Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее Сямён Шапіра ператварыць беларускі хакей з прыдворнай гульні ў сапраўды народную


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Глод: Старшыню Менскага аблвыканкаму Сямёна Шапіру прызначылі кіраваць фэдэрацыяй хакею Беларусі. Такая траекторыя перамяшчэньня адказнага гаспадарчага работніка не падаецца лёгіцы. У кулюарах дзяржаўных установаў, калі гаворка заходзіла аб пэрспэктывах так званага «губэрнатара» сталічнай вобласьці, апошнім часам называлі тры магчымыя пасады: прэм’ер, віцэ-прэм’ер або кіраўнік Дзяржкантролю. Дарэчы, на мой погляд, апошнія дзьве — цалкам магчымыя для новага хакейнага кіраўніка. Бо, думаю, малаверагодна, каб спадар Шапіра стаў вызваленым ад іншых абавязкаў старшынём фэдэрацыі. Да таго ж пасадзіць толькі на хакей чалавека, які быў міністрам сельскай гаспадаркі і кіраваў дзьвюма абласьцямі (Гарадзенскай і Менскай), не выглядае рацыянальным.

Журналістам былы «губэрнатар» шчыра прызнаўся, што ягонага прозьвішча хакеісты ніколі ня чулі, дый на лёд з клюшкай, акрамя як у дзяцінстве, ён ніколі не выходзіў..

Дзіўна, але чаму Шапіра ўзяўся за гэтую працу? Журналістам былы «губэрнатар» шчыра прызнаўся, што ягонага прозьвішча хакеісты ніколі ня чулі, дый на лёд з клюшкай, акрамя як у дзяцінстве, ён ніколі не выходзіў. А хакей па-сапраўднаму палюбіў у Горадні, калі ачоліў вобласьць. Спадар Шапіра яшчэ сказаў: у Горадні заўсёды існавала калегіяльнае абмеркаваньне ўсіх пытаньняў, што і давала пэўныя вынікі. Гэтыя прынцыпы кіраваньня ён зьбіраецца перанесьці і на хакей, бо, як лічыць новы хакеіст Беларусі № 2 (хто № 1, мы ўсе цудоўна ведаем), прынцыпы кіраваньня ўсюды падобныя.

Шчыра кажучы, гэтыя выказваньні мяне найбольш зьдзівілі. Усе ведаюць, што ў Беларусі выбудаваная жорсткая вэртыкаль, дзе загады, спушчаныя зьверху ўніз, не абмяркоўваюцца, а абавязкова выконваюцца. Дый тыя, хто працаваў раней разам з Шапірам, ніколі не называлі яго дэмакратам. Наадварот, яны падкрэсьліваюць ягоны аўтарытарны стыль кіраваньня, характарызуюць яго як чалавека жорсткага і патрабавальнага.

Новы старшыня фэдэрацыі галоўнай праблемай айчыннага хакею назваў стан дзіцяча-юнацкіх школ і паабяцаў, што не зьбіраецца адразу пасьля свайго прыходу ладзіць кадравыя чысткі. Цягам бліжэйшых двух-трох тыдняў ён разьлічвае пазнаёміцца зь людзьмі, якія працуюць у хакеі, пасьля чаго вызначыцца з бліжэйшымі памочнікамі. Шапіра паабяцаў, што не дапусьціць больш расхлябанасьці, паўсюль навядзе дысцыпліну і парадак.

Лукашэнка на хакейнай нарадзе 25 траўня сказаў, што пятую частку сродкаў, якія выдзяляюцца на ўсе віды спорту, «зьядае» хакей. Усе хакеісты езьдзяць на «Мэрсэдэсах», а вось аддачы ад увагі да іх няма ніякай. І таму тут усё трэба зьмяніць. Шапіра з гэтым згодны. І нават заявіў, што празь нейкі час беларусы будуць выступаць на адным узроўні з хакейнымі грандамі. І вось гэта мяне найбольш насьцярожвае. Лукашэнка ня хоча спусьціцца на зямлю і канстатаваць — ня варта цешыцца перабольшанымі чаканьнямі. Беларусь ня здольная супрацьстаяць элітным зборным, яе доля — з году ў год ставіць задачу выхаду ў чвэрцьфінал і з рознай ступеньню ўдаласьці яе выконваць.

Пятую частку сродкаў, якія выдзяляюцца на ўсе віды спорту, «зьядае» хакей.

У беларускім хакеі відавочны сыстэмны крызіс. І тое добра, што Шапіра гэта разумее. Калі вядомы трэнэр менскага клюбу «Юнацтва» Міхаіл Захараў прапануе будаваць новыя лядовыя палацы, то новы кіраўнік фэдэрацыі кажа: «Думаю, што, хоць мы маем столькі лядовых палацаў у краіне, у нас недастаткова дзяцей займаецца хакеем. Болевыя кропкі нашага хакею зразумелыя. Трэба палепшыць працу ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах. Працуючы ў Горадні і займаючыся клюбам „Нёман“, які ў мой час па два разы быў сярэбраным і залатым прызэрам чэмпіянату Беларусі, бачыў, што ёсьць праблемы зь фінансаваньнем хакейнай школы — гэта і заробкі дзіцячых трэнэраў, і пытаньні з амуніцыяй. Усе гэтыя пытаньні трэба комплексна вырашаць», — лічыць Сямён Шапіра. І тут ён мае рацыю: пакуль ня будзе кваліфікаваных спэцыялістаў, ня будзе і маладой зьмены. А якой адданасьці можна чакаць ад дзіцячага трэнэра з заробкам 200 даляраў на месяц?

І ўсё ж цяжка паверыць у сур’ёзныя прынцыповыя зьмены ў беларускім хакеі. На апошняй нарадзе кіраўнік дзяржавы зноў заявіў: «Хакеем ня проста цікавяцца, ім захапляюцца мільёны людзей. У Беларусі гэта практычна ўсё насельніцтва...» Гэта яшчэ адна спроба штучна навязаць беларусам хакей у якасьці спорту № 1.

Так, хакей у Беларусі мае асаблівы статус. Намаганьнямі кіраўніка дзяржавы ён даўно ўжо пераўтвораны ў прыдворную гульню. І, думаю, нават Шапіра ня здольны зрабіць яе масавай.

Карбалевіч: Я адзначыў бы некалькі момантаў. Таксама зьвярнуў увагу на гэтую цытату, якую ўжо ўзгадаў сп. Глод. Лукашэнка кажа пра хакей, хакеістаў: «Імі ня проста цікавяцца, але захапляюцца мільёны людзей. У Беларусі гэта практычна ўсё насельніцтва». Думаю, гэта вялікае перабольшваньне. Што Беларусь — гэта спартовая нацыя, гэта ў пэўным сэнсе міт. Глядзіце, колькі людзей прыходзіць на матчы зборнай па футболе. Невялікі стадыён не запоўнены. Матчы Чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе наведвалі таму (чым ганарацца беларускія ўлады), што квіткі разьмяркоўвалі па прадпрыемствах і ўстановах, раздавалі людзям бясплатна.

У Беларусі спартовыя тэлерэпартажы глядзіць ня больш за 10% насельніцтва.

У Беларусі спартовыя тэлерэпартажы глядзіць ня больш за 10% насельніцтва. Рэкорд быў падчас хакейнага матчу Беларусь — Латвія: 18%. Для параўнаньня, у ЗША рэкордны прагляд матча па амэрыканскім футболе ахапіў 52% насельніцтва краіны.

З выступу Лукашэнкі стала зразумелай прычына адстаўкі былога старшыні Фэдэрацыі хакею Рачкоўскага. Не за дрэнны вынік. Вось словы Лукашэнкі: «Сёньня мы гаворым пра вялікае дасягненьне — атрымалі чэмпіянат сьвету 2021 году па хакеі. І спрабуем пэрсаніфікаваць. Яшчэ раз падкрэсьліваю: ніхто пэрсанальна гэты чэмпіянат сьвету ў краіну не прывёз. Беларускі народ і Мінск прывезьлі гэты чэмпіянат сьвету сюды».

То бок былы кіраўнік Фэдэрацыі хакею Рачкоўскі хацеў даказаць, што менавіта дзякуючы яму прынята такое рашэньне. Хацеў забраць славу Лукашэнкі, перацягнуць коўдру на сябе. Такія рэчы ў Беларусі не даруюцца.

Яшчэ адзін момант. Спадар Глод выказаў думку, што Шапіра атрымае нейкую дзяржаўную пасаду, акрамя статусу кіраўніка Фэдэрацыі хакею, бо гэта ўсё-ткі грамадзкая арганізацыя. Але вось рэпліка Лукашэнкі: «Станоўчыя перамены ў хакеі прэзыдэнт зьвязвае зь нядаўна прызначаным старшынём Фэдэрацыі хакею Сямёнам Шапірам. Гэтая пасада — ня менш адказная, чым пасада губэрнатара». Вынікае, што ніякай новай дзяржаўнай пасады Шапіру не прапануюць.

Былы кіраўнік Фэдэрацыі хакею Рачкоўскі хацеў забраць славу Лукашэнкі, перацягнуць коўдру на сябе. Такія рэчы ў Беларусі не даруюцца.

Незалежныя мэдыі цяпер зьвяртаюць увагу, што апошні раз справаздачна-выбарчы сход, які абраў Лукашэнку прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту, адбыўся аж 9 красавіка 2010 году. А паводле статуту кіраўнік выбіраецца на 4 гады. А ўжо прайшло больш за 7.

Цыганкоў: І гэта, дарэчы, можа выклікаць пэўную рэакцыю Міжнароднага алімпійскага камітэту, бо ўжо было некалькі такіх скандальных прыкладаў, калі дзяржава ўмешвалася ў справы спартовых асацыяцый, фэдэрацый, і за гэта потым былі пакараньні гэтых арганізацый.

Цяпер у інтэрнэце гучаць жарты, што калі кіраўніка аблвыканкаму (ня будзем ужываць слова «губэрнатар») паставілі на хакей, то зусім ня дзіўным будзе, калі спартовага трэнэра паставяць кіраваць вобласьцю. Ад гэтага, маўляў, нічога ня зьменіцца.

Ну, і таксама сапраўды гісторыя хакею ў Беларусі зьвязаная з асаблівай любоўю да яго Аляксандра Лукашэнкі, і ніколі хакей ня быў у беларускай гісторыі спортам нумар адзін. І па масавасьці, і па дасягненьнях.

Узровень разьвіцьця хакею ў Беларусі — адпаведнік узроўню разьвіцьця беларускай эканомікі.

Па дасягненьнях нашмат лепшыя вынікі паказвалі гандбалісты, перш за ўсё мужчыны, баскетбалісткі — яны выходзілі ў васьмёрку, у чацьвёрку лепшых камандаў Эўропы і сьвету. Хакей такім і блізка ня быў.

Цікава, што журналісты спартовага выданьня «Трыбуна» даволі ярка праілюстравалі гэта, калі далі такую табліцу параўнаньня даходаў, узроўню жыцьця Беларусі і тых краінаў, зь якімі Беларусь змагалася падчас апошняга хакейнага чэмпіянату. Без выключэньня паводле ўсіх гэтых парамэтраў Беларусь аказалася ніжэйшай — і за Канаду, і за Швэцыю, і Чэхію, і Нарвэгію, і Францыю — краіны, эканамічнае разьвіцьцё якіх дае нашмат больш падстаў для посьпехаў у хакеі.

Ну і ўвогуле, тая задача ўвайсьці ў эліту, якая ставіцца перад Шапірам, мне здаецца, невыканальная, бо ну нейкі такі спэцыфічны від спорту хакей, дзе апошнія як мінімум гадоў 50 перамагаюць тыя самыя 6–7 зборных. Гэта ЗША, Канада, Швэцыя, Фінляндыя, Расея, Чэхія і Славаччына. Часам у гэты шэраг укліньваецца Швайцарыя, але гэта пытаньне, ці ўвайшла яна ў эліту, ці не.

І ўсё, ніякіх зрухаў няма — у адрозьненьне ад футболу, гандболу, дзе зьяўляюцца новыя чэмпіёны. А тут даволі ўсё кансэрватыўна. І цяжка ўявіць, што павінна зрабіць краіна, каб трапіць у гэтую эліту. Гэта трэба дзесяцігодзьдзі традыцыі разьвіцьця хакею, каб ён сапраўды стаў масавым, каб зьявіліся школы, інтарэс у грамадзтве намнога большы, чым цяпер, каб хакей стаў такім спортам, які ён у Швэцыі і Чэхіі.

Так што можна ўжо зараз прагназаваць, што будзе празь некалькі гадоў, калі чарговы чэмпіянат ці Алімпіяда пакажа нездавальняючы вынік з пункту гледжаньня кіраўніцтва Беларусі. Беларусь максымум можа ўвайсьці ў васьмёрку, і гэта ўжо ўсё радзей здараецца. Сапраўды, узровень разьвіцьця хакею ў Беларусі — адпаведнік узроўню разьвіцьця беларускай эканомікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG