Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гібрыдны стан эканомікі нараджае шэрыя зоны, дзе квітнее карупцыя»


Што стаіць за карупцыйнай справаю міністра прыродных рэсурсаў Андрэя Каўхуты? Што спрыяе карупцыі ў Беларусі? Як беларускае грамадзтва ўспрымае карупцыю? Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Уладзімер Глод: Карупцыі ў Беларусі абвясьціў бязьлітасную вайну Аляксандар Лукашэнка. Абвясьціў яшчэ ў 1994 годзе, калі ў краіне праходзілі першыя прэзыдэнцкія выбары. Фактычна і прэзыдэнтам Лукашэнка стаў таму, што першым узьняў сьцяг барацьбы з карупцыяй. Менавіта ён выступіў у Вярхоўным Савеце са знакамітым антыкарупцыйным дакладам. Праўда, над фактамі з гэтага выступу сёньня ўсе сьмяяліся б. Бо што значыць тагачасная скрынка цьвікоў параўнальна зь мільёнамі даляраў, якія крадуцца цяпер.

Здаецца, за 20 з гакам гадоў галоўны цьвік перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі павінен быў быць даўно забіты ў труну карупцыі. Аднак карупцыйныя скандалы ў краіне бясконца працягваюцца. Таму гэтая тэма не зьнікае і з нашага абмеркаваньня.

Чарговы ўдзельнік карупцыйнага скандалу — міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Каўхута. У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі: міністар адхілены ад працы. Супраць яго і шэрагу іншых чыноўнікаў заведзеная справа за службовы падлог.

Сілавікі пачалі падбірацца да Каўхуты яшчэ вясною. У сярэдзіне сакавіка зьявілася інфармацыя пра тое, што КДБ і КДК западозрылі чыноўнікаў міністэрства, а таксама работнікаў «Навукова-вытворчага цэнтру геалёгіі» ў зрыве дзяржпраграмы. Тады ж паведамлялася, што гаворка ідзе пра шкоду дзяржаве на суму 600 тысяч даляраў, якія дзяржаўная ўстанова нібыта пераплаціла буравым кампаніям за выведныя працы, якія не былі даведзеныя да завяршэньня. Падазраванымі прызналі чатырох кіраўнікоў НПЦ і яго філіяў, а таксама высокапастаўленага чыноўніка зь Мінпрыроды. І вось чарга дайшла да міністра.

Тут праглядаюцца пэўныя сувязі, бо да 2015 году Каўхута быў генэральным дырэктарам НПЦ геалёгіі, да таго — дырэктарам Беларускага геолягавыведнага інстытуту і дырэктарам Беларускага дзяржаўнага геалягічнага цэнтру. У 2004–2010 гадах займаў пасаду намесьніка дырэктара дэпартамэнту геалёгіі пры Міністэрстве прыроды. Магчыма, гэтыя факты і выклікалі падазрэньне правяраючых, калі іхнай задачай было знайсьці сувязь паміж чыноўнікамі міністэрства і супрацоўнікамі цэнтру.

Казаць, што Каўхута стаў ахвярай нейкіх палітычных гульняў, нібыта не выпадае. Цягам свайго кар’ернага шляху ён паводзіў сябе даволі ціха, можна сьмела казаць, што быў адным з самых непрыкметных міністраў ва ўсім урадзе.

Яшчэ 26 траўня, за два тыдні да скандалу, у інтэрвію газэце «Звязда» міністар казаў пра пляны міністэрства, што асаблівую ўвагу варта аддаваць нарошчваньню экспарту геалягічных паслуг:

«Асаблівыя дамоўленасьці, якія датычацца працы нашых спэцыялістаў, існуюць з Расейскай Фэдэрацыяй. Таксама наш досьвед цікавы Судану і Эгіпту, якія я нядаўна наведваў і дзе абмяркоўваліся пытаньні пошуку ня толькі вуглевадародаў, але і іншых відаў карысных выкапняў».

Адхілены за службовы падлог міністар значыўся сярод кіраўнікоў беларускай дэлегацыі на сёмай сэсіі Канвэнцыі аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце (скарочана Канвэнцыя Эспо), якая адбудзецца ў Менску 13–16 чэрвеня з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных структур і грамадзкіх арганізацый з 45 краін сьвету.

Вось такія, калегі, факты. І тут немагчыма не паставіць пытаньне: чаму карупцыйныя злачынствы ў краіне не спыняюцца? Наадварот, з году ў год іх колькасьць не зьмяншаецца, а павялічваецца. І ці не азначае гэта, што замест сапраўднай барацьбы з карупцыяй мы бачым толькі яе імітацыю?

Валер Карбалевіч: Адказваючы на пытаньне, чаму карупцыя існуе ў вялікіх памерах, хоць, здаецца, зь ёй вядзецца бязьлітасная барацьба, варта зазначыць, што ў Беларусі для карупцыі створаныя вельмі спрыяльныя ўмовы.

Карупцыя — сусьветная праблема. І сродкі барацьбы зь ёй даўно выпрацаваныя ў сьвеце, яны вядомыя. Найперш гэта зьмяншэньне ролі дзяржавы, то бок чыноўнікаў, у эканамічным і грамадзкім жыцьці. Бо калі чыноўнік атрымлівае права нешта вырашаць, дазваляць ці забараняць, то гэта добрая падстава для карупцыі, хабару. У Беларусі ж роля чынавенства вялікая. Больш за тое, у Беларусі вялізны дзяржаўны сэктар эканомікі, які існуе за кошт бюджэту. А там, дзе можна ў вялікіх маштабах „пілаваць“ бюджэт, як у гэтай карупцыйнай справе, якую мы абмяркоўваем, там заўсёды будзе карупцыя.

Акрамя таго, дзеля мінімізацыі карупцыі патрэбен кантроль грамадзтва над дзяржаўнымі органамі, празрыстасьць і адкрытасьць у працы дзяржаўнага апарату, моцная сыстэмная апазыцыя, якая кантралюе кожны крок партыі ўлады і ловіць яе на памылках ці непрыстойных учынках, роля мэдыяў як чацьвёртай улады. Ці варта казаць, што ў Беларусі нічога гэтага няма. Таму і прыходжу да высновы, што ў Беларусі для карупцыі створаныя вельмі спрыяльныя ўмовы, якія ўзнаўляюць карупцыю зноў і зноў. І дзеля яе зьмяншэньня трэба мяняць гэтыя ўмовы.

Віталь Цыганкоў: Варта адзначыць агульнае стаўленьне беларускага грамадзтва да карупцыі. Многія грамадзяне ўспрымаюць карупцыю, асабліва побытавую (у сыстэме аховы здароўя, адукацыі, напрыклад) як нешта прымальнае і звычайнае. Як нейкую частку жыцьця, якой немагчыма пазьбегнуць.

Усё гэта стварае атмасфэру і для больш грунтоўнай, чыноўніцкай карупцыі, бо няма атмасфэры яе непрыманьня ў грамадзтве. Беларускія чыноўнікі вырашаюць надта шмат пытаньняў, маюць надта шмат паўнамоцтваў і ўлады. Дзяржава прысутнічае ў тых сфэрах жыцьця, дзе яна не прысутнічае ў іншых краінах.

Цікава, што часьцей за ўсё факты карупцыі былі заўважаныя пры атрыманьні дзяржаўных замоваў, пры правядзеньні тэндэраў, атрыманьні дазволаў ад мясцовых уладаў. Гэта, паводле некаторых дасьледаваньняў, самыя карупцыйныя сфэры ў Беларусі.

Я б нават сьцьвярджаў, што на вышэйшым узроўні ідзе барацьба з карупцыяй. Але ручное кіраваньне эканомікай прыводзіць да празьмерных паўнамоцтваў чыноўнікаў. Да таго ж цяперашні гібрыдны стан беларускай эканомікі (якая і ня плянавая, і ня рынкавая) якраз і нараджае такія шэрыя зоны, дзе квітнее карупцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG