, ды яшчэ халаднік беларускі», — сфармавала рэйтынг найбольш папулярных стравах у канцы гутаркі суразмоўца.

Не пакаштаваўшы драніка, расеец зь беларускай кавярні ня выйдзе

Бульбяныя стравы дамінавалі ў рэйтынгу папулярнасьці і ў кавярні, разьмешчанай непадалёк ад гасьцініцы «Магілёў».

«Дранікі ў гаршчэчку са сьвінінай, язычком; той жа халаднік ды калдуны», — казала адміністратарка кавярні».

Цяперашняя беларуская кухня трымаецца на бульбе
Цяперашняя беларуская кухня трымаецца на бульбе

«Калі зыходзіць з запатрабаваньняў нашых кліентаў, то выходзіць, што беларуская кухня толькі на адной бульбе і трымаецца, — разважала суразмоўца. — Мяркую, што найбольш хадавыя стравы беларусы ўсё ж ведаюць, але як „капнуць“ глыбей, то, напэўна, зусім сумна будзе. Наведнікам з Расеі дык толькі падавай дранікі. Стэрэатып, што Беларусь „бульбяная краіна“, у іх моцна ўкараніўся. Калі прапануем што іншае, то задумваюцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG