Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На нарадзе бакоў Канвэнцыі Эспо Менск паспрабуе пераканаць партнэраў у бясьпецы АЭС


Фота ©Shutterstock

13–16 чэрвеня Менск будзе прымаць буйны экалягічны форум — нараду бакоў Канвэнцыі Эспо. Гатовасьць узяць удзел у мерапрыемстве пацьвердзілі 200 дэлегацый з 45 краін, якія ратыфікавалі пагадненьне.

Пра гэта расказала першая намесьніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна:

«Беларусь прыме сёмую сэсію нарады бакоў Канвэнцыі аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце і трэцюю сэсію пратаколу па стратэгічнай і экалягічнай ацэнцы. На сэгмэнце высокага ўзроўню чакаем кіраўнікоў дэлегацый, уключна зь міністрамі прыродаахоўных і іншых ведамстваў, высокапастаўленымі службоўцамі міжнародных арганізацый і фінансавых інстытутаў. На нарадзе плянуецца да разгляду 15 важных дакумэнтаў, у тым ліку праект Менскай дэклярацыі. Мы спадзяемся, што прыняцьцё і рэалізацыя яе палажэньняў будзе спрыяць дасягненьню мэтаў у галіне ўстойлівага разьвіцьця да 2030 году».

Міжнароднае пагадненьне, ініцыяванае Эўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН, было падпісанае ў 1991 годзе ў фінскім Эспо і набыло моц у 1997-м. Канвэнцыя Эспо прадугледжвае, што працэдура ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе патэнцыйна небясьпечных праектаў павінна праводзіцца ня толькі ўнутры дзяржавы, але і на сумежных тэрыторыях, якія рызыкуюць трапіць пад наступствы дзейнасьці такіх аб’ектаў. Згодна з дакумэнтам, усе захады павінны адбывацца на раньніх стадыях плянаваньня.

Гэта акурат тое, што сёньня хвалюе беларускіх суседзяў у зьвязку з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы на мяжы з Эўразьвязам. Літва неаднойчы выказвала незадаволенасьць праектам, які рэалізуецца ў шчыльным кантакце з Расеяй.

Ці будуць гэтыя рознагалосьсі абмяркоўвацца падчас сустрэчы ў Менску?

Прадстаўніца ведамства прызнала, што ёсьць несупадзеньне пазыцый, і запэўніла, што Беларусь робіць усё, каб даказаць: Астравецкая АЭС — праект цалкам бясьпечны:

«Сапраўды, пытаньне трансгранічнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы застаецца ў зоне ўвагі Камітэту па выкананьні Канвэнцыі Эспо. Таму адным з пытаньняў, якое сярод іншых будзе разглядацца ў Менску, стане сытуацыя ў зьвязку з будаўніцтвам Беларускай АЭС. З улікам таго, што ў дадзены момант непасрэдна двухбаковы перамоўны працэс знаходзіцца ў статычным стане — пакуль што ў асноўным вядзецца ліставаньне паміж ведамствамі — мы не чакаем нейкіх непрыемных сюрпрызаў у рамках правядзеньня нашага мерапрыемства».

Між тым як мінімум адзін сюрпрыз здарыўся яшчэ да пачатку форуму. Міністар прыродаахоўнага ведамства Андрэй Каўхута значыўся сярод кіраўнікоў беларускай дэлегацыі, але сёньня ў Сьледчым камітэце пацьвердзілі, што ён адхілены за службовы падлог і на яго заведзеная крымінальная справа.

«Гэта ніякім чынам не паўплывае на падрыхтоўку да нарады бакоў, — запэўніла ў камэнтары для Свабоды Ія Малкіна. — Міністэрства працуе ў штатным рэжыме. Усе пытаньні, якія тычацца падрыхтоўкі беларускай дэлегацыі, на сёньняшні дзень цалкам узгодненыя. Таму я ня думаю, што варта асьцерагацца нейкіх наступстваў».

Канвэнцыя Эспо вызначае наступныя патрабаваньні для краін, якія ратыфікавалі сумеснае пагадненьне:

  • Каб грамадзкасьць магла прымаць удзел у працэдурах ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.
  • Каб забясьпечваўся доступ грамадзкасьці да інфармацыі (дакумэнтацыі) аб плянаваных відах дзейнасьці.
  • Каб грамадзкасьць магла камэнтаваць прапанаваныя віды дзейнасьці.

Пералік відаў дзейнасьці, якія могуць аказваць шкоднае трансгранічнае ўзьдзеяньне, канкрэтызаваны дадаткам I да Канвэнцыі. Да іх, у прыватнасьці, адносяцца нафтаачышчальныя заводы, нафта- і газаправоды з трубамі вялікага дыямэтру, ЦЭЦ і іншыя ўстаноўкі для спальваньня цеплавой магутнасьцю 300 мэгават і больш, АЭС і іншыя збудаваньні зь ядзернымі рэактарамі, устаноўкі для вырабу або ўзбагачэньня ядзернага паліва, рэгенэрацыі адпрацаванага ядзернага паліва, зьбіраньня, выдаленьня і перапрацоўкі радыеактыўных адыходаў, хімічныя камбінаты, буйныя плаціны і г.д.

Канвэнцыя ўтрымлівае абавязаньні бакоў у справе інфармаваньня сумежных дзяржаваў пра заплянаваныя праекты і магчымае іх узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе. Дзеля ўрэгуляваньня магчымых спрэчак можа быць задзейнічаны арбітражны суд, рашэньні якога абавязковыя для ўсіх падпісантаў.

XS
SM
MD
LG