Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я мыю дома посуд, і з тэстастэронам у мяне ўсё цудоўна»


Мы наўмысна пачалі гэты артыкул цытатай з інтэрвію пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча на «Радыё Свабода», бо ў гэтай фразе ўздымаецца важная для нашага грамадзтва праблема гендэрнай ідэнтыфікаціі асобы.

Сапраўды, беларускія людзі прывыклі размяжоўваць мужчынскія і жаночыя абавязкі, якія ў масавай сьвядомасьці зьяўляюцца рысамі сапраўднай мужнасьці ці жаноцкасьці, напрыклад, выкананьне хатніх спраў бясспрэчна адносіцца да жаночых абавязкаў, і калі мужчына мые посуд — гэта неяк не стасуецца зь яго звыклай грамадзкай і сямейнай роляй.

У традыцыйным уяўленьні больш прыдатнае месца для мужчыны — гараж, аўтамабіль, рамонт і гэтак далей. У заходніх грамадзтвах ужо няма такога падзелу, хаця погляд на мужчынскую біялёгію і ў нас, і там аднолькавы. Ён заключаецца ў тым, што насамрэч паводзінамі мужчын, незалежна ад узросту і сэксуальнай арыентацыі, рухае мужчынскі палавы гармон — тэстастэрон. Гэта палавы гармон, які абумоўлівае наяўнасьць пэўных мужчынскіх рысаў.

Прывядзем прыклады. У чыста біялягічным сэнсе мужчыны значна меней у параўнаньні з жанчынамі хварэюць гэтак званымі аўтаімуннымі хваробамі злучальнай тканкі, такімі як сыстэмная склерадэрмія ці сыстэмная чырвоная ваўчанка. Гэта зьвязана з тым, што ў жанчын колькасьць тэстастэрону вельмі невялікая і таму яго абаронная роля ў прафіляктыцы такога кшталту хвароб нязначная. Тэстастэрон фарміруе таксама такія звыклыя для нашага ўспрыманьня рысы мускуліннасьці як разьвітая мышачная маса, другасныя палавыя прыкметы (тып аваласеньня, фігура), а таксама фарміруе важную для мужчыны з высокім узроўнем тэстастэрона рысу — амбіцыйнасьць і ўпартасьць у дасягненьні мэты.

Вось якраз зьмяншэньне гэтых якасьцей з узростам можа сьведчыць аб наяўнасьці такога стану здароўя як узроставы андрагенны дэфіцыт, галоўнай прычынай якога зьяўляецца зьніжэньне ўтрыманьня гармону тэстастэрон ў сываратцы крыві. Часам у жыцьці мы можам назіраць такую зьяву — быў актыўны мужчына, якому ўсё было патрэбна — добрая праца, павышэньне па службе, машына лепей чым у навакольных людзей, каб дзеці былі добра ўладкаваныя... Калі такога чалавека садзілі падчас нарады не на тое месца — яго гэта раздражняла. І раптам (гэта звычайна назіраюць жонкі) нешта здараецца. Мужчына становіцца ў нейкім сэнсе абыякавым да жыцьця ў параўнаньні са сваімі звычайнымі паводзінамі, кола яго цікавасьцяў і амбіцыйнасьці звужаецца, вечары ён праводзіць на канапе, уткнуўшыся ў тэлевізар. Відавочныя зьмены. Дык вось гэта можа быць зьвязана з разьвіцьцём узроставага андрагеннага дэфіцыту.

Безумоўна, каб высьветліць у чым справа, трэба зьвяртацца да лекара. Але вось на што хочацца зьвярнуць увагу. Справа ў тым, што узроставы андрагенны дэфіцыт у сярэднім разьвіваецца пасьля 55 гадоў. Але! Пры наяўнасьці любых шкодных звычак, напрыклад, курэньня ці хранічна недастатковага ўзроўню фізычнай актыўнасьці, ня лечанай артэрыяльнай гіпэртэнзіі ці іншых хранічных хвароб, узровень тэстастэрону пачынае зьніжацца значна раней, чым у мужчын, якія вядуць здаровы лад жыцьця і маюць хранічныя хваробы, якія кантралююцца лекарам. І адбываецца гэта ад 5 да 7 гадоў раней.

Так што з усяго сказанага вынікае практычная парада — каб захаваць добры ўзровень тэстастэрону ў сярэднім і сталым узросьце, трэба імкнуцца да разумна здаровага ладу жыцьця і зьвяртацца да лекараў для своечасовага выяўленьня хранічных хвароб і іх лячэньня. Тады хопіць здольнасьцей і на ўсе мужчынскія абавязкі, а яшчэ застанецца энэргія дапамагчы жонцы па гаспадарцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG