Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кнігу Купалы «А хто там ідзе?» пусьцілі пад нож


Вячаслаў Рагойша ў створаным ім Музэі Ўладзімера Караткевіча ў Ракаве. 2017 год

Кнігі маюць свой лёс, часам, як і ў людзей, — драматычны. Гэткі лёс напаткаў анталёгію аднаго верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», якую ўклаў прафэсар Вячаслаў Рагойша — госьць перадачы.

— Вячаслаў Пятровіч, «А хто там ідзе?» — адзіная анталёгія такога роду ў гісторыі беларускай літаратуры. А як увогуле зьявілася ідэя выдаць такую кнігу — адзін верш на 82 мовах?

Мяне, праўда, зьдзівіла, чаму «Заповіт» пачынаўся з расейскага перакладу, я падумаў, што тут нейкая тэхнічная памылка.

— Украіна дапамагла. Аднойчы я, будучы ў Львове, убачыў кніжку Тараса Шаўчэнкі «Заповіт» прыкладна на 40 мовах. І мне падумалася, а чаму наш Янка Купала ня можа загаварыць на тых жа сарака мовах? З гэтага і пачалося. Мяне, праўда, зьдзівіла, чаму «Заповіт» пачынаўся з расейскага перакладу, я падумаў, што тут нейкая тэхнічная памылка. Пачаў я зьбіраць пераклады верша «А хто там ідзе?» і неўзабаве меў іх каля дваццаці. Набліжалася 90-годзьдзе з дня нараджэньня Купалы, і я зьвярнуўся ў Дзяржаўны камітэт па друку з прапановай выданьня такой кнігі. Неўзабаве мне патэлефанаваў памочнік старшыні камітэту і сказаў, што мая ідэя цікавая, яе разгледзелі. Але — ці ня мог бы я замест «А хто там ідзе?» ўзяць другі верш, пажадана савецкага часу? Я адказаў, што падумаю, а сам працягваў шукаць новыя пераклады таго самага твору. У той час мяне прынялі ў Саюз пісьменьнікаў, я абараніў дысэртацыю па творчасьці Максіма Танка, пасябраваў з супрацоўнікамі Музэю Янкі Купалы. Думаю, трэба выкарыстаць магчымасьці старшыні саюзу Танка, які ўхваліў маю задуму і напісаў адпаведны ліст. Ужо зьмяніўся старшыня Камітэту па друку, набліжалася стагодзьдзе Купалы...

Па лініі Саюзу пісьменьнікаў мяне абралі старшынёй сэкцыі перакладу і ўключылі ва Ўсесаюзную раду па мастацкім перакладзе пры Саюзе пісьменьнікаў СССР у Маскве. Мы там даволі часта зьбіраліся на розныя нарады. Я падрыхтаваў арыгінал, падрадкоўнікі і пераклады «А хто там ідзе?» на асноўныя мовы сьвету (тады ўжо верш існаваў па-ангельску, па кітайску, па-расейску) і на такіх нарадах падыходзіў да перакладчыкаў з розных краінаў і ўручаў ім набор тэкстаў з просьбай ня проста перакласьці, але і надрукаваць у сябе. Для чаго? Па-першае, калі пераклад надрукаваны, гэта ўжо факт сувязяў, напрыклад, беларуска-індыйскіх ці беларуска-пакістанскіх. Па-другое, часам, алфавіт народаў усходу ў нас нават і набраць немагчыма было, а з надрукаванага тэксту можна зрабіць фотакопіі.

Вокладка анталёгіі перакладаў «А хто там ідзе?»
Вокладка анталёгіі перакладаў «А хто там ідзе?»

— На стагодзьдзе лягічна было б зрабіць і сто перакладаў. Чаму вы спыніліся на лічбе 82?

Кніга рабілася як падарункавае выданьне альбомнага фармату, заказалі нават спэцыяльную паперу ў Літве.

— Можна было арганізаваць хоць дзьвесьце тых перакладаў — даваць верш абы каму, каб толькі пераклалі на сваю мову. Але мне хацелася, каб гэты знакавы твор Купалы перастварылі найлепшыя паэты-перакладчыкі, якія б годна глядзеліся ў адным шэрагу з Максімам Горкім, Максімам Рыльскім, Луі Арагонам, Дэсанкай Максімавіч. І таму, напрыклад, за Расулам Гамзатавым я «паляваў» гады два і ўсё ж дамогся свайго. Назьбіраў 81 пераклад, Дзяржкамдрук нарэшце даў дазвол. Кніга рабілася як падарункавае выданьне альбомнага фармату, заказалі нават спэцыяльную паперу ў Літве. Для кнігі мы зь пляменьніцай Купалы Ядзьвігай Юльянаўнай Раманоўскай сабралі больш за 30 фотапартрэтаў паэта і далі іх ў храналягічнай пасьлядоўнасьці. 1911 год — малады Купала, 1916-ты — Купала ў вайсковай форме, 1930-ты — Купала сумны, знэрваваны (яго тады цягалі на допыты)... Мастак Міхаіл Савіцкі тады якраз закончыў працу над сваёй Купалаўскай сэрыяй і дазволіў даць рэпрадукцыі ў кнізе. Нарэшце яе запусьцілі ў друк і да юбілею выдалі частку накладу — некалькі соцень ці тысячу.

Пераклад Макіма Горкага на «непрэстыжным» месцы пасьля румынскага
Пераклад Макіма Горкага на «непрэстыжным» месцы пасьля румынскага

— А які наклад быў заплянаваны?

«Які алфавіт — тут палітыка!» І друкаваньне кнігі прыпынілі, а надрукаваны наклад пусьцілі пад нож.

— Дзесяць тысячаў. І пераклады там ішлі ў алфавітным парадку. Юбілейная вечарына праходзіла ў Опэрным тэатры, дзяржаўны аргкамітэт узначальвала віцэ-прэм’ер БССР Ніна Сьняжкова. Мне як укладальніку кнігі далі запрашальнік, але не ў партэр, а недзе на бальконе. Сяджу я, гляджу на ўсіх зьверху, у зале і ў прэзыдыюме — дэлегацыі з усіх саюзных рэспублік. І перад кожным ляжала сьвежавыдрукаваная прыгожая кніга «А хто там ідзе?». Усе гартаюць, шукаюць свае мовы. Гляджу, Сьняжкова, бярэ кнігу, гартае — уклейка арыгіналу, фатаграфіі, верш па-беларуску, па-абазінску, па-аварску, па-азэрбайджанску, па-ангельску і г. д. Бачу, ліхаманкава гартае далей, відаць, шукае расейскую мову. І знайшла — пасьля румынскай. Яна падазвала памочніка з-за кулісаў і нешта яму строга наказала. Ну, у мяне сэрца і апусьцілася, я здагадаўся аб прычыне яе гневу. Не чакаючы перапынку, я шамуль-шамуль пабег у тэатральны кіёск і набыў кніг на ўсе грошы. І правільна зрабіў, бо ў перапынку кнігі там ужо не было! На вечарыне ніякага скандалу не адбылося, а назаўтра — мне званок з выдавецтва. «Вячаслаў Пятровіч, што мы нарабілі! Такі наганяй быў, расейскую мову паставілі не на першым месцы! Загадана ўсё перарабіць!» Я кажу — мы ж нічога не прыдумалі, там усё ў алфавітным парадку. «Які алфавіт — тут палітыка!» І друкаваньне кнігі прыпынілі, а надрукаваны наклад пусьцілі пад нож.

— Пад нож? З-за аднаго перакладу, які стаяў не ў пачатку кнігі, а пасярэдзіне?

— Тады на выдаткі не глядзелі. Гэта цяпер прыватныя і дзяржаўныя выдавецтвы кожную капейку лічаць. А тады — раз-раз, ніхто нават не задумваўся. Перарабіць кнігу немагчыма было — на супэрвокладцы ішоў «няправільны» пералік моваў, у зьмесьце, ды і ня вырвеш жа расейскі пераклад і не паставіш другі... Пакуль рабіўся новы варыянт, Дом друку дэфіцытную паперу літоўскую пусьціў на нешта другое. А ўлады ж хацелі, каб усё цюцелька ў цюцельку было. Зьвярнуліся ў Літву, а там таксама плянавая гаспадарка — толькі ў наступным годзе зможам вам тую паперу паставіць. 10 000 асобнікаў — гэта вам ня жарты. І другі варыянт кнігі выйшаў толькі ў 1983 годзе, калі і юбілей Купалы прайшоў. Там было ўжо 82 пераклады.

Вячаслаў Рагойша
Вячаслаў Рагойша

— Першы варыянт кнігі «А хто там ідзе?» мне нядаўна падараваў Анатоль Сідарэвіч, ад якога я ўпершыню і пачуў гэтую гісторыю. А тады, выходзіць, мала хто і заўважыў вашу «дывэрсію». І ўсё роўна мне незразумелы ўчынак Сьняжковай. Няўжо тагачаснае кіраўніцтва Беларусі так запабягала перад Масквой?

— Відаць, запабягала. Я студэнтам сёньняшнім гавару: вы не разумееце, што такое незалежнасьць. За савецкім часам, каб заасфальтаваць кілямэтар дарогі ў Беларусі, трэба было ехаць у Маскву і выбіваць ліміты. Калі выдавалі збор твораў Караткевіча, ЦК КПБ зацьвердзіла 10 тамоў. Пайшла папера ў Маскву, а там у аддзеле друку нейкі чыноўнік, які пра Караткевіча мог і ня чуць, паглядзеў: пісьменьнік — ляўрэат Ленінскай прэміі? Не. Дзяржаўнай СССР? Не. Значыць, хопіць яму і васьмі тамоў. Ці яшчэ адзін прыклад — Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа падрыхтаваў першы Тлумачальны слоўнік беларускай мовы ў 6 тамах. За подпісам Машэрава пайшоў афіцыйны ліст у Маскву, і там таксама нейкі чыноўнік вырашыў, што на беларускую мову хопіць і пяці тамоў. А слоўнік жа не скароціш, як збор твораў Караткевіча... Выкруціліся, выдаўшы 5 тамоў у шасьці кнігах.

— Ці даводзілася вам сустракаць першае выданьне «А хто там ідзе?» ў нейкіх бібліятэках Беларусі?

— Не, нават бібліяграфічныя карткі зьнішчылі і паўсюль кнігу замянілі. Пра першае выданьне — нідзе ні слова, нават у энцыкляпэдыі «Янка Купала» (1986). Вось як традыцыі 30-х гадоў перайшлі ажно ў 80-я. Я тады ж зразумеў, чаму Купала ў сваім перадсьмяротным лісьце ў 1930 годзе пісаў: «Лепш сьмерць фізычная, чым палітычная». Бо калі б ён на хвіліну страціў адчуваньне рэальнасьці і прызнаўся, што кіраваў Саюзам вызваленьня Беларусі — яго імя на дзесяцігодзьдзі выкрасьлілі б адусюль, усе кнігі зьнішчылі б. Згадайце, што адбылося з Ластоўскім, Лёсікам, Аляхновічам ды іншымі. Іх расстралялі, а іхнія кнігі зьнішчылі, пакінуўшы лічаныя асобнікі ў спэцфондах. Так адбылося і з кнігай «А хто там ідзе?» ў 1982 годзе.

Вячаслаў Рагойша з Максімам Танкам і Іванам Шамякіным сярод перакладчыкаў беларускай літаратуры. Дом творчасьці «Іслач», 1980-я гады. Фота Сяргея Панізьніка
Вячаслаў Рагойша з Максімам Танкам і Іванам Шамякіным сярод перакладчыкаў беларускай літаратуры. Дом творчасьці «Іслач», 1980-я гады. Фота Сяргея Панізьніка

— Вернемся ў згаданыя вамі 30-я. На вашу думку, чаму ўсё ж Купала прысьвячаў Сталіну хвалебныя вершы? «Аб Сталіну-сейбіце песьня мая» і г. д.

Правінаваціўся б Купала — вінаватай была б уся Беларусь.

— Па-першае, калі б Купала іх не пісаў, яго адназначна зьнішчылі б. І я ня ведаю, каму ад гэтага было б добра. Па-другое, калі чалавек ідзе на самагубства і яго адратоўваюць, то, пабываўшы на тым сьвеце, ён на гэтае жыцьцё глядзіць зусім другімі вачыма. І нават тое, што раней здавалася змрочным, выглядае па-іншаму. Па-трэцяе, Купала жыў для Беларусі, ён фактычна быў брэндам Беларусі. Правінаваціўся б Купала — вінаватай была б уся Беларусь. Са зьнішчэньнем Купалы наступ пайшоў бы і на беларускую мову. Памятаеце лісты Панамарэнкі Сталіну з кампраматам на Купалу, на Коласа, а пазьней — і на беларускую мову?

— А пасьля Панамарэнка з падачы некаторых пісьменьнікаў выстаўляўся як вялікі сябар беларускай літаратуры і беларускіх пісьменьнікаў.

«Гадавіна» — гэта гад вялікага памеру, а кастрычнік — адкіды перапрацоўкі льну. А «ўрад» гучыць, як «урод»... І яшчэ, і яшчэ прыклады — проста за галаву хапаесься. Вось хто намі кіраваў!

— Панамарэнка проста зразумеў, што няма нічога патаемнага, што ня стала б яўным. І тады ён, наколькі ведаю, запрасіў Барыса Сачанку на сваю падмаскоўную дачу і навесіў яму лапшы на вушы, што быццам бы НКВД зьбіралася ліквідаваць ня толькі Купалу з Коласам, але і Крапіву з Броўкам, а ён патаемна праз Слуцак, бо за ім таксама сачылі, прабраўся ў Маскву, расказаў пра ўсё Сталіну, і той выправіў сытуацыю: «Ладно, заменим ордера на ордена». Зараз пра Панамарэнку выйшла хвалебная кніжка, але мала хто ведае, як ён і мову беларускую хацеў зьнішчыць. Пачытайце яго данос Сталіну, дзе ён піша, што «националисты извратили язык», і прыводзіць прыклады. «Няхай жыве гадавіна Вялікага кастрычніка!» — і тлумачыцца, што «гадавіна» — гэта гад вялікага памеру, а кастрычнік — адкіды перапрацоўкі льну. А «ўрад» гучыць, як «урод»... І яшчэ, і яшчэ прыклады — проста за галаву хапаесься. Вось хто намі кіраваў! Думаю, што зь ведама Паманарэнкі, зь яго маўклівай згоды, калі ня больш, і Купала загінуў.

Вячаслаў Рагойша
Вячаслаў Рагойша

— Вы лічыце, што Купалу ў Маскве ў 1942 годзе забілі?

— Тут і гаворкі няма. Гэта была загадзя сплянаваня акцыя. Пра гэта ўжо нямала напісана і сказана, у тым ліку на Радыё Свабода (маю на ўвазе вашу гутарку з Уладзімерам Някляевым). Ад сябе магу дадаць зьвесткі, пачутыя мною ад жонкі Рамана Сабаленкі ў Каралішчавічах. Яны, аказваецца, сябравалі зь Пятром Глебкам. Аднойчы паехалі ў грыбы, адышліся на нейкую палянку зь Пятром Фёдаравічам, ён і кажа: «Хочаш ведаць, як Купала загінуў?» Сапраўды, Купала быў на 10-м паверсе гасьцініцы «Масква», і Глебка там быў, калі зазваніў тэлефон. Купала выйшаў, і праз хвіліну ўсе пачулі Купалаў крык. Выскачылі на калідор, Купалы нідзе не было, а трое мужчынаў у цывільным, але вайсковай выпраўкі, хуткім крокам сыходзілі на запасны выхад, толькі азірнуўшыся на іх. А ўнізе — крыкі, лямант. Пабеглі ўніз — а там ужо Купала ляжыць у крыві... Потым з усіх прысутных узялі падпіску аб неразгалошваньні. Думаю, што зь цягам часу праўда аб гібелі Купалы выйдзе на сьвет, недзе ў архівах ляжаць дакумэнты аб яго ліквідацыі.

— Вы першым зь беларускіх дасьледчыкаў вывучылі ўсе рукапісы Купалы і нават выдалі іх адмысловым двухтомавым каталёгам. Я недзе чытаў, што аўтографы Льва Талстога зьберагаюцца ў спэцыяльным пакоі-сэйфе з клімат-кантролем. А рукапісы Купалы ў надзейным сховішчы?

— У надзейным — таксама ў сталёвым сэйфе. Праўда, у невялікім, бо рукапісаў пасьля Купалы засталося значна менш, чым пасьля Талстога. Прычым, ня ўсе яны ў фондах Купалаўскага музэю. Нямала іх — у маскоўскіх і санкт-пецярбургскіх бібліятэках і архівах. Сэйф — добрая схованка, але нават ён не гарантуе стоадсоткавай захаванасьці. Катаклізмы — войны, пажары, землятрусы — былі і будуць. Таму факсымільнае выданьне рукапісаў — больш надзейная справа. Ня тут, дык у другім месцы яны абавязкова захаваюцца.

Вячаслаў Рагойша чытае вершы Янкі Купалы на Вайсковых могілках Менску падчас жалобнай паэтычнай імпрэзы з нагоды 68-й гадавіны сьмерці Янкі Купалы. 2012 год
Вячаслаў Рагойша чытае вершы Янкі Купалы на Вайсковых могілках Менску падчас жалобнай паэтычнай імпрэзы з нагоды 68-й гадавіны сьмерці Янкі Купалы. 2012 год

— Да свайго 75-годзьдзя вы падышлі з важкімі набыткамі, у тым жа купалазнаўстве. А якую сваю кнігу вы лічыце самай галоўнай?

— Відаць, «Паэтычны слоўнік», які вытрымаў тры выданьні. Там сканцэнтравалася ня толькі тэорыя беларускай паэзіі, але і гісторыя нашай літаратуры. У слоўніку я стараўся паказаць, чаго беларуская паэзія дасягнула за 500-гадовы пэрыяд. Кожнае наступнае выданьне ўдакладнялася і пашыралася. Я рос — і беларуская паэзія са мной расла. Я і да гэтага часу расту. Вось і нядаўна здаў у часопіс «Весьнік БДУ» вялікі артыкул, дзе паказаў Францішка Скарыну як паэта. Звычайна згадваюць два-тры ягоныя сілябічныя вершы. А ён жа клясык малітваслоўнага верша! «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих...» Гэта ж малітваслоўны верш, які ідзе ад Кірылы Тураўскага і які ў нас да гэтай пары ніхто сур’ёзна не дасьледаваў.

— У новым выданьні «Паэтычнага слоўніка» Скарына будзе прадстаўлены як клясык малітваслоўнага верша?

— Абавязкова будзе!

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG