Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Чыгрын: Да краязнаўцаў чыноўнікі ставяцца насьцярожана


Сяргей Чыгрын

Прэміяй імя Стагановічаў нядаўна адзначаная кніга Сяргея Чыгрына «На радзіме Ігната Дварчаніна». Чаму чыноўнікі ня любяць краязнаўцаў, і за што ў Слоніме аднойчы пабілі маскоўскага пасла? Аўтар кнігі — госьцем перадачы.

— Сяргей, віншую з атрыманьнем прэміі. Апрача вас у троіцу ляўрэатаў увайшлі Вітаўт Кіпель і Зьміцер Бартосік. Бартосік прадстаўляў «нобэлеўскі» (пасьля Сьвятланы Алексіевіч) жанр запісаных галасоў, Кіпель — мэмуарны, вы — краязнаўчы. Ці задаволеныя вы тым, што да краязнаўчай кнігі нарэшце праяўленая належная ўвага?

— Вядома ж, задаволены. Таму што сёньня, як і ў другой палове мінулага стагодзьдзя, дзяржава фактычна не зьвяртае ўвагі на працу беларускіх краязнаўцаў. Вы зразумейце, што пасьля вайны першая беларуская кніга па краязнаўстве выйшла толькі ў 1964 годзе. Яе аўтарам быў настаўнік Валеўскай СШ на Наваградчыне Ўладзімер Урбановіч. Праз сем гадоў яму ўдалося выдаць яшчэ адну кнігу, і ўсё — яго сталі лічыць нацыяналістам. І сёньня чыноўнікі ў Беларусі да краязнаўцаў ставяцца насьцярожана. Бо краязнаўства — гэта падмурак патрыятызму. У іншых дзяржавах краязнаўчая справа моцна падтрымліваецца — маральна і матэрыяльна. А ў нас людзі, якія вывучаюць свой край і жывуць ў правінцыі, існуюць самі па сабе. Таму прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў я разглядаю як знак павагі да ўсіх краязнаўцаў, якія на грамадзкіх пачатках, у вольны ад працы і клопатаў час займаюцца вывучэньнем мясцовай гісторыі. Хіба што прэміяў падобных павінна быць некалькі, адной яўна недастаткова, як недастаткова адной «Краязнаўчай газэты». У ёй ня могуць друкавацца ўсе краязнаўцы Беларусі, а працы на гэтай ніве ў нас непачаты край.

— Прэміяй была адзначаная ваша кніга «На радзіме Ігната Дварчаніна: з краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне». Што ў ёй абавязковае для чытаньня, скажам, старшыні Дзятлаўскага райвыканкаму?

Усім старшыням усіх выканкамаў, якіх Аляксандар Лукашэнка прызначае на пасады, раю прачытаць кнігі мясцовых краязнаўцаў і толькі пасьля гэтага заходзіць у свой рабочы кабінэт.

— Ня толькі старшыні Дзятлаўскага райвыканкаму, а ўсім старшыням усіх выканкамаў, якіх Аляксандар Лукашэнка прызначае на пасады, раю прачытаць кнігі мясцовых краязнаўцаў і толькі пасьля гэтага заходзіць у свой рабочы кабінэт. Таму што кожны рэгіён Беларусі па-свойму цікавы і адметны. Мая кніга «На радзіме Ігната Дварчаніна» прысьвечаная людзям Дзятлаўшчыны, якія любілі свой край, змагаліся ў Заходняй Беларусі за беларускія школы. Напрыклад, найцікавейшай асобай быў Міхась Петрыкевіч, які ў канцы 1960-х гадоў заснаваў у Дзятлаве краязнаўчы музэй, які сябраваў зь Янкам Брылём, Уладзімерам Калесьнікам, Фёдарам Янкоўскім, Уладзімерам Караткевічам, Янам Скрыганом. Цяпер у Дзятлаве жыве яго сын — Валеры, які працягвае справу бацькі. Гэта дзякуючы Валерыю Петрыкевічу летась на Дзятлаўшчыне былі ўшанаваныя адразу чатыры паэты. У вёсцы Труханавічы на хаце, дзе жыў заходнебеларускі паэт Нічыпар Жальба (Аляксандар Бяленка), адкрылі мэмарыяльную шыльду. А ў цэнтры вёскі Зачэпічы зьявіўся памятны знак, прысьвечаны паэтам Герасіму Праменю, Васілю Струменю і Петрусю Граніту.

Сяргей Чыгрын каля памятнага знаку мясцовым паэтам у вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне. 2016 год
Сяргей Чыгрын каля памятнага знаку мясцовым паэтам у вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне. 2016 год

— Гэтую вёску на Гарадзеншчыне называюць «гняздом паэтаў». Хіба яшчэ Нізок на Узьдзеншчыне можа пахваліцца такой колькасьцю творцаў. Чым можна патлумачыць той факт, што ў тых самых Зачэпічах паэты расьлі, як грыбы?

— Чаму толькі Нізок? Каля Слоніма ёсьць вёска Чамяры, дзе нарадзіліся пісьменьнікі Іван Чыгрын, Анатоль Іверс, Якуб Міско, Сьцяпан Міско і гісторык Міхал Міско. А што да Зачэпічаў, то тлумачэньне тут простае. Недалёка ад іх знаходзяцца Погіры — радзіма вядомага грамадзкага дзеяча, пісьменьніка, навукоўца і пэдагога Ігната Дварчаніна. Дзятлаўскія юнакі чулі яго выступы на мітынгах, да іх у вёску траплялі заходнебеларускія газэты і часопісы, дзе яны і самі пачалі друкавацца (пераважна пад псэўданімамі, каб не арыштавала паліцыя). Зь Дзятлаўшчыны тады прыйшлі ў літаратуру ня толькі Ігнат Дварчанін (ён быў самы старэйшы), але і Сяргей Хмара, і тыя ж Жальба, Прамень, Струмень і Граніт. А зусім нядаўна я расшыфраваў яшчэ двух дзятлаўскіх паэтаў, якія актыўна друкаваліся ў віленскіх часопісах «Шлях моладзі» і «Калосьсе». Гэта Язэп Крыга і Малады Дубок. Псэўданімам Язэп Крыга падпісваўся Хаім Кравецкі зь вёскі Казлоўшчына. Ён быў габрэем, але пісаў толькі па-беларуску, у Заходняй Беларусі яго называлі другім Зьмітраком Бядулем. Язэп Крыга быў расстраляны немцамі пад Смаленскам, калі ўцякаў зь сям’ёй ад вайны. А пад псэўданімам Малады Дубок выступаў Язэп Сіняк зь вёскі Раготна, лёс якога пакуль невядомы. Я езьдзіў у тую Раготну, але ніякіх зьвестак не знайшоў.

— 2017-ты — Скарынаўскі год. Вось уявім, што вы са Скарынам праехаліся па вашым родным Слоніме, Дзятлаве, Наваградку, Зэльве — па тых мясьцінах, пра якія напісалі не адну кнігу. Як вы лічыце, мясцовых чыноўнікаў, адказных за культуру, Скарына пагладзіў бы па галаве, ці даў бы высьпятка?

Найбольш мясцовым чыноўнікам ад Скарыны дасталося б усё ж высьпяткаў.

— Напомню, што цяпер у выканкамах няма аддзелаў культуры, яны аб’яднаныя з ідэалёгіяй. І гэтым ужо шмат сказана. Сёньня беларускія кнігі для нас — як «сонца маладзіковае» (так назваў прафэсар Алег Лойка свой раман пра нашага першадрукара). Скарына ў Беларусі павінен прысутнічаць ня толькі ў юбілейныя даты, а штодзённа, заўсёды і на векі вечныя. І не па загадзе зьверху, не для таго, каб ідэолягі паставілі птушачку аб праведзеным мерапрыемстве. А наконт гладжання па галаве ці высьпятка... Найбольш мясцовым чыноўнікам ад Скарыны дасталося б усё ж высьпяткаў. Ну за што сёньня работнікаў ідэалягічных аддзелаў можна пагладзіць па галаве, пахваліць, прывесьці ў прыклад? Многія зь іх наогул ня ведаюць, што зь сябе ўяўляе з гістарычнага гледзішча райцэнтар, дзе яны працуюць, якіх знакамітыя асобы адтуль выйшлі. Загадаюць ім правесьці мерапрыемства, прысьвечанае Скарыну, вось яны і тэлефануюць у бібліятэкі і школы. Вось і ўся іхняя роля. Такіх Скарына не пагладзіў бы па галаве.

— Сёлета Міністэрства культуры правяло конкурс п’есаў пра Скарыну і вызначыла ажно восем пераможцаў. Але на сцэну пакуль трапіла толькі п’еса Віктара Марціновіча. Можа быць, Слонімскаму драмтэатру, дзе вы працуеце, рэкамэндавана тым жа Мінкультам што-небудзь скарынаўскае?

— Слонімскі драмтэатар ад Мінкульту ніякіх рэкамэндацый не атрымліваў. Бо за рэкамэндацыяй мусілі б прыйсьці і грошы на пастаноўку. А сродкаў на раённыя тэатры ў дзяржавы не хапае. Наш тэатар падрыхтаваў і ў пачатку чэрвеня пакажа гледачам спэктакль па п’есе Сяргея Кавалёва «Тарас на Парнасе». Думаю, што ён будзе варты 500-гадовага юбілею беларускай кнігі.

— Дзень беларускага пісьменства сёлета ізноў пройдзе ў Полацку — ужо трэцім разам. А ў Слонім ён не завітаў ні разу. Чаму слонімцы так ня любяць айчыннага пісьменства?

— Гэта чыноўнікі зь Менску ня любяць Слонім. Скарынаўскі Дзень пісьменства якраз і варта было правесьці ў Слоніме. Гэта ж слонімец Алег Лойка напісаў раман-эсэ пра Скарыну, які выйшаў у славутай сэрыі «ЖЗЛ», яго чыталі ва ўсім Савецкім Саюзе. Алегу Антонавічу належыць таксама аповесьць «Скарына на Градчанах». Аднойчы ён пры мне разважаў, што Скарына, едучы з Полацка ў Прагу ці Кракаў, ня мог абмінуць Сынковіцкай царквы-крэпасці і Слоніма — другой дарогі тады не было. А другі слонімец паэт Мікола Арочка напісаў выдатную драматычную паэму «Судны дзень Скарыны»... Шкада, што Дзень пісьменства і сёлета прайшоў міма Слоніма.

— Нядаўна СМІ паведамілі, што Слонімскі райвыканкам нарэшце прыняў рашэньне ўсталяваць у горадзе помнік Льву Сапегу. Але ў дзіўным месцы — паміж помнікам Леніну і танкам на пастамэнце...

Месца для помніка Сапегу выбранае няўдалае, і суседзтва — танк, Ленін і Сапега — дзіўнае.

— Я не галоўны архітэктар Слоніма і ня ведаю, чым ён кіраваўся, калі вырашалася, дзе трэба паставіць помнік Сапегу. Так, плянуецца ўсталяваць яго ў цэнтральным сквэры, дзе стаяць танк Т-34 і Ленін, які рукой паказвае на Спаса-Праабражэнскі сабор. Трэба сказаць, над помнікам ужо амаль дваццаць гадоў працуе і абяцае падараваць Слоніму яго ганаровы грамадзянін скульптар Іван Міско. Дзякуй Богу, справа, нарэшце зрушылася зь месца. Сапраўды, месца для помніка Сапегу выбранае няўдалае, і суседзтва — танк, Ленін і Сапега — дзіўнае. Тым ня менш, няхай ставяць там, дзе вырашылі. Зь цягам часу Ленін прыбярэцца, танк перанясецца на тэрыторыю вайсковай часткі, і слонімскі староста і канцлер ВКЛ Леў Сапега стане галоўным помнікам у нашым горадзе.

— Вы разам зь Сяргеем Яршом выдаяце гісторыка-краязнаўчы часопіс «Слонімскі край». Пра што вы там пішаце?

— Так, мы выдаем электронны штомесячны часопіс «Слонімскі край», ён добра праглядаецца і чытаецца. Хацелася б выдаваць яго і ў папяровым варыянце, але няма фінансаў. Часопіс мы ствараем фактычна ўдвух, пішам, шукаем зьвесткі па розных архівах і старых выданьнях, шмат матэрыялаў нам дасылаюць чытачы. Друкаваць ёсьць што, і часопіс паціху будзе «таўсьцець». Выйшла ўжо 15 нумароў — гэта цэлы том гісторыка-краязнаўчых тэкстаў пра Слонімшчыну. Матэрыялы цікавыя ўсе, скажам, у апошнім нумары апублікаваны артыкул пра тое, як у 1652 годзе слонімцы пабілі маскоўскага пасла. Ён забраў у мясцовых людзей коней, каб ехаць далей. Ну і атрымаў у каршэнь, ды так, што нават пагражаў паскардзіцца каралю.

— Пасьля вандроўкі са Скарынам па Гарадзеншчыне, каб ён дужа не засмучаўся, якую кнігу вы яму падаравалі б на разьвітаньне?

— Сходу цяжка выбраць з сотняў выдатных кніг нейкую адну... Думаю, што найлепшым падарункам Скарыну стала б трохтомавая энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае». Там — усё пра ВКЛ з ХІІІ да ХVIII стагодзьдзя. А яшчэ я падараваў бы яму 600-старонкавы энцыкляпэдычны даведнік «Францыск Скарына» — наробак айчыннага скарыназнаўства за многія гады. Думаю, Францішку хапіла б чытаньня на ўсю няблізкую дарогу ад Полацка да Прагі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG