Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепей ШАС, чым ляцець на адным крыле»


Падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане. 9 чэрвеня 2017 году

Ці дае нейкія плюсы і дывідэнды Беларусі ўдзел у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва? Чаму не павялічваецца беларускі экспарт у краіны Азіі? Ці можа Масква быць незадаволеная намерамі афіцыйнага Менску наладжваць «стратэгічнае» супрацоўніцтвам з Кітаем? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе на пасяджэньні Савета кіраўнікоў дзяржаў — чальцоў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане зрабіў акцэнт на пытаньнях бясьпекі і неабходнасьці ўзмацненьня эканамічнага вымярэньня ў дзейнасьці ШАС. Лукашэнка адзначыў, што невялікі прамежак часу, які мінуў з моманту далучэньня Беларусі ў якасьці назіральніка да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, цалкам умацаваў беларускі бок у правільнасьці зробленага выбару. На вашу думку, ці атрымлівае афіцыйны Менск нейкія перавагі ад удзелу ў ШАС?

Фёдараў: Перавага, на мой погляд, выключна маральная ці палітычная — дэманстраваць электарату, што мы на роўных зь вялікімі дзяржавамі ў такой арганізацыі, наш лідэр сустракаецца з сусьветнымі лідэрамі і гэтак далей. Што да больш прагматычных пытаньняў, то тут ня надта відаць нейкія дывідэнды. Беларусь толькі назіральнік, ня мае права голасу — але ўдзельнічае ў пасяджэньнях, выступае. Мне падаецца, гэты аспэкт больш за ўсё і цікавіць беларускае кіраўніцтва.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

У ШАС дамінуюць Расея і Кітай. У нас зь імі і так нібыта шырокія эканамічныя стасункі. Няма ніякіх такіх праблемаў, якія патрабавалі б нейкіх новых кантактаў у рамках не двухбаковых дачыненьняў, а шматбаковай арганізацыі. Што тычыцца асноўных тэмаў ШАС — бясьпекі, сэпаратызму і тэрарызму — то для Беларусі, дзякуй Богу, гэта ня самыя гарачыя тэмы.

Цыганкоў: У свой час Менск павярнуў свае геапалітычныя інтарэсы на Ўсход, бо адносіны з Захадам далёкія ад нармальных, нават нягледзячы на «нармалізацыю» апошніх двух гадоў. Але ці зьяўляецца ШАС хоць у нейкай ступені антызаходняй структурай? Ці Кітай — гэта ня тая краіна, якая будзе ўваходзіць у антызаходнюю структуру?

Класкоўскі: Сапраўды, Кітай, які ўвесь час прагрэсуе ў сэнсе сваёй моцы, не імкнецца дэманстраваць сілу на міжнароднай арэне, а наадварот, дзейнічае вельмі гнутка ў адпаведнасьці з старажытнымі кітайскімі мудрымі пастулатамі. І сапраўды, як гэта ні банальна гучыць, ШАС выступае пэўным фактарам стабілізацыі і бясьпекі ў рэгіёне.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Імкненьне Беларусі інтэгравацца ў гэтую структуру традыцыйна выклікае кпіны і зьедлівасьць з боку многіх камэнтатараў, пачынаючы ад чыньніка геаграфічнага. Сапраўды, усе астатнія ўдзельнікі ШАС — гэта краіны азіяцкія, ці як Расея, пераважна азіяцкія. І толькі Беларусь, якая ў цэнтры Эўропы, як жаба на корч, столькі гадоў мкнулася, каб там атрымаць статус назіральніка.

Я ўсё ж такі ня схільны цалкам падзяляць такую скептычную пазыцыю. Гэта так ці іначай беларуская дыпляматыя спрабуе напоўніць нейкім рэалізмам лёзунг шматвэктарнасьці. Хай сабе і невялікія дывідэнды, але гэта лепей, чым ляцець зусім «на адным крыле». Гэтая «тусоўка» кіраўнікоў мае пэўную карысьць. Лукашэнка перакінуўся словам-другім і з пакістанскім, індыйскім, іранскімі прадстаўнікамі — можа, пашанцуе нешта прадаць.

Цыганкоў: У свой час Беларусь вельмі актыўна ўдзельнічала ў Руху недалучэньня, але цяпер пра яго ў Менску мала што кажуць. Відаць, сышлі ўсе патэнцыйныя дывідэнды. Можа такі лёс чакае і ўдзел Беларусі ў ШАС?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Класкоўскі: Усё ж такі Рух недалучэньня — гэта вельмі вялікая, аморфная і стракатая структура. Там застаецца шмат слабаразьвітых краінаў. А ШАС — структура болей кампактная. Тут відавочныя лідэры — Расея і Кітай. Відавочная і завязанасьць на пэўныя эканамічныя праекты — той самы «Адзін пояс — адзін шлях».

Іншая рэч, што (тут я згодны з Андрэем Фёдаравым) Беларусі асноўныя праблемы давядзецца вырашаць у двухбаковым фармаце. У пляне эканамічным, натуральна, пытаньне ў канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі. Калі ў нас з Кітаем велізарнае адмоўнае сальда, і акрамя калію, няма чаго і прапанаваць, то ў гэтым сэнсе цудаў і прарываў ніякіх ня будзе. Хоць ты кожны тыдзень езьдзі на такія канфэрэнцыі.

Цыганкоў: Ня так даўно перад беларускай замежнай эканамічнай палітыкай была пастаўленая задача, каб беларускі экспарт быў падзелены на тры роўныя часткі — Расея, Эўразьвяз і іншы сьвет. Наколькі выконваецца гэтае распараджэньне?

Фёдараў: Вялікіх зрухаў тут не назіраецца. На першым месцы застаецца Расея. Гандаль з Эўразьвязам мае такую спэцыфіку, што гэта пераважна нафтапрадукты з той самай расейскай нафты. Калі браць «далёкую дугу» то гэта 15-20 працэнтаў, на траціну ніяк ня выйдзем. Там усё вельмі актыўна хістаецца ад году ў год — гандаль з нейкай краінай можа за год узьляцець з нуля да ста мільёнаў, а потым зноў зваліцца.

Зразумела, чаму на «трэці сьвет» мы ніяк ня можам выйсьці на траціну экспарту. Там альбо багатыя краіны, як на Блізкім Усходзе, у іх ёсьць выбар, і яны выбіраюць няхай даражэйшыя, але якасныя тавары. Альбо, зь іншага боку, бедныя краіны, у якіх няма грошай нават на беларускую тэхніку.

Так што справа ня ў тым, што кепска працуе МЗС, — я думаю, яны робяць, што могуць. Рэч у тым, што канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі не зусім адпавядае патрабаваньням пакупнікоў.

Цыганкоў: Афіцыйны Менск абвяшчае, што Кітай зьяўляецца стратэгічным геапалітычным партнэрам Беларусі. І варта задацца пытаньнем, ці ня можа такая пераарыентацыя на Кітай выклікаць нездавальненьне і рэўнасьць Масквы.

Класкоўскі: Пэўныя праявы рэўнасьці ёсьць, асабліва што тычыцца вайскова-тэхнічнай супрацы паміж Беларусьсю і Кітаем. Яскравы сьвежы прыклад — стварэньне пры дапамозе кітайцаў сыстэмы залпавага агню «Палянэз». Масква можа бурчэць, але ж Лукашэнка неаднойчы наракаў, што Крэмль ня надта сьпяшаецца даваць новыя ўзбраеньні.

Калі ў Расеі пабачаць, што нейкія моманты эканамічнай канкурэнцыі будуць узьнікаць — яны проста будуць ставіць бар’еры. Калі ў Беларусі ствараецца завод па вырабе легкавікоў разам з Кітаем, дык расейскі амбасадар Сурыкаў ужо празрыста намякнуў, што дарогі на расейскі рынак гэтым легкавікам ня будзе.

І калі паглядзець лічбы зьнешняга гандлю за першыя 34 месяцы гэтага году — то доля Расеі ў беларускім замежным гандлі толькі расьце. Як ні імкніся, але нерэфармаваная эканоміка як ланцуг зь ядром на назе, цяжкі камень на шыі, які ўсё адно захоўвае прывязку Беларусі да Расеі.

Фёдараў: Пэўная рэўнасьць Расеі можа зьявіцца ў тым выпадку, калі двухбаковыя адносіны Беларусі з Кітаем выйдуць на нейкі новы ўзровень, чаго пакуль што чакаць не выпадае. Што тычыцца ШАС, то тут ніякай рэўнасьці з боку Крамля быць не павінна, бо Беларусь там усяго толькі назіральнік, ніякага ўдзелу ў прыняцьці рашэньняў не прымае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG