Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне прапануюць стварыць аналяг праграмы Каліноўскага


Актывісты ўкраінскіх праваабарончых, студэнцкіх ды акадэмічных арганізацый заяўляюць пра мэтазгоднасьць стварэньня адмысловай стыпэндыяльнай праграмы для беларускіх студэнтаў, адлічаных з навучальных установаў пасьля іх удзелу ў масавых акцыях пратэсту.

«Магчыма, нам варта нейкім чынам стымуляваць нашую дзяржаву для стварэньня стыпэндыяльных праграм паводле прыкладу польскай праграмы Кастуся Каліноўскага, каб залучаць беларусаў ды расейцаў, якіх выключаюць з унівэрсытэтаў за тое, што яны вольна выказваюць свае погляды, і даць ім магчымасьць на конкурсных прынцыпах атрымліваць такія стыпэндыі ва ўкраінскіх ВНУ. Потым мы атрымаем ня толькі міжнародную салідарнасьць, але й актыўных грамадзян іншых краін, якія будуць ляяльнымі да нашай дзяржавы», — сказаў сёньня выканаўчы дырэктар грамадзкай арганізацыі «Праваабарончая ініцыятыва» Міхаіл Каменеў.

Адпаведная прапанова прагучала сёньня ў Кіеве падчас паседжаньня круглага стала на тэму «Парушэньне акадэмічных свабодаў у Беларусі. Абмеркаваньне супольных дзеяньняў беларускіх і ўкраінскіх праваабарончых арганізацый па паляпшэньню сытуацыі» пры ўдзеле прадстаўнікоў праваабарончага цэнтру «Вясна» ды студэнтаў, якія былі выключаныя з навучальных установаў пасьля ўдзелу ў сёлетніх акцыях пратэсту.

У прыватнасьці, юрыст цэнтру «Вясна» Алег Пашкевіч адзначыў, што ў Беларусі парушаюцца правы студэнтаў на ўдзел у мірных сходах. «Гэта праяўляецца як у рэпрэсіях да тых, хто ёсьць сябрам незалежных грамадзкіх арганізацый, так і ў прымусе да ўдзелу ў дзейнасьці праўладных арганізацый — парушаюцца права на свабоду выказваньня, права браць удзел у выбарах згодна са сваімі ўласнымі меркаваньнямі», — сказаў ён.

«Праблемы ў беларускіх унівэрсытэтах ёсьць ня толькі ў студэнтаў, а і ў прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці, і ў выкладчыкаў. Беларускія ўнівэрсытэты з цэнтру прагрэсу цяпер ператвораныя ў, па сутнасьці, фабрыку вельмі паслухмяных грамадзянаў, якія пасьля заканчэньня пачынаюць працаваць, і далей іх, апрацаваных ідэалягічна, выкарыстоўваюць для таго, каб яны дапамагалі падрабляць выбары, збольшага гэтым займаюцца настаўнікі ў школах, дзе фармуюцца камісіі і яе старшынёй будзе дырэктар, а намесьнікам — завуч. Ёсьць факты парушэньняў акадэмічных правоў выкладчыкаў, якіх прымушаюць уступаць у праўладную арганізацыю „Белая Русь“, якая зьяўляецца правобразам кіруючай партыі. Той, хто не ўступае, зразумела, ніякай кар’еры ня зробіць», — у сваю чаргу дадаў прадстаўнік рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Дзьмітры Салаўёў.

Прадстаўнік Інстытуту вышэйшай адукацыі Акадэміі пэдагагічных навук Украіны і агенцтва па забесьпячэньні якасьці вышэйшай адукацыі Сяргей Курбатаў адзначыў, што падчас наведаньня Беларусі быў прыемна ўражаны станам грамадзянскай супольнасьці, але зьбянтэжаны умовамі, у якіх яна існуе. «Той мэханізм улады, які вызначае канфігурацыю сучаснай Беларусі, не зусім, скажам так, адпавядае эўрапейскім падыходам ды прынцыпам. Больш за тое, стан акадэмічных свабодаў — гэта сапраўды ключавое пытаньня набыцьця Беларусьсю эўрапейскай будучыні», — патлумачыў ён.

Сяргей Курбатаў таксама мяркуе, што стварэньне стыпэндыяльнай праграмы для беларускіх студэнтаў будзе праяваю кансалідацыі дэмакратычнага сэгмэнту ўкраінскага ды беларускага грамадзтва. «Я мяркую, мы можам зьвярнуцца да нашых дзяржаўных органаў з гэтаю прапановаю, або падумаць, як яе рэалізаваць у фармаце грамадзянскай супольнасьці. Але гэта вельмі пэрспэктыўна і прадуктыўна», — падкрэсьліў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG