Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя. Кіпрыян Кандратовіч


Кіпрыян Кандратовіч
Кіпрыян Кандратовіч

Кандратовіч Кіпрыян Антонаў. Нарадзіўся 28.04.1859 г. у в. Зіневічы Лідзкага пав. Віленскай губ. (цяпер Воранаўскі р-н Горадзенскай вобл.). Памёр 31.10.1932 г. у маёнтку Гародна Лідзкага пав. Віленскага ваяводзтва (цяпер Воранаўскі р-н). Пахаваны каля царквы ў г. п. Воранава Горадзенскай вобл.

Аляксандар Салжаніцын назваў Кіпрыяна Кандратовіча генэрал-дэзэртырам. Значна раней — у 1910 годзе — іншы расейскі аўтар тытуляваў яго львом у мундзіры. Якраз у 1910 г. пабочнаму сыну павятовага судзьдзі графа Юрыя Трубяцкога, усыноўленаму шляхціцам Антонам Кандратовічам, быў нададзены ранг генэрала ад інфантэрыі.

Шлях Кандратовіча да самага верху вайсковай кар’еры доўжыўся 35 гадоў. Ён браў удзел у паходзе расейскай арміі ў Кітай, дзе адбывалася нацыянальна-вызвольнае паўстаньне іхэтуаняў («баксэраў»), у расейска-японскай вайне 1904–1905 гг. праславіўся ў Ляоянскай бітве, а ў бітве пры Сандэпу быў паранены. Яго заслугі былі адзначаны ордэнам сьв. Георгія.

Горш складваліся справы генэрала ў часе І сусьветнай вайны. Армейскі корпус, якім ён камандаваў, пацярпеў паразу і панёс вялікія страты. Сам Кандратовіч падаўся з Прусіі на ўсход і гэтак пазьбег акружэньня і палону. Астатак вайны ён правёў то ў рэзэрве, то ў звальненьні ад службы, то зноў у рэзэрве, то на другараднай пасадзе. Ужо пасьля падзеньня царызму (у траўні 1917-га) яго, колісь карпуснога, прызначылі камандзірам дывізіі.

У тым самым 1917-м прозьвішча генэрала значыцца ў сьпісе сябраў БНПС. Ён становіцца сябрам Часовай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, Менскага беларускага народнага прадстаўніцтва. Ад апошняга ў красавіку 1918 г. яго кааптавалі ў Раду БНР.

9 ліпеня зацьверджаны народным сакратаром унутраных спраў БНР у кабінэце Рамана Скірмунта, але працаваць на гэтай пасадзе яму практычна не давялося: урад Скірмунта пратрымаўся 2 тыдні.

Арміяй Кандратовічу таксама не давялося камандаваць, хоць у адным з дакумэнтаў у лістападзе 1918-га яго менавалі галоўнакамандуючым Беларускай Народнай Арміі.

У 1919–1920 гг. Кандратовіч быў дараднікам беларускай дэлегацыі на Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы. Нельга сказаць, што яго праца ў складзе беларускай дэлегацыі плённай. Як пісаў Аўген Ладноў, Кандратовіч баяўся за свой маёнтак, таму быў супраць антыпольскіх выступленьняў. З другога боку, увосень 1919-га, калі зноў нібыта зьявілася магчымасьць стварыць беларускае войска, Беларуская Вайсковая Камісія не хацела мець нічога супольнага з генэралам.

Кандратовіча двойчы выключалі са складу дэлегацыі БНР у Парыжы: у лютым 1920-га А. Луцкевіч, у траўні — кабінэт Вацлава Ластоўскага. Генэрала вінавацілі, што ён разам з Аляксеем Азнабішным і Леанідам Барковым у 1919 г. заснаваў у Бэрліне расейскую манархічна-патрыятычную арганізацыю і ўступіў у сувязь з нямецкімі манархістамі.

Выблытаўшыся са складанай сытуацыі, Кандратовіч вярнуўся ў Беларусь. Літоўскі ўрад запрасіў яго на службу ў якасьці віцэ-міністра народнай абароны, аднак на літоўскай службе ён доўга не прабыў. Апошнія 10 гадоў жыў у сваім (купленым яшчэ за царом) маёнтку.

***

Беларускі генерал Цыпрыян Кандратовіч / Загадкі беларускай гісторыі. (Тэлеканал Белсат)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG