Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бахарэвіч пра Кіеў і Менск: «Нам яшчэ страшна быць яркімі і цікавымі»


Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч упершыню ў жыцьці наведаў Кіеў і ў інтэрвію Свабодзе параўнаў яго зь Менскам, а беларусаў — з украінцамі.

Прагулка па кіеўскіх вуліцах і гутарка адбыліся ў часе літаратурнага фэстывалю «Кіеўскія лаўры», на якім Бахарэвіч быў ў ліку ўдзельнікаў «беларускага дэсанту».

— Альгерд, наагул якія ўражаньні ад Кіева, ад атмасфэры гораду — у параўнаньні зь Менскам?

— У Кіеве мы з маёй жонкай, паэткай і перакладчыцай Юліяй Цімафеевай, упершыню (Юля тут ужо была, а я сапраўды ўпершыню). Адзінае месца, якое я дагэтуль бачыў — гэта чыгуначны вакзал. Што мяне ўразіла найперш з гарадзкіх цудаў у Кіеве — мэтро вельмі цікавае, нагадвае мне нямецкі S-bahn. Думаю, што гэта нешта незвычайнае для нашых краёў.

Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч
Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч

Уразіла, напэўна, стракатасьць — у параўнаньні зь Менскам у Кіеве шмат колераў, шмат фарбаў, шмат рэклямы, розных абвестак вісіць паўсюль. Не скажу, што мы бачылі нешта важнае, пакуль што мы бачылі толькі людзей цікавых, іх у Кіеве хапае, мы пераканаліся. Ну і ўбачылі раён станцыі мэтро «Лівобережна» (там, дзе мы спыніліся ў гатэлі); езьдзілі на мэтро, адхадзілі па Храшчаціку.

«Вочы ў людзей вельмі свабодныя»

— «Лівобережна» — гэта раён новы, у новых раёнах адчуваецца розьніца паміж Менскам і Кіевам ці не?

— Напрыклад, мы схадзілі на рынак — проста паглядзець, што там робіцца. І вось такога ў Менску ўжо няма: там ёсьць нешта такое аўтэнтычнае, калі так можна сказаць. Нейкі дух старога, я так падазраю, Кіева: у нас гэта ўжо зьнішчана, такія традыцыі перапыніліся. Так, ведаеце, дзікавата гэта ўсё выглядае — жыцьцё віруе, жыцьцё буяе. Усе гэтыя жанчыны ў хустках... Народ выглядае беднаватым, але адразу кідаецца ў вочы нейкая вольнасьць у тутэйшых людзей. Вочы ў іх вельмі свабодныя. Паводзяць сябе людзі ня так, як у Менску — у нас усё-такі дысцыпліна нейкая ўвесь час прысутнічае, беларусы вельмі законапаслухмяныя, а тут нейкая такая «вольніца».

— Наконт мастацкага асяродзьдзя (паэтаў, празаікаў, перакладчыкаў) — ці адчуваецца розьніца, ці мастацкія акцыі, падзеі выглядаюць так сама, як менскія?

— Як я казаў, у Кіеве я ўпершыню, а вось у Львове ў «Форуме выдаўцоў» я ўдзельнічаў, яшчэ летась быў у Віньніцы на фэстывалі прозы «Інтэрмэцца». І натуральна, адчуваецца розьніца, бо ва Ўкраіне я ўсё-такі бачу, што літаратура лічыцца нейкай сур’ёзнай справай. Я ўжо прадчуваю, як усьміхнуцца мае знаёмыя ўкраінцы, калі гэта пачуюць, але адчуваецца, што большы да гэтага інтарэс, што разьвітая ўкраінская літаратура, што прысутнічае рынак літаратурны, напрыклад. Ну, і вечар у «Купідоне» атрымаўся вельмі пасьпяховы. То бок адчуваецца такая адкрытасьць вялікая ўкраінскіх аматараў мастацтва і літаратуры, ім цікава, што адбываецца ў нас. Галоўнае адрозьненьне ў тым, што ва Ўкраіне і ў Кіеве ў прыватнасьці значна больш месцаў, зьвязаных зь літаратурай, у гэтых месцаў ёсьць свой вобраз, і людзі ведаюць гэтыя месцы і ходзяць. І такая, ведаеце, добразычлівасьць таксама адчуваецца ў звычайных жыхароў гораду. Напэўна, я так падазраю, гарадзкіх уладаў. У Беларусі, зразумела, да любых мастацкіх акцыяў, да любых літаратурных фэстываляў улады, чыноўнікі ставяцца з падазрэньнем. Няма ў нас такой звычкі, каб у кавярнях нейкіх праводзіць мастацкія акцыі, літаратурныя чытаньні. Некалькі месцаў у Менску ёсьць, але іх зусім мала.

«Нікуды мы ад Эўропы не падзенемся»

— А што ёсьць падобнага ў параўнаньні зь іншымі краінамі — Польшчай, Нямеччынай, што адчуваецца супольнага ва ўкраінцаў і беларусаў ці кіяўлянаў і менчукоў?

— Тут, напэўна, можна шмат было б казаць, пачынаючы ад супольных траўмаў савецкіх, якія нас заўжды аб’ядноўваюць, калі мы разам апынаемся недзе за мяжою. Мы людзі з постсавецкім досьведам, у нас вельмі блізкія культурныя коды, якія Заходняя Эўропа не сьпяшаецца прачытваць. Наогул, на Захадзе чакаюць пацьверджаньня сваіх стэрэатыпаў наконт нас — і я думаю, што пра ўкраінскую літаратуру можна сказаць тое ж самае. Тыя ўкраінскія аўтары, якія пацьвярджаюць стэрэатыпы, карыстаюцца посьпехам, прынамсі маюць нейкую ўвагу. Калі беларуская літаратура будзе ісьці па шляху ўкраінскай — таксама пісаць пра свае траўмы, казаць пра свае балячкі нейкія — то на нас чакае шлях, падобны да ўкраінцаў. Але, як я ўжо сказаў, ці то нейкае мысьленьне, ці то сама жыцьцёвая філязофія ва ўкраінцаў адрозьніваецца ад нашай: беларусы ўсё ж больш стрыманыя, у нас больш страху паказаць сябе, мы яшчэ, на мой погляд, на нейкай прыступцы ніжэйшай у гэтым сэнсе. Нам яшчэ страшна быць яркімі, страшна быць цікавымі. Мы толькі пачынаем, а Ўкраіна ўжо ідзе далей. Але вельмі сымпатычнае ва Ўкраіне і ў Кіеве — гэта арыентацыя на Захад. Мне здаецца, што ўсё гэта працягваецца, гэта вельмі правільны шлях: нікуды мы ад Эўропы не падзенемся, хто б там што ні казаў. І ўкраінцы для нас — вельмі добры прыклад, як трэба правільна выбіраць дарогу.

«Кіеў як месца натхненьня для ўрбаністычнае прозы»

— Што вы чакалі ад Кіева і што ў выніку атрымалася, ці спадзяваньні спраўдзіліся?

— Ну, дзякуючы экскурсіі, якую нам зладзіў Паўло Зубюк [сьмяецца], уражаньні вельмі багатыя, такога Кіева мы ня бачылі і, можа, нават не спадзяваліся пабачыць. Вельмі хацелася зразумець, чым дыхаюць кіяўляне сёньня. Я ўсё-такі ўражаны, колькі захавалася старой архітэктуры ў Кіеве, у Менску такога няма — і кожны раз, калі мы зь Менску кудысьці прыяжджаем, ёсьць адчуваньне такой крыўды на час, што мы такога ня маем. А што тычацца фэстывалю, то ён добра арганізаваны, мы і чакалі, што ён такім будзе. Ва ўкраінцаў і беларусаў моцныя культурныя сувязі, фэстываль — гэта заўсёды новыя знаёмствы, тут я нічога новага не скажу. Фэстываль працягваецца, мы яшчэ заўтра будзем выступаць, у нас яшчэ дыскусія з Андрэем Хадановічам якраз пра ўрбаністычную прозу. Я думаю, што сёньняшні шпацыр па Кіеве мне дасьць добрую глебу для роздумаў, і нам будзе пра што пагаварыць — у тым ліку пра Кіеў як пра месца натхненьня для ўрбаністычнае прозы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG