Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пераможа ў беларуска-расейскай харчовай вайне


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Каліноўскі: 22 траўня міністры сельскай гаспадаркі і харчаваньня Расеі і Беларусі дамовіліся аб зьняцьці абмежаваньняў на пастаўкі беларускай прадукцыі з 9 прадпрыемстваў. Цяпер працягваюцца перамовы па іншых прадпрыемствах, для якіх расейскі рынак закрыты. Рассельгаснагляд лічыць, што нібыта ў беларускім малацэ зьявіліся антыбіётыкі і іншыя лекавыя прэпараты.

Контранаступ зь Менску

Мінсельгасхарч Беларусі, які раней моўчкі пераносіў прэтэнзіі расейцаў, перайшоў у контранаступ. Апрача крымінальнай справы на кіраўніка Рассельгаснагляду Данкверта, заведзенай на загад Аляксандра Лукашэнкі, пачалася інфармацыйная кампанія.

Зь некалькімі камэнтарамі выступіў дагэтуль маўклівы міністар Леанід Заяц. Расейскія прэтэнзіі, паводле ягоных слоў, надуманыя, абсурдныя, яны не пацьвярджаюцца рэальнымі фактамі. Паводле міністра Зайца, на перамовах з Расеяй па малочных прадуктах абстаноўка па-ранейшаму складаная, але беларускі бок «дзейнічае, настойвае, пераконвае». Але прагрэс пакуль невялікі.

Пракамэнтаваў Леанід Заяц і ўведзеныя з 24 мая новыя абмежаваньні на пастаўку прадукцыі, а таксама ўзмацненьне лябараторнага кантролю прадукцыі некаторых прадпрыемстваў.

«Я ня бачу падстаў для таго, каб папракаць хоць аднаго беларускага перапрацоўшчыка ў тым, што ён выпускае няякасны тавар. Заўвагі могуць быць працоўнага парадку, але яны ніяк ня тычацца бясьпекі прадуктаў харчаваньня, якія вырабляюцца», — сказаў Заяц.

Расейскае малако — ад лейкозных кароў

Беларусь настойвае на зьняцьці ўсіх абмежаваньняў і зьвяртае ўвагу на тое, што робіцца ў самой Расеі. Былы прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі, які цяпер працуе ў структурах ЭўрАзЭС у Маскве, у сераду ў кулюарах Прамысловага форуму ў Менску сказаў: «Больш за 70% расейскага малака — ад лейкозных кароў. Каб лейкозных кароў падтрымліваць, іх увесь час трэба шпігаваць антыбіётыкамі. Беларусь гэтую праблему вырашыла да 2010 году, мы вывелі малады дойны статак. Расеі, каб пазбавіцца ад лейкозных кароў, трэба 5–10 гадоў... Вось дзе трэба працаваць, а не лавіць блох там, дзе іх няма», — сказаў Сідорскі.

Такім чынам малочная вайна працягваецца, яе аснова — шмат у чым палітычная. Расея хоча такім чынам зрабіць Менск больш падатлівым — і каб сваю авіябазу тут разьмясьціць, і каб перашкодзіць адносінам Беларусі з Захадам.

Трэці гулец — Кітай

Але ў гэтую вайну, як выглядае, уключаецца трэці гулец — Кітай, які яе можа выйграць.

Беларусь шукае новыя рынкі для харчоў менавіта ў Кітаі. У прыватнасьці, кітайская кампанія Drex Food Group зацікаўленая ў разьвіцьці малочнай вытворчасьці ў Беларусі. Імкліва расьце і імпарт беларускай «малочкі» ў Кітай. У першым квартале 2017 году рост у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году — 155%.

Для вялізнага кітайскага рынку беларускія малочныя прадукты, сухое малако, сыры і астатняе маюць прывабнасьць. Беларусі дастаткова ўзяць на «ўтрыманьне» адзін-два невялікія кітайскія гарады з насельніцтвам па 5 мільёнаў чалавек, і пытаньне з расейскім рынкам можа адпасьці само сабою.

Глод: Я, гэтаксама як і Валер Карбалевіч, хачу адразу крыху выйсьці за межы малочнай тэмы і паразважаць пра пастаўкі Беларусьсю ў Расею іншых прадуктаў. Тым больш што для гэтага зьявілася апэратыўная падстава. Расейцы, калі выстаўляюць свае прэтэнзіі беларускаму боку, зыходзяць з канкрэтных лічбаў. Апошнія прэтэнзіі, пра што ўчора пісала расейская газэта «Известия», зьвязаныя з рыбай. Высьветлілася, што за першы квартал сёлета пастаўкі рыбнай прадукцыі ў Расейскую Фэдэрацыю зь Беларусі вырасьлі ў 15 разоў. Гэта амаль столькі ж, колькі Беларусь паставіла на расейскі рынак за ўвесь мінулы год.

Масква абвінавачвае афіцыйны Менск, што той займаецца рээкспартам у Расею рыбнай прадукцыі з краін, якія ўваходзяць у расейскі «чорны сьпіс» прадуктовых санкцыяў. Расейцы цьвердзяць, што ў асноўным пастаўляецца марожаная рыба з краін Эўразьвязу, Нарвэгіі і Ісьляндыі

Таму Масква абвінавачвае афіцыйны Менск, што той займаецца рээкспартам у Расею рыбнай прадукцыі з краін, якія ўваходзяць у расейскі «чорны сьпіс» прадуктовых санкцыяў. Расейцы цьвердзяць, што ў асноўным пастаўляецца марожаная рыба з краін Эўразьвязу, Нарвэгіі і Ісьляндыі. Паводле выканаўчага дырэктара Асацыяцыі вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў рыбнага рынку Расейскай Фэдэрацыі Аляксея Аронава, у выпадку зь беларускімі пастаўкамі марожанай рыбы ў Расею гаворка ідзе пра рээкспарт санкцыйнай прадукцыі. «Беларускія пастаўшчыкі часта проста перапакоўваюць тавар», — прыводзяць «Известия» выказваньні прэсавага сакратара Рассельгаснагляду Юліі Мэлы.

У Менску рээкспарт адмаўляюць. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі кажуць: уся рыба, якую рэспубліка пастаўляе ў Расею, — гэта не рээкспарт санкцыйных тавараў. Маўляў, рыбная прадукцыя, увезеная ў Беларусь дзеля далейшых паставак у Расею, праходзіць перапрацоўку. А перапрацоўваць і пастаўляць прадукцыю з краін, якія падпалі пад расейскае прадуктовае эмбарга, не забаронена. Аднак беларускі бок чамусьці пазьбягае ўсялякіх лічбаў. А пытаньні тут напрошваюцца: напрыклад, ці хапае ў Беларусі нават вытворчых магчымасьцяў, каб павялічыць перапрацоўку рыбы адразу ў 15 разоў?

А цяпер вярнуся да малочных канфліктаў паміж Беларусьсю і Расеяй. Яны набылі хранічны характар. Прычым калі раней Масква абвінавачвала беларускі бок, што якасьць ягоных малочных прадуктаў не адпавядае расейскім стандартам, то цяпер ідуць заявы, што Беларусь ігнаруе і нормы эўразійскага заканадаўства.

Апошнім часам шматлікія беларускія прадпрыемствы адпраўлялі на продаж у Расею прадукцыю, якая не прайшла неабходнага кантролю. Рассельгаснагляд выявіў, што суправаджальныя дакумэнты не былі падрыхтаваныя як сьлед. Зь іх незразумела, на якія менавіта партыі прадукцыі былі выдадзены дэклярацыі адпаведнасьці. І тут узьнікае пытаньне: што гэта — неахайнасьць беларускага боку ці спроба наўмысна заблытаць сытуацыю?

Але якія галоўныя вынікі гандлёвай вайны? Пасьля ўвядзеньня харчовага эмбарга Беларусь істотна павялічыла пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею. Карацей, расейскія прэтэнзіі да паасобных прадпрыемстваў і пэўнай прадукцыі адбіваюцца на агульных аб’ёмах паставак беларускай малочнай прадукцыі ня вельмі моцна.

Карбалевіч: Беларуска-расейская харчовая вайна становіцца справай пэрманэнтнай. Самае дзіўнае, што яна праходзіць ва ўмовах існаваньня эканамічнага саюзу, які прадугледжвае свабодны рух тавараў у межах ЭАЭС. На добры лад, даўно належала б стварыць сумесны орган у межах саюзу, незалежны ад урадаў Беларусі ці Расеі, які ладзіў бы нагляд за якасьцю прадукцыі.

Ня думаю, што значную ролю тут адыгрывае палітычны чыньнік. Хутчэй эканамічная канкурэнцыя тут вядзе рэй.

Але, нягледзячы на пэрманэнтную вайну, пастаўкі за межы Беларусі малака і малочных прадуктаў у першым квартале вырасьлі на 42,4% — да 525,1 млн даляраў. Асноўным рынкам збыту па-ранейшаму застаецца Расея — у першым квартале экспарт у Расею павялічыўся на 38,4%. Сярод краін, куды Беларусь экспартавала «малочкі» больш чым на 1 млн даляраў, па выніках студзеня-сакавіка апынуліся Грузія (2 млн даляраў), Кітай і Турэччына.

Спэцыяліст у сельскай гаспадарцы прафэсар Кадыраў кажа, што вытворчасьць харчаваньня ў Беларусі нерэнтабэльная

Але хацеў бы зьвярнуць увагу вось на што. Спэцыяліст у сельскай гаспадарцы прафэсар Кадыраў кажа, што вытворчасьць харчаваньня ў Беларусі нерэнтабэльная. І вось такое цікавае супадзеньне. На тле інфармацыі пра гіганцкі рост экспарту «малочкі» зьявіўся цікавы дакумэнт. Ёсьць прэзыдэнцкі ўказ ад 24 красавіка, які прадугледжвае выпуск аблігацый на суму запазычанасьці шэрагу прадпрыемстваў. Гэта такая форма субсыдый суб’ектам гаспадараньня з боку дзяржавы. Дык вось цікавы пералік прадпрыемстваў, якім надаюцца такія льготы. Гэта Дзятлаўскі сыраробны завод, Лідзкі малочна-кансэрвавы камбінат, УП «Мазырскія малочныя прадукты» і шэраг іншых харчовых прадпрыемстваў.

Гэта называецца эканоміка па-беларуску. Дзяржава субсыдуе прадпрыемствы, якія нарошчваюць экспарт. І чым большы экспарт, тым большыя субсыдыі ад дзяржавы. У чым выгада такой эканомікі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG