Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набліжаецца Купальле. У самую кароткую летнюю ноч зноў па ўсёй Беларусі запалымнеюць вогнішчы, краіна напоўніцца народнымі сьпевамі, паплывуць па рэках вянкі, моладзь будзе рамантычна шукаць легендарную папараць-кветку. Ніхто ня ведае, зь якіх прадаўніх часоў беларусы пачалі верыць у той цуд, што, распусьціўшыся ў купальскую ноч, кветка нібыта разгортвае прастору, поўную шчасьця і волі. Міналі гады, стагодзьдзі, рэаліі напаўняліся новымі ведамі і вераваньнямі. Але як толькі надыходзяць летнія сонцазваротныя дні, зноў і зноў прачынаецца ў чалавеку ягонае спрадвечнае міталягічнае мысьленьне, памяць пра самую кароткую купальскую ноч. Ноч, якая і ў наш тэхнакратычны час дае веру і надзею ў шчасьце. А мы сёньня чарговым разам паспрабуем разгадаць таямніцы купальскай начы. Маёй госьцяй — фальклярыстка, паэтка Антаніна Хатэнка.

Вячаслаў Ракіцкі: Антаніна, найперш хачу запытацца ў вас, чым прываблівае сучаснага чалавека містыка купальскай начы? Чаму не згасае цікавасьць да яе? У тым ліку і ваша асабістая цікавасьць — і як адмыслоўкі, і проста як чалавека?

Антаніна Хатэнка: Гэтая пара — надзвычайная, адметная. Яна выкульваецца з аднастайнай звыклай зьменлівасьці «дзень-ноч», «ноч-дзень» і ўзьвершвае (сьцьвярджае, замацоўвае) нешта вельмі істотнае для ўсяго жывога. Такое надараецца ў каляндарным колакручэньні хіба двойчы на год — у дні сонцазвароту, летняга й зімовага. Вось яны якраз і змыкаюць бег часу ў кола, вянок. Не, зразумела, касьмічная бязьмежнасьць распасьціраецца па-за нашымі адчуваньнямі й жаданьнямі. Затое каляндарны абрадавы год цалкам паддаецца на ўлучнасьць маіх, чалавечых, памкненьняў у той містычны вянок. А што да папараць-кветкі, дык да яе яшчэ дабрацца трэба. За проста так яна не раскрываецца. Перадусім шмат што належыць пазнаць.

Антаніна Хатэнка
Антаніна Хатэнка

— Дык давайце паспрабуем распачаць такое завабнае пазнаньне. І найперш я зацікаўлена пытаюся: чым жа адметны гэты час у вянку, як вы кажаце, абрадавага календара? Якая надзвычайнасьць яму ўласьцівая? І што такое наагул абрадавы каляндар?

— У абрадавым вянку гэтая найкароткая ноч разьмяшчаецца роўна насупраць начы найдаўжэйшай, каляднай. І яны, дзьве містычныя начы, расьсякаюць год акурат напалову. Калядная ноч пачынае адлік дынамічнай, сонцаўзыходнай часьціны году, а купальская — статычнай, сонцазаходнай, калі ўся сіла прыродная ідзе на спад, на спачын, да сьмерці. Хаця звонку ўсё нібыта выглядае наадварот: узімку калядная, ціхая, засяроджаная на самой сабе ноч падобная да прыгожага казачнага сну, а купальская ўзбунтоўвае ўсё жыцьцё, перакульвае звыклы парадак рэчаў. А тут і схавана існасьць. Адна ноч вядзе да пераўзнаўленьня заснуласьці, супакою ў абуджэньне, узыходжаньне. Памятаеце Купалава «На куцьцю»?

«...I тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

Заныла ўсё, замёрла ўсё,
— Ня сьпіць адвечнае замчышча:
Там пачынаецца жыцьцё
Ў агнёх старога папялішча».

І выходзіць, што Каляды паўстаюць на сумежжы сьмерць-жыцьцё, а Купальле — на мяжы ад жыцьця ў сьмерць. Так люструе той самы абрадавы каляндар — чароўнае люстэрка, што адбівае наша, людзкое аблічча ў зварушлівай плыні прыроднага жыцьця. Паказвае паяднанасьць усіх быцьцёвых праяваў у пэўных кропках-абрадах гадавога руху — вэгетатыўнай актыўнасьці й містычнага паміраньня, супыну ў глыбінях падсьвядомасьці. Але каб сягнуць тае глыбіні, варта пашукаць усё-ткі чароўны квет папараці...

— Дык што ж трымае ў сабе гэткага чароўнага звычайная папараць, якой паўнюткія беларускія лясы? Мне раптам падумалася: а мо мільёны гадоў таму тэрыторыя сучаснай Беларусі была суцэльнымі тропікамі, і папараць расла велічэзная, дрэвападобная...

— Тут мае сэнс падаць апісаньне некаторых асаблівасьцяў расьліны, пра якую вядзем гутарку, паводле народных (дый адмыслова батанічных) назіраньняў:

«Папараці — шматгадовыя травяністыя расьліны. Растуць пераважна ў вільготных цяністых месцах, пад полагам лесу. Калі летам прыўзьняць ліст папараці, на ніжнім баку можна ўбачыць невялікія бугаркі; у іх знаходзяцца кучкі дробных мяшочкаў, у якіх высьпяваюць споры. Разгледзець мяшочкі са спорамі можна толькі пад мікраскопам. Сьпелыя споры выпадаюць, разносяцца ветрам і, трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, прарастаюць. Зь іх разьвіваецца лістападобная зялёная пласьцінка-зарастак. На ніжнім баку зарастка ўтвараюцца мужчынскія гаметы-спэрматазоіды і жаночыя гаметы-яйцаклеткі. Пад зарасткам затрымліваюцца кропелькі расы або дажджу, па якіх спэрматазоіды і падплываюць да яйцаклетак. Адбываецца апладненьне. Разьвіваецца зародак, які паступова ўтварае корань і кароткае сьцябло зь першым лістом. Зь цягам часу і вырастае расьліна, якую мы называем папарацьцю. Так што на самай справе папараць ніколі не зацьвітае».

Зважма на вельмі рамантычную гісторыю апладненьня папараці. Па дажджавой ці расянай кропельцы трэба ж падплыць і зьліцца, каб утварыць зародак. І вось адсюль пачнём нарэшце развагі пра ўласна купальскую чарадзейнасьць і магчымасьць трапіць у прастору шчасьця й волі. Бо тут, у гісторыі квяціны і ў гісторыі Купальля, напоўна выдае сябе прысутнасьць і парываньне да зьлітнасьці мужчынскага й жаночага пачаткаў. Тут раскрываецца адна з найвялікшых таямніцаў уладаваньня сьвету. У мысьленьні традыцыйным злучнасьць жаночага й мужчынскага паслугуе эвалюцыі, дасканаленьню адно ў тым разе, калі абмен энэргіяў — мужчынскай і жаночай — учыняецца адпаведна з пэўнымі ўсяленскімі (так-так, усяленскімі!) законамі. І купальская містэрыя як найпаўней і найярчэй «дэманструе» празь вякі вяршэнства аднаго зь няпісаных касьмічных законаў — закону Еднасьці ў часе гэтай Звышдзеі.

— Якое ж дачыненьне мае да ўсіх тых, намі ня знаных, ня вучаных, сакральных, я сказаў бы, законаў старажытнае паданьне пра кветку, якой насамрэч ніколі не было й ня будзе, раз папараць не цьвіце наогул — з прычыны размнажэньня спорамі? І чаму чалавеку традыцыйнаму, як вы яго азначаеце, прыдумалася (падалося, убачылася) колісь прадаўна, што менавіта купальскай ноччу і менавіта папараць квітнее адно імгненьне, адорваючы таго, хто гэты квет здабудзе, відушчасьцю? Ды яшчэ й багацьці-скарбы незьлічоныя абяцае...

— З гістарычнага гледзішча, з гледзішча відазьмяненьняў жыцьця на плянэце Зямля, папараць некалі даўно, пакуль была дрэвам, магчыма, квітнела. Так, вынайдзеныя гісторыкамі некаторыя занатоўкі раньняга сярэднявечча яшчэ нагадваюць пра тыя дзівосы:

«У дагістарычныя часы на нашай плянэце расьлі бяскрайнія папарацевыя лясы. Толькі цягам доўгай эвалюцыі папараці набылі сучасны выгляд — штогадовай травяністай расьліны даўжынёю 40–120 см. Аднак у народнай сьвядомасьці памяць пра папараць-дрэва захавалася. Беларускае апакрыфічнае паданьне пра Адама і Эву («Дасюк ды Еўка») апавядае, што першая жанчына «ўкусіла ягаду зь дзерава папарацьняга».

Самая ж непасрэдная, наўпростая відна судачыннасьць купальскай цуд-кветкі з касьмічнымі законамі эвалюцыі. Бо ўсе мы паходзім з Чыстага Поля Еднасьці, Адпачатнасьці. Смакуем з дрэва папарацьняга. Зрэшты, лепей працытую некаторыя ведычныя прынцыпы, сфармуляваныя ў сучаснай ужо Індыі, але запачаткаваныя ў той правечны адрэзак зямнога часу, калі й мы калыхаліся ў люльцы індаэўрапейскай культуры, жывячыся зь яе й яе нажыўляючы. Дык вось:

1. Усё няяўнае няспынна і нястомна імкнецца да праявы на зямным пляне, стацца, самавыявіцца ў матэрыяльнай форме.

2. Наша існае Я паходзіць з Чыстай Сьвядомасьці, з Чыстай Патэнцыйнасьці, дзе зьберагаюцца ўсе нашы магчымасьці.

3. Злучнасьць нашага Вышняга Я з Краінай Чыстай Сьвядомасьці ёсьць аб’яднаньнем з Усяленскай сілай, якая дае праяву ўсяму ў Сусьвеце.

4. У Полі Чыстай Сьвядомасьці Я папросту Ёсьць. Я існую. Я — у плыні Адзінства з усімі і ўсім, што было, ёсьць і будзе.

— Вы кажаце пра суладнасьць, пра гармонію. Але чаму тады папараць-кветку сьцерагуць гэтак званыя нячысьцікі, палохаюць і нават зводзяць са сьвету шукальнікаў чароўнай квяціны?

— У Купальлі ж адлюстраваная нястомная барацьба чалавечага эга зь першародным Вышнім Я. Вось дзе карэніцца страх шукальнікаў вядунскай папараць-кветкі — шчасьця — перад пачварамі, што, нібыта, яе сьцерагуць. Уся боязь і жахлівыя гісторыі, зьвязаныя з шуканьнем чар-папараці, насамрэч наўпрост адносяцца да псыхалёгіі. Бо яны спароджаныя людзкім эга. І кветка зацьвітае апоўначы, у гушчары, у цемрадзі, сярод вужак і розных выродлівых сутнасьцяў, роўненька таму, што пошукі яе вымагаюць ад чалавека перамагчы ў сабе эга й абудзіць адначасна Вышняе Я — відушчае й годнаснае. Вышук жа чар-кветкі — папараці, што яднае мужчынскае й жаночае, сымбалічна зацьвітаючы на міг, насамрэч зрэалізоўвае ненатольную прагу шчасьця, волі, пазапаўсядзённасьці.

— Значыць, пошук папараць-кветкі — гэта пошук не рэальнай кветкі, а пошук шчасьця? Значыць, мы кранаемся тэмы зусім не матэрыялістычнай?

— Так, мы ўвесь час балянсуем у нашым роздуме на мяжы — на мяжы рэчаіснасьці, у якой пабытуем, і нейкай іншай, закрытай для адкрыцьця сямю нашымі пачуцьцямі, прасторы. І рэагуе тая тканка Сьвету Тонкага, надрэальнага, хіба на інтуітыўныя празораньні, а ніяк не на лягічныя канструкты. А што ўжо гаварыць пра ўвесь абрадавы каляндар і, асобна, пра Купальле! Уся ж сыстэма стараладных вераньняў і ёсьць неаспрэчна чароўным мэханізмам павяртаньня, перакульваньня ў надрэальнасьць, сягненьня таго Чыстага Поля Патэнцыйнасьці (Сьвядомасьці), скуль усё пайшло й дзе ўсё чуе сябе Еднасьцю, Цалкавітасьцю. З гэтай Еднасьці чалавек заўсёды набіраўся Моцы, Магуты жыць і ствараць. Ключавое слова тут — ствараць. Бо ў філязофіі паяднанасьці Ўсяго з Усім і пазытыўная, і дэструктыўная Сілы Сусьвету паслугуюць адной, стваральнай, мэце. Так, сьвет прыроды дуалістычны, але не варажнеча й кара ў ім канстанты, а разьвіцьцё. Бо вяршэняць паўсюль згадваныя намі касьмічныя законы гармоніі. А праз Купальле мы якраз трапляем быццам у першасны (жыцьцястваральны!) Хаос: усё нібыта рвецца-расколваецца на кусманы, усё замешана, як цеста, на супраціве — сьвятла й цемры, жыцьця й сьмерці, мужчынскага й жаночага пачаткаў. Усё ў намагнічаным стане палярнасьці. Але мэтазгодна раскручваецца, як спружына, да Любові, да ўзнаўленьня ўмельства бачыць не вачыма, чуць не вушамі, а нейкім куды больш тонкім інструмэнтам пазнаньня.

— Ну, добра. Усё знаходзіцца ў распарадзе касьмічных законаў. І Купальле нібы перастварае наноў сьвет. Але ці й папраўдзе гэтае перастварэньне дае чалавеку адчуваньне шчасьця й волі? І як гэта, урэшце, адбываецца, празь якую гэткую супарадкаванасьць любові? Хіба любоў падпадае пад разьмеркаваньне і ўпарадкаваньне? Як з майго гледзішча, якраз-такі яна й выдае на хаос, на дамінаваньне нязладжаных імпульсаў, шуганьне ня здатных да раўнавагі стыхіяў. І ў Купальлі відочна ўсе стыхіі й бунтуюць неадольна...

— Акурат жа наадварот: у купальскую ноч усе стыхіі — вагонь і паветра (мужчынскія), вада й зямля (жаночыя) знаходзяцца ледзь не ў абсалютнай раўнавазе, ствараючы як найспрыяльныя ўмовы для тых жаданых-шуканых-мроеных шчасьця й волі. Але ж дзеля гэтага ўсе чатыры стыхіі адольвалі шлях — праз гадавы рух — да моманту найбольшай магуты. І ў абрадавым календары яны мяняліся ролямі, паўставалі ў дамінанце то адна, то другая. Таму рытуальна ў пэўных сьвятах асноўныя функцыі спаўнялі то мужчыны, то жанчыны.

— І што азначае гэтае чаргаваньне ў выяўленьні мужчынскай-жаночай стыхіяў датычна Купальля?

— Гэта азначае, што ўся прырода, уся ўсяленская арганізаванасьць рыхтуецца да Купальля як да Зьлітнасьці мужчынскага й жаночага пачаткаў у поўнай, найвышшай гармоніі. У шчасьці й волі — трэба разумець. Але сьвет праходзіць перад гэтым моманты зьлітнасьці на іншых энэргетычных роўнях, зь іншай моцай узаемаабмену. Каб неяк ацеміць гэта, зьвернемся да чакральнай сыстэмы энэргетычнага ўладаваньня чалавека й сьвету, жыцьця. Бо згодна з касьмічным законам Еднасьці ўсё жывое разьвіваецца з прынцыпу падабенства: «Як уверсе, так і ўнізе; як унізе, так і ўверсе», «Як усярэдзіне, так і звонку; як звонку, так і ўсярэдзіне». Ну, і ў адваротным кірунку, зразумела. Гэткім чынам, сем асноўных (а іх нашмат больш насамрэч!) энэргетычных цэнтраў — чакраў у чалавечым целе маюць у прыродзе тыя ж сем адпаведнікаў (і наадварот). Дарэчы, чакры ў нас называліся колісь чарамі. Адсюль — чараваць, чараўнік, чарадзейства (надзвычайны стан відушчасьці, празоранасьці). Як разглядаць кожную чару паасобна (і ў нашых целах, і ў прасторы), то першыя шэсьць, як і абрады ў годзе, пакажуць пачарговую дамінанту то мужчынскай, то жаночай энэргіі. А вось каронная, сёмая, — агульная. Чара гармоніі, суладзьдзя. І Купальле якраз-такі — магутная праява гэтай гармоніі. Жаночае й мужчынскае, зьмяняючы дамінантнасьць роляў аддаваньня-прыманьня, дасягнула ў каляндарным вянку апагею — супадзеньня, найвышшага зьліцьця.

— Я не памыляюся ў выснове, што Купальле паўстае гэткай мадэльлю гарманічнага ўладаваньня сьвету, сягненьня стану шчасьця й волі? І ўсяго толькі з прынцыпу правільнага ўзаемаабмену энэргіяў, мужчынскай і жаночай...

— Дакладна так. Купальле дэманструе сьветасуладнасьць, заснаваную на супраціве й прыцягнёнасьці процілегласьцяў, на палярнасьці. Зрэшты, жыцьцё менавіта гэтак і сканструяванае. Таму й паляць у купальскім вогнішчы ўсялякую старызну, сымбалічна адракаючыся ад зношаных, састарэлых эгаістычных стэрэатыпаў, наліплых на сьвядомасьць у дарозе ад сябе ўчорашніх да сябе зыначаных, абноўленых. Таму й лекавыя гаючыя зёлкі зьбіраюць, вяночкі віюць, карагоды водзяць, праз вагонь скачуць, з сонцам замоўна гавораць, вячэраючы супольна на заходзе, таму й хлопцы зь дзяўчатамі ў сымбалічныя бойкі гуляюць (хто каго перадужае сьпевамі-рухамі-танцамі), што ўвесь гэты старавечны комплекс сьвятадзеяў вызваляе, папраўдзе, з будзённай рупнай заскарузласьці залатое зерне любові й свабоды.

— Можна сказаць, што Купальле — гэта кульмінацыя жыцьцёвай драмы, вяршыня яе разьвіцьця? І ці ёсьць у гэтай драме месца сьмерці?

— Так, менавіта кульмінацыя. Менавіта вяршыня. Узыходжаньне на сымбалічную гару Духу, зь якой бачная сапраўднасьць. Невыпадкова ж Купальле ладзяць на ўзгорках, і агнявое кола на сьвітанку пускаюць з гары ў ваду, а самі таксама ўсьлед сыходзяць у ваду, злучаную з вагнём (прыкмецьце: паўтараецца сюжэт сьветастварэньня). Але ў гэты момант адбываецца містычная сьмерць — усё памірае такім, якім было, і зьяўляецца адноўленым. Тое самае назіраем і на вясельлі яе й яго, калі нараджаецца сям’я: трэба памерці (нават галосяць адмыслова перад зьлюбнай ночай), каб распачаць новы круг, новы жыцьцёвы цыкаль. А сонца й праўда коціцца ўніз, дзень карацее, трапляе ў стан паміраньня. Таму й патрэбна вынайсьці цуд-кветку, скарб Любові — перад абліччам старэньня й паміраньня. Каб мудрэць. Асягаць Вышняе Я. Кветка ж папараць азначае прагледзістасьць, здольнасьць пераняць ад прыроды вагонь, што прабівае цемру нашай паснуласьці ў фізычным целе, надае ірдзеньне нашаму Духу. Таму й нельга, завалодаўшы ёю, азірацца. Бо сіла чароўная адымецца, згіне. За шчасьце ж і волю — у купальскай начы і ў плыні свайго жыцьця — трэба несьці адказнасьць.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG