Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым памылілася Тэрэза Мэй? Чаму кансэрватары часткова страцілі падтрымку выбарнікаў? Як выбары ў Брытаніі паўплываюць на перамовы аб Брэкзыце? Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Віталь Цыганкоў: У Вялікай Брытаніі 8 чэрвеня прайшлі датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх вынікаў, перамагаюць кансэрватары, якія, аднак, губляюць абсалютную большасьць. Кансэрватары атрымалі 314 парлямэнцкіх мандатаў, лейбарысты — 266. Шатляндзкая нацыянальная партыя атрымала 34 мандаты, лібэральныя дэмакраты — 14. У палаце грамадаў 650 месцаў — так што для большасьці трэба 326 галасоў.

Дзейны прэм’ер, лідэр кансэрватараў Тэрэза Мэй абвясьціла пра датэрміновыя выбары 18 красавіка, сьцьвярджаючы, што ёй патрэбны мацнейшы мандат для перамоваў пра Brexit.

У часе кампаніі кансэрватары выступалі за жорсткую лінію на перамовах з Брусэлем. Лейбарысты на чале з Джэрэмі Корбінам казалі, што будуць дамагацца захаваньня зоны свабоднага гандлю з ЭЗ. Шатляндзкая нацыянальная партыя выступала за паўторны рэфэрэндум аб незалежнасьці Шатляндыі. І няўдача гэтай партыі (а яны атрымалі таксама менш галасоў, чым мелі раней) — знак таго, што такі рэфэрэндум можа быць адсунуты на няпэўны час.

Безумоўна, кансэрватары разьлічвалі на лепшы вынік. Датэрміновыя выбары яны абвясьцілі дзеля таго, каб узмацніць свае пазыцыі. У выніку ж выбараў яны іх, наадварот, аслабілі. Таму аналітыкі кажуць пра піраву перамогу Тэрэзы Мэй, нават пра яе правал. Калі Мэй у красавіку абвяшчала новыя выбары, кансэрватары мелі, паводле сацыялягічных апытаньняў, нашмат большую перавагу І падчас выбарчай кампаніі яны яе страцілі.

Чаму гэта адбылося? Былі некаторыя няўдалыя крокі кансэрватараў, напрыклад, гісторыя вакол мэдычнага страхаваньня старых. Лейбарысты здолелі стварыць сваім супернікам імідж «партыі бессардэчных», якія настойваюць на далейшым абразаньні сацыяльных выдаткаў. Таксама, відавочна, на вынік выбараў паўплывалі і тэрарыстычныя акты, учыненыя радыкальнымі ісламістамі ў Манчэстэры 22 траўня і ў Лёндане 3 чэрвеня.

У выніку Брытанія атрымала падвешаны ўрад, пэрыяд пэўнай палітычнай нестабільнасьці. Гэта ня тое, чаго дамагаліся кансэрватары.

Прыхільнасьці электарату вагаюцца, і нярэдка выбаршчык думае пра пэўную палітычную раўнавагу. Нярэдка бывае, што пасьля перамогі нейкай партыі, напрыклад, на прэзыдэнцкіх выбарах, — на наступных парлямэнцкіх праз год электарат галасуе за яе канкурэнтаў. Магчыма, такі самы эфэкт спрацаваў і на брытанскіх парлямэнцкіх выбарах.

Валер Карбалевіч: «Па-першае, вынікі выбараў сьведчаць пра тое, што кіроўная партыя кансэрватараў зноў памылілася. Спачатку былы лідэр кансэрватараў і прэм’ер Кэмэран абвясьціў рэфэрэндум аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ і спадзяваўся яго выйграць, а ў выніку прайграў і быў вымушаны сысьці ў адстаўку.

Цяперашні прэм’ер і лідэр кансэрватараў Тэрэза Мэй абвясьціла датэрміновыя выбары, спадзеючыся на выйгрыш. У выніку кансэрватары страцілі шмат дэпутацкіх мандатаў, і каб утрымацца ва ўладзе, ім, гледзячы па ўсім, давядзецца ладзіць кааліцыю зь нейкай іншай партыяй.

То бок палітыкі перасталі адчуваць грамадзтва. І гэта новая праблема для заходніх краін.

Цалкам верагодна, што на давер да кансэрватараў моцна паўплывалі апошнія тэракты. Прычым паўплывалі адмоўна.

Брытаніі трэба весьці складаныя перамовы з ЭЗ пра ўмовы выхаду краіны з Эўразьвязу. І няпэўнасьць з новым урадам зацягне гэтыя перамовы.

Уладзімер Глод: Выбары ў Брытаніі адбыліся ў будзённы дзень. У чацьвер, не ў нядзелю альбо ў суботу, як гэта робіцца ў бальшыні краін. Магчыма, ня ўся наша аўдыторыя ведае, што ангельскія выбары заўжды праходзяць толькі ў адзін дзень тыдня — менавіта ў чацьвер. Гэта брытанская традыцыя. Яна бярэ пачатак з таго часу, калі заробак у краіне выплачваўся раз на тыдзень — па пятніцах. Дык вось, баючыся, што пасьля атрыманьня грошай выбарнікі могуць пайсьці па пабах, а затым альбо зусім не пайсьці галасаваць, альбо з пахмельля прагаласаваць неяк ня так, як яны зьбіраліся, і ўвялі такую традыцыю.

Што тычыцца вынікаў учорашніх выбараў. Я паглядзеў, што пішуць пра іх аналітыкі ў Лёндане. Яны называюць тры галоўныя прычыны няўдачы кансэрватараў.

Першая — лейбарысты ўдала скарысталіся тэрактамі радыкальных ісламістаў у Лёндане і Манчэстэры. Удала, калі можна так казаць пра тэракты. У тым сэнсе, што лідэр кансэрватараў і прэм’ер Тэрэза Мэй у мінулым была міністрам унутраных спраў. Менавіта яна на 20 тысяч чалавек скараціла колькасьць паліцыі.

Другая прычына, пра якую казаў Віталь Цыганкоў, — гэта стаўленьне кансэрватараў да сацыяльных патрэбаў грамадзтва. Сацыяльная праграма кансэрватараў, якая зьявілася за пару-тройку дзён да выбараў, напалохала выбарнікаў. На іх думку, там вельмі мала ўвагі аддаецца небагатай частцы насельніцтва.

Трэцяя прычына — стаўленьне да Брэкзыту. На мой погляд, яна самая галоўная. То бок гэтыя выбары павінны былі даць адказ на пытаньне, які сцэнар выхаду Брытаніі з Эўразьвязу будзе ўжыты на практыцы. Тэрэза Мэй — прыхільніца жорсткага варыянту, пры якім Лёндан абвяшчае выхад з адзінага рынку, мытнага саюзу і з-пад юрысдыкцыі Эўрапейскага суду. Акрамя таго, гэты варыянт прадугледжвае прыпыненьне свабоднай міграцыі паміж Вялікай Брытаніяй і краінамі Эўрапейскага Зьвязу.

Яе апанэнт — лідэр Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбін — мяркуе, што нельга разрываць усе эканамічныя і сацыяльна-палітычныя сувязі з Эўразьвязам, таму прапаноўваў мяккі варыянт «разводу з Эўропай». Уласна кажучы, — і пра гэта пішуць ангельскія аналітыкі, — датэрміновыя выбары сталі своеасаблівым рэфэрэндумам па пытаньні, які сцэнар Brexit брытанцы маюць за лепшы.

Абвяшчаючы датэрміновыя выбары, Мэй імкнулася забясьпечыць адзінства ва ўрадзе ва ўмовах Brexit. Працэдура прымяненьня 50-га артыкула Лісабонскай дамовы, якая прадугледжвае выхад з Эўразьвязу, была распачатая яшчэ 29 сакавіка, аднак поўнага адзінства сярод брытанскіх міністраў па ёй не было. Не выключаю, што зараз, калі кансэрватары церпяць няўдачу, Brexit можа быць прыпынены. Застаецца пачакаць літаральна некалькі дзён. Бо першае пасяджэньне новага парлямэнту прызначанае на 13 чэрвеня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG