Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзін пояс — адзін шлях»: слуцкі пояс на кітайскім шаўковым шляху


Зьлева направа - кіраўнікі Расеі, Беларусі і Кітая Ўладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін на форуме ў Пэкіне 15 траўня.

Што прывязе Алясандар Лукашэнка з форуму ў Пэкіне «Адзін пояс — адзін шлях»?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Карбалевіч: Аляксандар Лукашэнка 13-16 траўня ладзіць чарговую, 10-ю паездку ў Кітай. Але цяперашні візыт крыху адрозьніваецца ад папярэдніх. Кіраўнік Беларусі паехаў на міжнародны форум «Адзін пояс — адзін шлях», у якім узялі ўдзел лідэры 29 краінаў, а ўсяго туды прыбылі дэлегацыі з больш чым 130 дзяржаваў.

Стратэгічная канцэпцыя стварэньня эканамічнага пояса шаўковага шляху была вылучана старшынём КНР Сі Цзіньпінам у верасьні 2013 года. Сэнс гэтай ініцыятывы палягае ў тым, каб стварыць сетку аўтамабільных, чыгуначных і марскіх шляхоў і трубаправодаў праз Эўропу, Афрыку і Азію, якія злучаць розныя кропкі сьвету з Кітаем. Дзеля рэалізацыі праекту выдаткаваныя вялізныя грошы.

Акрамя эканамічнага чыньніку, гэты праект і цяперашні форум у Пэкіне мае вялікі палітычны і гістарычны, сымбалічны сэнс. Ён закліканы прадэманстраваць веліч і моц Кітая, адрадзіць статус Паднябеснай імпэрыі, стаць трыюмфам зьнешняй палітыкі старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Паўстала канкурэнцыя паміж краінамі за тое, каб глябальныя камунікацыі праходзілі па іх тэрыторыі.

Зразумелая справа, праект Шаўковага шляху выклікаў вялікую цікавасьць у сьвеце. Усе хочуць атрымаць кітайскія грошы. Паўстала канкурэнцыя паміж краінамі за тое, каб глябальныя камунікацыі праходзілі па іх тэрыторыі.

Калі казаць пра сухапутны Шаўковы шлях зь Кітая ў Эўропу, то аптымальным можа быць прызнаны кірунак Казахстан — Расея — Беларусь — Польшча. Нашая краіна задзейнічаная ў двух з чатырох ключавых маршрутаў гэтага праекту. У кітайскіх СМІ прыводзяцца велізарныя сумы, ужо нібыта затрачаныя на рэалізацыю Шаўковага шляху.

Аднак праект разьлічаны на тэрмін да 2049 году. За гэты час можа прыляцець які-небудзь «чорны лебедзь», які ўсё рэзка зьменіць.

Але галоўная праблема ў іншым. Пераважная большасьць пагадненьняў Кітая ці кітайскіх карпарацый, банкаў зm іншымі дзяржавам у рамках гэтага праекта зьяўляюцца хутчэй дэклярацыямі аб намерах.

А вось канкрэтныя лічбы. Азіяцкі банк інфраструктурных інвэстыцыяў у 2016 годзе выдаў усяго $1,7 млрд на дзевяць праектаў, шэсьць зь якіх суфінансаваў Сусьветны банк і іншыя структуры. Мізэр. Думаю, ня трэба тлумачыць, што ўсе гэтыя грошы — гэта крэдыты. Пры гэтым кітайцы прад’яўляюць жорсткія рынкавыя патрабаваньні па забесьпячэньні пазыкаў. У прыватнасьці, большасьць пабудаваных Кітаем інфраструктурных аб’ектаў у Пакістане і М’янме пасьля здачы будуць ад 30 да 50 гадоў знаходзіцца ва ўласнасьці КНР. Інакш кажучы, ніякай халявы, кітайцы жорстка і пасьлядоўна ахоўваюць свае інтарэсы.

Беларусь прадае ў Кітай тавараў у чатыры разы менш, чым купляе.

І дачыненьні Беларусі з Кітаем як раз зьяўляюцца добрай ілюстрацыяй гэтай тэзы. Беларусь прадае ў Кітай тавараў у чатыры разы менш, чым купляе. Замест інвэстыцыяў — крэдыты, прычым, зьвязаныя. Ня думаю, што гэтая паездка Лукашэнкі на форум у Пекін нешта памяняе у такой схеме.

Вось паведамляецца, што ўжо падпісаныя дамовы з кітайскім бокам па рэалізацыі трох праектаў у машынабудаваньні на агульную суму больш за $340 млн. Таксама паведамленьне: Мінсельгасхарч Беларусі ў нядзелю падпісаў пратакол аб намерах з кітайскай карпарацыяй DRex аб прамых інвэстыцыях у сельскагаспадарчы сэктар Беларусі на суму $1 млрд. Але ключавое слова тут — пратакол аб намерах.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка заўсёды выкарыстоўвае магчымасьць стаць удзельнікам ці партнэрам тых структураў, дзе Беларусь прымуць зь цяперашнім яе палітычным ладам. Паколькі шляху ва многія эўрапейскія структуры па палітычных прычынах зачыненыя, то увесь час беларускае кіраўніцтва шукае магчымасьць уваходу ў іншыя структуры.

І Беларусь, даволі далёкая ад Азіі, увайшла ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС) і спрабуе там знайсьці сваю нішу. Хоць у свой час, у нулявыя гады і напачатку дзесятых, з вялікай помпай прапаганда гаварыла пра рух недалучэньня і пра тое, якую вялікую ролю там адыгрывае Беларусь і якія гэты рух можа даць палітычныя дывідэнды. Але, як высьветлілася, нічога з гэтага не апраўдалася, і зараз ужо мала хто ўзгадвае пра сяброўства Беларусі ў гэтым руху.

Праўладныя палітолягі кажуць пра тое, што Кітай можа стаць геапалітычным апірышчам.

Афіцыйны Менск падкрэсьлівае, што Кітай зьяўляецца стратэгічным партнэрам для Беларусі. Аляксандар Лукашэнка сам казаў, што Кітай — спрыяльны партнэр, які ў адрозьненьне ад Захаду не гаворыць пра правы чалавека, не ставіць гэтае пытаньне, а ў адрозьненьне ад Расеі не патрабуе нейкіх геапалітычных саступак. І праўладныя палітолягі кажуць пра тое, што Кітай можа стаць геапалітычным апірышчам, спрабуюць падвесьці грамадзкасьць да разуменьня той ролі, якую будзе адыгрываць Кітай нават як нейкая супрацьвага Расеі.

Андрэй Фёдараў у нядаўняй перадачы «Экспэртыза Свабоды» паставіў пытаньне рубам: калі ўявіць сабе, што Расея сапраўды пажадае анэксіраваць Беларусь, няўжо Кітай выступіць у абарону Беларусі? Ён што — абвесьціць вайну Расеі дзеля таго, каб абараніць Беларусь? Не. Ці калі ўявіць больш фантастычны варыянт, калі NATO пажадае захапіць Беларусь, Кітай што, будзе ваяваць з NATO? Дык у чым тое партнэрства, пра якое кажа Аляксандар Лукашэнка? Хутчэй у тым, пра што казаў Валер Карбалевіч — што ў абмен на гэтае сяброўства Кітай усё больш падмінае пад сябе эканамічнае супрацоўніцтва. Таваразварот ідзе на карысьць Кітаю, крэдыты зьвязаныя, кітайскія інвэстыцыі, кітайскія працоўныя прыяжджаюць у Беларусь.

Афіцыйны Менск відавочна ідзе на гэта менавіта з-за палітычнага сяброўства, стратэгічнага партнэрства. Але што яно можа прынесьці Беларусі акрамя нейкага галасаваньня ў ААН, дзе Кітай адна са ста іншых краін, цяжка сказаць.

Дракахруст: У разважаньнях пра такога кшталту супрацоўніцтва, візытаў і яго вынікі, варта ўстрымлівацца ад аднабаковых ацэнак. Адна ацэнка — якую часам даюць праўладныя палітолягі, што Кітай — вялікі сябра Беларусі, ён нам зараз заменіць Расею, і пальецца золата на Беларусь. Гэта ня так.

Але перабольшаньнем ёсьць і іншы падыход, што ўвогуле Кітай — гэта бізнэсовец-махляр, што кітайцы ўсіх хочуць абдурыць і захапіць. Увесь сьвет гандлюе з Кітаем, і Амэрыка, і Эўразьвяз. Неяк вынікі атрымліваюцца. Той жа Казахстан гандлюе з Кітаем і мае на гэтым шмат выйгрышаў. І таму казаць, што для Беларусі супраца з Кітаем — гэта толькі жах і катастрофа, я б не стаў.

Калі гэтая лягістыка запрацуе і будзе прыносіць даход, можна будзе расплаціцца з таго даходу і быць з прыбыткам і з дарогай.

Кітай велізарная багатая краіна. Той праект, які яны цяпер рэалізоўваюць — клясычны праект для Беларусі як для транзытнай краіны. Збудуюць там яны нейкія прадпрыемствы ці не збудуць — гэта пытаньне, але лягістыку транзыту яны збудуюць безумоўна. За зьвязаныя крэдыты, ну дык зьвязаныя крэдыты гэта што — не грошы? Калі гэтая лягістыка запрацуе і будзе прыносіць даход, можна будзе расплаціцца з таго даходу і быць з прыбыткам і з дарогай.

Цікавае нядаўна было апублікаванае інтэрвію Кірыла Рудага, пасла Беларусі ў Пэкіне. Ён там агучыў даволі сымбалічны факт, і напэўна дзіўны для беларусаў — што ўпершыню сярэднія заробкі ў Кітаі сталі вышэйшымі, чым у Беларусі. І ў гэтым сэнсе Беларусь для Кітая гэта, акрамя ўсяго, рынак з таннай працоўнай сілай. Раней такім быў сам Кітай для Захаду, цяпер такім рынкам робіцца для Кітая Беларусь.

Безумоўна, разьлічваць на тое, што Кітай будзе ставіцца да Беларусі як да Паўночнай Карэі ці як да Ганконгу, нельга. Прычым стасункі ня будуць такімі ж і ў пытаньні завозу кітайцаў у Беларусь. У Казахстане гэта часткова праблема, таму што ёсьць мяжа з Кітаем. Праз тысячу кілямэтраў велізарную колькасьць людзей ніхто не будзе весьці.

Супраца з Кітаем — не залаты ключык для беларускай эканомікі, але і не заведамы правал.

Супраца з Кітаем — не залаты ключык для беларускай эканомікі, але і не заведамы правал, сама па сабе сытуацыя, а менавіта транзытныя перавагі Беларусі і адносна танная працоўная сіла — гэта падставы для таго, каб супраца мела ці магла б мець плён.

Цыганкоў: Аднак і ў ЗША эканамічныя адносіны з Кітаем зьяўляюцца істотнай праблемай, якая прагучала падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Дональд Трамп казаў пра нераўнапраўнасьць у эканамічных адносінах, пра тое, што Кітай махлюе, дзейнічае перш за ўсё на сваю карысьць, а ня ў межах двухбаковых узаемавыгадных адносінаў. Праблема ёсьць нават для такой вялікай краіны.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG