Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за нечаканым візытам прэзыдэнта Сэрбіі?


Глод: У Беларусі з двухдзённым візытам знаходзіцца прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч. У ягоным зьяўленьні ў Менску ёсьць як мінімум дзьве адметнасьці. Па-першае, гэты візыт чамусьці не анансаваўся. Па-другое, прэзыдэнт балканскай краіны прыляцеў звычайным рэйсам кампаніі Lufthansa.

Фармальна спадар Нікаліч прыляцеў, каб разьвітацца са сваім сябрам — так ён называе Аляксандра Лукашэнку. У Сэрбіі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамог Аляксандар Вучыч. У апошні дзень траўня Вучыч афіцыйна пачне выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы, а Нікаліч пойдзе ў адстаўку.

Цяпер кіраўнік Беларусі ўзнагародзіў Нікаліча ордэнам Дружбы Народаў. За што — зразумела.

У Сэрбіі да Лукашэнкі стаўленьне асаблівае. Сэрбія ў свой час была стрыжнем для Югаславіі. Гэтаксама як, напрыклад, Расейская Фэдэрацыя для Савецкага Саюзу. Аднак іншыя рэспублікі Югаславіі не захацелі жыць пад дыктатам Сэрбіі, калі ўсе рашэньні прымаліся выключна ў Бялградзе. Можна казаць, што ў Югаславіі пачалася грамадзянская вайна. У яе вымушана было ўмяшацца НАТО. І Лукашэнка, як мы памятаем, лятаў у Бялград падчас бамбардаваньняў. Пра гэта сэрбы памятаюць дагэтуль. Таму ў Сэрбіі і стаўленьне да яго зусім іншае, чым, напрыклад, у Харватыі ці Босьніі.

Цяпер кіраўнік Беларусі ўзнагародзіў Нікаліча ордэнам Дружбы Народаў. За што — зразумела. Лукашэнка сам сказаў пра гэта: маўляў, Нікаліч яшчэ да свайго абраньня прэзыдэнтам ня проста прыяжджаў у Беларусь, а адкрыта, сумленна і прынцыпова падтрымліваў і займаў жорсткую пазыцыю па абароне інтарэсаў беларускага народу. Гэта — галоўнае.

Суразмоўцы запэўнілі адзін аднаго, што будуць і надалей падтрымліваць цесныя стасункі. У прыватнасьці, Нікаліч заявіў, што пасьля сыходу з пасады прэзыдэнта можа працягнуць курыраваць супрацоўніцтва Беларусі і Сэрбіі. «Мы паставілі нашы дачыненьні на такі высокі ровень, што яны ўжо ніколі ня змогуць пагоршыцца», — сказаў Нікаліч. Беларускі прэзыдэнт папрасіў Таміслава Нікаліча «далёка не адыходзіць» ад дачыненьняў паміж Беларусьсю і Сэрбіяй, трымаць іх у полі зроку, часьцей прыяжджаць у Беларусь і падказваць, на што трэба зьвярнуць увагу.

Я бачу ў гэтым візыце звычайнае разьвітаньне двух людзей, якія добра ведаюць адзін аднаго.

На гэтым, здаецца, можна было б і ставіць кропку. Усё ясна і зразумела. Але ж, акрамя дзьвюх згаданых мною на самым пачатку размовы адметнасьцяў візыту Нікаліча, існуе і трэцяя. І, мабыць, найважнейшая. Эўразьвяз, як вядома, не вітае кантакты з Лукашэнкам з боку кіраўнікоў краін Эўразьвязу. Сэрбія ў эўрапейскую сям’ю пакуль афіцыйна не ўваходзіць. Але да гэтага настойліва імкнецца. Таму, на першы погляд, выглядае дзіўным — навошта прэзыдэнту краіны, якая вядзе перамовы аб уваходзе ў Эўразьвяз, дэманстратыўна сустракацца з Лукашэнкам, прымаць з рук беларускага дыктатара ордэн? Некаторыя палітолягі і палітыкі нават пачалі разглядаць вэрсію, што Нікаліч прыбыў у Менск з сакрэтнай місіяй з Брусэлю. Маўляў, адтуль наўмысна падаслалі да Аляксандра Лукашэнкі пасярэдніка, лірыка славянскага братэрства.

Асабіста мне гэтая вэрсія ня бачыцца рэальнай. Ну што, акрамя агульнавядомых рэчаў, можа сказаць Нікаліч Лукашэнку? Параіць яму ня верыць Захаду? Але ж Сэрбія сама імкнецца ў Эўразьвяз. Параіць па-ранейшаму трымацца Пуціна? Пра гэта Лукашэнка ведае і бязь Нікаліча. Таму я бачу ў гэтым візыце звычайнае разьвітаньне двух людзей, якія добра ведаюць адзін аднаго. І якія сапраўды зьбіраюцца і далей падтрымліваць добрыя дачыненьні.

Карбалевіч: Думаю, у гэтым візыце два складнікі. Першы — гэта, хутчэй, нават не палітычны, а псыхалягічны чыньнік. У Лукашэнкі настальгія па тых часах, калі Беларусь падтрымлівала Югаславію падчас вайны з НАТО ў 1999 годзе, калі кіраўнік Беларусі лётаў у Бялград, каб прадэманстраваць салідарнасьць. Сам Лукашэнка лічыць гэта такім гераічным эпізодам сваёй біяграфіі, вельмі ганарыцца ім. А Нікаліч — гэта палітык, які вельмі актыўна карыстаецца рыторыкай адзінства з славянскай Расеяй, ну і зь Беларусьсю заадно.

І яшчэ — Сэрбія знаходзіцца ў Эўропе. Тое, што Беларусь знаходзіцца ў пэўнай ізаляцыі ў Эўропе, што Лукашэнку не запрашаюць у эўрапейскія краіны, лідэры краін Эўропы не прыяжджаюць у Беларусь, — усё гэта выклікае ў Лукашэнкі пэўны псыхалягічны дыскамфорт. Таму ён рады сэрбскаму госьцю, каб прадэманстраваць сабе і ўсёй краіне, што вось жа няма ізаляцыі, з Эўропы да нас едуць.

Гэты праект рэалізоўваюць сэрбскія бізнэсоўцы браты Карычы. Яны карыстаюцца заступніцтвам беларускага кіраўніцтва, атрымалі вялікія льготы.

Другі момант — эканамічны. Хоць гандаль паміж Беларусьсю і Сэрбіяй ня вельмі вялікі, але ёсьць нейкі закулісны эканамічны гешэфт. Падчас папярэдняга прылёту ў Менск у лістападзе 2015 году Нікаліч разам з Лукашэнкам удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі закладаньня памятнай капсулы на знак пачатку будаўніцтва комплексу «Мінск-Мір». Гэты праект рэалізоўваюць сэрбскія бізнэсоўцы браты Карычы. Яны карыстаюцца заступніцтвам беларускага кіраўніцтва, атрымалі вялікія льготы. Прычым будуюць яны зь вялікімі парушэньнямі, што афіцыйна зафіксавана. Калі б гэта былі беларускія бізнэсоўцы, то сядзелі б у турме. Якія паслугі Карычы аказваюць Лукашэнку ўзамен — невядома.

Цыганкоў: Беларуска-сэрбскія дачыненьні маюць такую асаблівасьць, якой ня маюць афіцыйныя дачыненьні Менску зь іншымі краінамі Эўропы. Усё-ткі Сэрбія, пры тым, што яна эўрапейская краіна і падала заяўку ў Эўразьвяз, — яна пакуль не яго сябар і можа праводзіць нейкую адрозную палітыку, і мае сваё стаўленьне да такіх краін, як Беларусь і Расея. Таміслаў Нікаліч — гэта прэзыдэнт Сэрбіі, які адыходзіць — там ужо адбыліся выбары, і быў абраны Аляксандар Вучыч. Прэзыдэнт, які адыходзіць, мае пэўную свабоду ў сваіх дзеяньнях, мае магчымасьць не настолькі быць зьвязаным сваім статусам, як новаабраны прэзыдэнт.

Гэта менавіта візыт, зьвязаны зь беларуска-сэрбскімі дачыненьнямі, і ня больш за тое.

У Сэрбіі асаблівае стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі. Як бы ні ставіліся сэрбы да свайго аўтарытарнага кіраўніка Мілошавіча, але тое, што Лукашэнка выступаў супраць бамбаваньняў НАТО, безумоўна, засталося ў іхнай памяці. І яны лічаць, што Лукашэнка — адзін зь нямногіх палітыкаў, які падтрымліваў краіну, а не канкрэтна тагачаснага кіраўніка Мілошавіча. Хоць, вядома, з нашага пункту гледжаньня Аляксандар Лукашэнка праяўляў свае палітычныя сымпатыі менавіта да аўтарытарнага кіраўніка. І да кіраўнікоў Іраку, Лібіі, у тым жа шэрагу быў і сэрбскі кіраўнік Мілошавіч.

На будучыя дачыненьні гэты візыт сэрбскага прэзыдэнта ніяк не паўплывае, я ня схільны лічыць праўдападобнай вэрсію, што Нікаліч — нейкі там парлямэнтэр з боку Эўразьвязу. Гэта менавіта візыт, зьвязаны зь беларуска-сэрбскімі дачыненьнямі, і ня больш за тое.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG