Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараюць партыю «Жаночая альтэрнатыва»


Ніна Стужынская
Ніна Стужынская

У Менску адбылося паседжаньне аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Жаночая альтэрнатыва».

Ініцыятаркі праекту — Ніна Стужынская і Валянціна Болбат.

«У 1990-я на хвалі дэмакратыі паўставалі жаночыя арганізацыі, партыя „Надзея“. А сёньня ў Беларусі іх не засталося, няма жаночых фракцыяў, — адзначыла „Беларускаму партызану“ Ніна Стужынская. — Да жанчын у партыйным руху ставяцца як да „абслугі“. Яны патрэбныя для выкананьня пэўнай працы. Звычайна напярэдадні прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх ці мясцовых выбараў пры партыях раптам пачынаюць стварацца жаночыя НДА. І зразумела, чаму. Партыя мае патрэбу ў новых каналах фінансаваньня, „працоўнай сілы“ на выбарах. Таму і зьяўляюцца жаночыя праекты».

Спадарыня Стужынская кажа, што практыка функцыянаваньня жаночых суполак сьведчыць: жанчыны аб’ядноўваюцца ў саюзы, калі ім трэба вырашыць і прасунуць уласныя задачы, а ня проста прапагандаваць праграму партыі:

«Ніводная з партыяў за час свайго існаваньня не выпрацавала пазыцыі ў пытаньні аб правах жанчын. Акрамя таго, нават асобныя спробы прасунуць гендэрны парадак натыкаюцца на надуманыя працэдуры, калі для вырашэньня пытаньня аб правядзеньні аналізу дзейнасьці жаночай групы патрабуецца згода прэзыдыюму партыі ці ЦК. Такое ўражаньне, што пытаньне носіць сакрэтны характар. Відавочна, што гендэрная разбалянсаванасьць як у палітычных партыях, так і ва ўладзе нэгатыўна ўзьдзейнічае на эфэктыўнасьць палітычнай сыстэмы».

Адна з задач новага аб’яднаньня — гендэрная роўнасьць, зьмена стэрэатыпаў аб ролі жанчын і мужчын у сучасным грамадзтве, забесьпячэньне аднолькавых правоў для самарэалізацыі як у публічнай сфэры, так і ў прыватнай, выраўноўваньне існуючых дысбалянсаў:

«Напрыклад, павелічэньне ўдзелу жанчын у палітыцы і большае прыцягненьне мужчын у працэс выхаваньня дзяцей у сям’і. Да такіх зьменаў немагчыма прыйсьці без фармаваньня шырокай грамадзкай пазыцыі, падтрымкі дзяржавы. Важна мяняць законы, прапісваць эфэктыўныя мэханізмы і санкцыі для дасягненьня раўнапраўя жанчын і мужчын. На жаль, сёньня беларускія палітыкі нярэдка дазваляюць сабе дыскрымінацыйныя выказваньні ў дачыненьні да жанчын. Інстытуцыянальны мэханізм прасоўваньня гендэрнай роўнасьці працуе слаба: нацыянальны плян мае толькі фармальнае значэньне».

Паводле Ніны Стужынскай, ідэя «Жаночай альтэрнатывы» ўзьнікла перадусім таму, што жанчыны маюць патрэбу ў падтрымцы для інтэграцыі ў палітыку ў сілу сваёй сацыяльнай выключанасьці:

«Жанчыны няма там, дзе фармуецца і дзеліцца бюджэт, вызначаюцца ўнутрыпалітычныя і вонкавыя прыярытэты; дагэтуль мала жанчын у вялікім бізнэсе», — падсумоўвае ініцыятарка стварэньня жаночай партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG