Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўнар-Запольскі Мітрафан. Нарадзіўся 14.06.1867 г. у г. Рэчыца Менскай губ. (цяпер раённы цэнтар Гомельскай вобл.). Памёр 30.09.1934 г. у Маскве. Прах пахаваны ў калюмбарыі Данскіх могілак.

Перад тым, як у 1919 г. А. Луцкевіч паехаў у Парыж на мірную канфэрэнцыю, у Горадне на беларускай, нямецкай, расейскай і францускай мовах была выдадзеная адмыслова напісаная брашура «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі». Да брашуры дадавалася складзеная на аснове гістарычнага і лінгвістычнага прынцыпаў мапа Беларусі. Пазьней гэтая брашура была перавыдадзена двойчы — у Вільні (1919) і ў Менску (1994), а Дзяржаўная бібліятэка БССР у 1976 г. зрабіла зь яе мікрафільмы на беларускай і расейскай мовах. У гэтай працы аўтар — прафэсар, доктар гісторыі Мітрафан Доўнар-Запольскі — паўтараў для Эўропы і Злучаных Штатаў тыя высновы, да якіх ён прыйшоў яшчэ ў 1890–1891 гг., калі напісаў «Нарысы па гісторыі Беларусі» і «Нарыс гісторыі Крывіцкай і Дрыгавіцкай земляў да канца ХІІ стагодзьдзя».

Сваімі высновамі ўвесну 1918-га прафэсар у якасьці кансультанта дзяліўся зь сябрамі дэлегацыі Народнага Сакратарыяту БНР у справах замежных перамоваў, якая прыехала ў Кіеў. Ён, у прыватнасьці, выступаў за гістарычную мяжу паміж Беларусьсю і Ўкраінай (без уключэньня ў склад апошняй Берасьцейшчыны, Піншчыны, Мазыршчыны ды Гомельшчыны).

Можна сказаць, што ў брашуры «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі» ўтрымліваўся і канспэкт будучай ягонай манаграфіі «Гісторыя Беларусі», якая першы раз па-беларуску выйшла праз 60 год пасьля сьмерці аўтара — у 1994 г., а потым тры разы выдавалася па-расейску.

Так здарылася, што бацька беларускай гістарыяграфіі, сябар камісіі ўраду БНР па арганізацыі Беларускага ўнівэрсытэту змог прыехаць працаваць у Беларусь толькі ў 1925 г. Але ў БССР, у БДУ ён не пратрымаўся і год. Бюро ЦК КП(б)Б прадпісала Доўнар-Запольскаму да 1 чэрвеня 1926 г. «выехаць за межы БССР», а наркаму асьветы А. Баліцкаму было даручана закупіць ягоную бібліятэку, якая, адзначым, стала асновай бібліятэкі БАН.

Прычынай выгнаньня стала якраз «Гісторыя Беларусі», дакладней — яе рукапіс, які быў расцэнены як навуковае абгрунтаваньне беларускага нацыянал-дэмакратызму. А да таго ж прафэсару не маглі забыць яго супрацу з урадам БНР.

Гісторык выехаў у Маскву. Выкладаў у сельскагаспадарчай акадэміі і інстытуце народнай гаспадаркі (цяпер Расейскі эканамічны ўнівэрсытэт імя Пляханава). У 1929 г. у сувязі з 45-годзьдзем навуковай дзейнасьці Доўнар-Запольскага ў маскоўскім навуковым асяродзьдзі ўзьнікла думка пра абраньне яго правадзейным членам АН СССР. Бальшавікі БССР успрынялі гэтую вестку варожа. Кіраўніцтва КП(б)Б вырашыла паведаміць свайму начальству ў Маскве, што яно «катэгарычна супраць» вылучэньня кандыдатуры Доўнар-Запольскага ў акадэмікі.

Цяпер Доўнар-Запольскі — рэкардсмэн сярод гісторыкаў Беларусі паводле колькасьці перавыдадзеных, мікрафільмаваных і аблічбаваных кніг, а тое, што ён абгрунтоўваў права Беларусі на дзяржаўнасьць, ставіцца яму ў заслугу. На радзіме вучонага праводзяцца Доўнараўскія навуковыя чытаньні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG