Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкі бровар ініцыюе беларускую дыктоўку


Ілюстрацыйнае фота. Нацыянальная дыктоўка ў Горадні, 2016 год

«Лідзкае піва» запрашае напісаць агульнанацыянальную беларускую дыктоўку. Гэты праект — своеасаблівы падарунак да 950-годзьдзя Менску. Імпрэза адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 24 чэрвеня.

Паводле галоўнага маркетоляга «Лідзкага піва» Натальлі Яфімкінай, ідэя палягае ў тым, каб даць магчымасьць кожнаму беларусу праверыць сваё валоданьне беларускай мовай і падтрымаць імкненьне ўдасканальваць веды:

Натальля Яфімкіна
Натальля Яфімкіна

«На наш погляд, правядзеньне такой дыктоўкі — патрабаваньне часу. З улікам таго, што наша кампанія пераходзіць у камунікацыях на беларускую мову, правядзеньне імпрэзы, асабліва напрыканцы навучальнага году, будзе даволі важнай падзеяй для многіх людзей. І зразумела, што скіраваная яна на папулярызацыю беларускай мовы».

Першы тэкст дыктоўкі, паводле Яфімкінай, прысьвечаны 950-годзьдзю сталіцы Беларусі, таму месцам яе правядзеньня абраны Менск. Удзельнікаў, якія атрымаюць найвышэйшы бал (10), чакаюць прызы:

«Мы зараз працуем над тым, каб у дыктоўцы маглі ўзяць удзел і людзі, якія жывуць у рэгіёнах. Інфармацыя неўзабаве зьявіцца на нашым сайце. Што да прызоў — гэта пакуль сакрэт. Але яны будуць прыемныя, і пераможцы атрымаюць іх па пошце».

Акцыянэрнае таварыства «Лідзкае піва» сёлета цалкам абнавіла свой сайт — ён стаў беларускамоўным: lidskae.by.

Камунікацыю ў інтэрнэце і маркіроўку прадукцыі кампанія пераводзіць на беларускую мову.

Рашэньне беларусізаваць камунікацыю прымалася на падставе найперш таго, што «Лідзкае піва» — кампанія зь беларускімі каранямі, яе гісторыя налічвае 140 гадоў. На прадпрыемстве лічаць, што беларуская мова набірае папулярнасьць, таму цалкам натуральна, каб на ўнутраным рынку кампанія камунікавала па-беларуску.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG