Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджанскі суд прыняў рашэньне заблякаваць сайт «Свабоды»


Суд у Баку 12 траўня прыняў рашэньне канчаткова заблякаваць у краіне сайт азэрбайджанскай службы Радыё Свабода.

Азэрбайджанскі ўрад вынес пастанову аб блякаваньні службы пры канцы сакавіка 2017 году. Пракуратура пастанавіла, што сайт Радыё Свабода і яшчэ некалькі рэсурсаў «уяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы».

Радыё Свабода з гэтым рашэньнем не пагадзілася і падала ў суд, які стаў на бок чыноўнікаў. Суд 12 траўня задаволіў запыт Мінсувязі Азэрбайджану аб блякаваньні 5 сайтаў на тэрыторыі краіны, але адначасова адмовіў у хадайніцтве блякаваць у далейшым гэтыя сайты, калі яны будуць працаваць пад іншымі імёнамі.

Блякаваньне мае сталы характар і можа быць спынена толькі рашэньнем Мінсувязі.

Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі RFE/RL Томас Кент раней назваў дзеяньні ўладаў Азэрбайджану спробай «адкрыта ўвесьці цэнзуру» і запалохаць незалежную прэсу ў Азербайджане. Гэта, па словах Кента, зьяўляецца замахам на асноўныя правы чалавека і парушэньнем міжнародных канвэнцый.

Адзін з заснавальнікаў газэты «Азадлыг» (яе сайт у Азербайджане таксама афіцыйна заблякаваны) у інтэрвію Голасу Амэрыкі абвінаваціў у блякаваньні мэдыярэсурсаў жонку прэзыдэнта Мехрыбан Аліеву, якая цяпер займае пасаду віцэ-прэзыдэнта краіны.

*****

Улады Азэрбайджану пачалі прымаць захады супраць сайту азэрбайджанскай службы Радыё Свабода пасьля публікацыі матэрыялаў расьсьледаваньня незаконных фінансавых апэрацый, зьвязаных з сямʼёй прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева і яго атачэньня. Менавіта з Радыё Свабода супрацоўнічала журналістка Хадзіджа Ісмаіл, якая атрымала турэмны тэрмін пасьля публікацыі матэрыялаў расьсьледаваньняў афшораў, зьвязаных з сямʼёй Аліева.

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» ацэньвае Азэрбайджан па ўзроўні свабоды слова як «несвабодную» краіну, якая займае 162-е месца ў сьвеце са 180.

Па дадзеных аўтараў дакладу, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў з 2014 году вядзе «бязьлітасную» вайну супраць сваіх апанэнтаў. «Незалежных журналістаў і блогераў абражаюць, зьбіваюць, шантажуюць або спрабуюць падкупіць, а калі гэта не прыносіць выніку — садзяць у турмы. Незалежныя мэдыя, такія як азэрбайджанская служба «Радыё Свабода», душаць эканамічнымі мэтадамі або проста закрываюць. А журналістаў, такіх як Эмін Мілі або Ганімат Захід вымушаюць зьяжджаць з краіны, — сказана ў дасьледаваньні «Рэпарцёраў без межаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG