Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскага блогера Зьмітра Гарбунова арыштавалі на 10 сутак


Зьміцер Гарбуноў

У судзе Ленінскага раёну Берасьця адбыўся працэс над блогерам Зьмітром Гарбуновым, якога зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыянтам. Блогер быў затрыманы 1 траўня на выхадзе з уласнага дому.

Судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Дзьмітры Шурын прызнаў блогера вінаватым і прысудзіў яму 10 сутак арышту.

Блогер Зьміцер Гарбуноў быў затрыманы 1 траўня за паўгадзіны да акцыі «чыстых аркушаў». Ён выходзіў са сваёй кватэры з актывістам Аляксандрам Кабанавым. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС, на іх склалі пратаколы за непадпарадкаваньне міліцыі. Суткі да суду Гарбуноў і Кабанаў правялі ў ізалятары.

На судзе 2 траўня Зьміцер Кабанаў заявіў хадайніцтва аб адвакаце, судзьдзя перанёс паседжаньне на 3 траўня.

У «акцыі чыстых аркушаў» 1 траўня ў Берасьці ўзялі ўдзел некалькі чалавек. Людзі проста стаялі каля кінатэатру «Беларусь», трымаючы ў руках чыстыя аркушы паперы і не выкрыкваючы ніякіх лёзунгаў.

2 траўня Ленінскі суд Берасьця пакараў Уладзімера Казлоўскага за ўдзел у гэтай акцыі 10 суткамі арышту, а Інгу Абрамаву і Аляксея Самайлюка — штрафамі.

3 траўня, апроч Зьмітра Гарбунова, быў пакараны 11 суткамі арышту актывіст АГП Аляксандар Кабанаў.

XS
SM
MD
LG