Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты супраць выбараў у Францыі: у акцыях удзельнічалі 2 тыс. чалавек, 143 затрыманыя


У ноч пасьля першага туру прэзыдэнцкіх выбараў ў Парыжы і некалькіх іншых гарадах прайшлі акцыі пратэсту. Паводле дадзеных Le Figaro, якая спасылаецца на дадзеныя паліцыі, усяго было затрымана 143 чалавекі, зь іх пазьней пад варту ўзялі 29 чалавек. Шасьцёра паліцыянтаў і трое пратэстоўцаў атрымалі раненьні.

У Парыжы антыфашысцкая група плянавала зладзіць «ноч барыкад». Удзельнікі акцыі былі незадаволеныя тым, што ў другі тур выйшлі менавіта Марын Лё Пэн і Эмануэль Макрон. Дэманстранты пачалі зьбірацца позна ўвечары ў нядзелю на плошчы Бастыліі. Яны размахвалі чырвонымі сьцягамі і скандавалі «Не Марын і не Макрон».

«Мы прыйшлі пратэставаць супраць маскараду, які ўяўляюць сабой гэтыя выбары, — заявіў адзін з удзельнікаў пратэстаў AFP. — Усе гэтыя галоўныя кандыдаты — яны хочуць толькі кіраваньня алігархаў, якія рабуюць народ».

Паводле паведамленьняў некалькіх СМІ, для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжыла сьлёзацечны газ.

Яшчэ некалькі сутыкненьняў пратэстуючых з паліцыяй адбыліся на ўсходзе Парыжу. Паліцыя паведаміла, што ў 10-й акрузе былі спаленыя пяць аўтамабіляў і разьбітыя некалькі вітрын крамаў.

Сутыкненьня і пратэстныя мітынгі прайшлі таксама ў Ліёне, Бардо, Граноблі, Руане, Тулюзе, Рэнэ і Нанце. Паліцыя ацэньвае агульную колькасьць удзельнікаў пратсэтаў прыкладна ў 2 тысячы чалавек. Найбольш шматлікімі былі акцыі ў Нанце (там сабралася блізу 300 удзельнікаў) і Тулюзе (250 чалавек). У Бардо паліцыя затрымала дваіх пратэстуючых, адзін пазьней быў зьмешчаны пад арышт.

Эмануэль Макрон выйграў першы тур выбараў прэзыдэнта Францыі, набраўшы 23,75% галасоў выбаршчыкаў. Другое месца заняла лідэр ультраправага «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн, якая атрымала 21,53% галасоў. Разам з Макронам яна выходзіць у другі тур, які адбудзецца 7 траўня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG