Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія ўлады зацягваюць зьмяненьне выбарчага заканадаўства? Вэрсіі трох аналітыкаў


Удзельнічаюць: Валер Каліноўскі, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Глод: Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына сказала Свабодзе, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не пасьпеюць на цяперашняй сэсіі прыняць зьмены і дапаўненьні ў Выбарчы кодэкс.

Яна патлумачыла гэта так.

Адпаведны законапраект уносіцца ад імя кіраўніка дзяржавы, паколькі ўсе падобныя дакумэнты, зьвязаныя з выбарамі, паступаюць у Палату прадстаўнікоў выключна ад імя прэзыдэнта. А Лукашэнка маўчыць. Хоць гэта ён непасрэдна і даў загад Ярмошынай рыхтаваць праект закону. Прычым адвёў на гэта час да 1 лютага. Выконваючы загад, у Цэнтравыбаркаме стварылі міжведамасную працоўную групу. І тая падрыхтавала свае прапановы. У вызначаны тэрмін іх накіравалі Лукашэнку.

Дакумэнт дэпутаты будуць абмяркоўваць і прымаць тэрмінова ўжо на восеньскай сэсіі, у кастрычніку.

Пасьля гэтага тая ж Ярмошына сказала, што прэзыдэнт вырашыў правесьці вялікую нараду, каб абмеркаваць зьмяненьні і дапаўненьні да выбарчага заканадаўства. Меркавалася, што яна адбудзецца ў першай палове сакавіка. Ужо заканчваецца травень, а сытуацыя не мяняецца. Няма нават прыблізнай даты нарады. Старшыня ЦВК тлумачыць гэта так: маўляў, я назіраю за графікам працы прэзыдэнта і бачу, што ў яго на першым пляне пытаньні эканамічныя і сацыяльныя. Рыхтаваць законапраект будзе Цэнтравыбаркам, а на гэта патрэбны хоць бы месяц. Таму, лічыць Ярмошына, дакумэнт дэпутаты будуць абмяркоўваць і прымаць тэрмінова ўжо на восеньскай сэсіі, у кастрычніку.

Якія прынцыповыя зьмены прапануе ўнесьці ў Выбарчы кодэкс ЦВК, невядома. Спадарыня Ярмошына не дае на гэтае пытаньне канкрэтнага адказу. Яна толькі падкрэсьлівае, што міжведамасная працоўная група зыходзіла з прапаноў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. І што прыкладна палову заўваг БДІПЧ Цэнтравыбаркам спрабуе ўвесьці ў новае заканадаўства.

Тут тры галоўныя рэчы: падлік галасоў, стварэньне выбарчых камісій і ўмовы правядзеньня агітацыйнай кампаніі за кандыдатаў. Гэтыя палажэньні будуць тычыцца выбараў усіх узроўняў: прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх і мясцовых. Таму так важна прапісаць кожную дэталь выбарчага заканадаўства.

Чыноўнікі прапануюць зьмяніць у датэрміновым галасаваньні толькі дзьве рэчы: увесьці перапынак на абед і даваць дадзеныя пра ўдзельнікаў датэрміновага галасаваньня штодня.

Свае прапановы Ярмошынай даслалі і прадстаўнікі шырокай дэмакратычнай кааліцыі. Аднак, паводле старшыні ЦВК, яны ня сталі для міжведамаснай групы прывабнымі. Так, група адхіліла прапанову дэмсілаў скараціць час датэрміновага галасаваньня зь пяці да двух дзён і дазваляць галасаваць раней толькі тым выбарцам, якія прынясуць даведку, што ня могуць прыйсьці на ўчастак у асноўны дзень галасаваньня. Чыноўнікі прапануюць зьмяніць у датэрміновым галасаваньні толькі дзьве рэчы: увесьці перапынак на абед і даваць дадзеныя пра ўдзельнікаў датэрміновага галасаваньня штодня. Вось і ўсе так званыя зьмены.

У мяне складаецца ўражаньне, што ўлады будуць напіраць на колькасьць, а не на якасьць зьменаў. Пагадзіцеся, калегі, заява, што мы ўлічылі аж палову прапановаў БДІПЧ, гучыць даволі прывабна. Гэта, вядома, разьлічана на заходніх палітыкаў. А пра тое, што многія перамены — гэта толькі касмэтычныя праўкі і ня болей, улады будуць маўчаць. Думаю, гэта галоўная прычына, чаму Лукашэнка цягне з разглядам. У кастрычніку ўжо ня будзе часу нешта істотна мяняць, бо кампанія па правядзеньні мясцовых выбараў стартуе ў лістападзе. Мабыць, улады спадзяюцца, што ў сьпешцы яны змогуць правесьці праз Палату прадстаўнікоў выгадны для сябе законапраект.

Карбалевіч: Найперш, гэтая затрымка сьведчыць пра тое, што гэтае пытаньне ня надта важнае для ўладаў. Ніякіх прынцыповых зьменаў яны ўводзіць не зьбіраюцца. А касмэтычныя зьмены можна ўвесьці ў любы момант, яны ня важныя.

Думаю, акцыі пратэсту ў лютым-сакавіку моцна траўмавалі Лукашэнку і ўвогуле паралізавалі працу дзяржапарату. Бо быў адкладзены разгляд шмат якіх важных пытаньняў, якія плянавалася разгледзець вясной.

Гэтае пытаньне ня надта важнае для ўладаў. Ніякіх прынцыповых зьменаў яны ўводзіць не зьбіраюцца.

Магчыма, тут і нейкія тактычныя хітрасьці. Калі б улады прынялі папраўкі ў Выбарчы кодэкс, якія не прадугледжваюць сапраўднай дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, то ўзьнікла б няёмкая сытуацыя ў зьвязку з правядзеньнем у ліпені ў Менску Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. На гэтым паседжаньні маглі крытыкаваць афіцыйны Менск. Таму вырашылі ўсё адкласьці, пакуль пройдзе гэтае мерапрыемства. Пакуль зьмены ў Выбарчы кодэкс не прынятыя, то фармальна крытыкаваць няма за што. Ярмошына ж кажа, што палову заўваг БДІПЧ АБСЭ мы зьбіраемся ўлічыць. Вось і цягнуць.

Каліноўскі: Перад выбарамі прэзыдэнта 2015 году ў мяне было вялікае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, у якім я яго наўпрост пытаў, чаму ён не пагаджаецца на дэмакратычныя зьмены ў выбарчае заканадаўства. І пералічыў на пальцах: скасаваньне датэрміновага галасаваньня, уключэньне прадстаўнікоў кандыдатаў ва ўсе выбарчыя камісіі, празрыстыя скрыні, — усё тое, пра што даўно кажа апазыцыя і назіральнікі.

Адказваючы на іншыя пытаньні, Аляксандар Лукашэнка паблажліва нібыта пагаджаўся — і на падтрымку беларускай мовы, і на спыненьне рэпрэсіяў супраць неакрэдытаваных журналістаў, і на вызваленьне палітвязьняў, і на ўшанаваньне ахвяр Курапатаў. А вось па выбарчай сыстэме Лукашэнка быў упарты і несаступлівы. Не, не і не.

Так што асноўная прычына, чаму ўлады ня хочуць зьменаў у выбарчае заканадаўства, — тое, што Лукашэнка ня хоча. А чаму ён ня хоча — бо недэмакратычная, непразрыстая выбарчая сыстэма — аснова ягонай улады, прычына таго, што ён пераабіраецца з 80 адсоткамі пры рэйтынгу ў 30 адсоткаў, таго, што ў парлямэнце і ў мясцовых саветах да нядаўняга часу не было ніводнага ягонага апанэнта, а цяпер вось у Палаце прадстаўнікоў зьявіліся дзьве жанчыны-дэпутаткі, але мала хто паверыў, што ў іх былі сумленна палічаныя галасы.

Выбары арганізоўваюць ня выбарчыя камісіі, а вэртыкаль

Пытаньне ня толькі ў тым, што трэба нейкім чынам рэфармаваць выбарчую сыстэму і гэта ўсё вырашыць. Не, ніякі закон не гарантуе, што галасы будуць лічыць сумленна. Вось галоўнае, на чым настойвае і беларуская апазыцыя, і міжнародныя назіральнікі.

Галоўная прычына несумленнай выбарчай сыстэмы ў тым, што выбары арганізоўваюць ня выбарчыя камісіі, а вэртыкаль, выканкамы і адміністрацыя Лукашэнкі, і хто стане пераможам, вызначаюць яны. Яны пішуць лічбы, яны фальшуюць, іх ужо шмат разоў хапалі за рукі, але нічога ім за гэта не было.

А што да заяў Ярмошынай, то яе функцыя зразумелая. Яна добра выконвае волю Лукашэнкі — з 1996 году, калі быў незаконна адхілены ад пасады кіраўніка ЦВК Віктар Ганчар. За гэта яе трымаюць далей на пасадзе, нягледзячы на пэнсійны ўзрост.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG