Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянін Узбэкістану прызнаўся, што зрабіў тэракт у Стакгольме


Паліцыя на месцы нападу

Грамадзянін Узбэкістану Рахмат Акілаў падчас слуханьняў у акруговым судзе Стакгольму ў аўторак прызнаўся, што зрабіў тэракт у швэдзкай сталіцы 7 красавіка. На допыце Акілаў заявіў, што заказчыкам тэракту была тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава».

«Ён прызнаўся ў тэрарыстычным злачынстве», — пацьвердзіў адвакат Акілава Юхан Эрыксан.

Раней кіраўнік мясцовай паліцыі Дэн Эліясан паведаміў, што ў праваахоўных органаў ёсьць як прамыя доказы адносна Акілава, так і яго ўласнае прызнаньне.

Суд заключыў Акілава пад варту. Расьсьледаваньне тэракту працягваецца, нягледзячы на прызнаньне віны, раней паліцыя заявіла, што расьсьледаваньне можа заняць год. Суд над злачынцам адбудзецца толькі пасьля завяршэньня ўсіх сьледчых мерапрыемстваў.

Грузавік, якім кіраваў Акілаў, заехаў на на пешаходную вуліцу ў Сткагольме ў пятніцу 7 красавіка каля 14:30. Машына праехала на вялікай хуткасьці каля 600 мэтраў, пасьля чаго ўрэзалася ў вітрыну крамы, зьбіўшы 18 чалавек. Пазьней паліцыя выявіла, што ў грузавіку была бомба.

Ахвярамі тэрарыстычнага нападу сталі 4 чалавекі, у тым ліку 11-гадовая дзяўчынка, яшчэ 15 пацярпелі. Загінулі два грамадзяніны Швэцыі, адзін падданы Вялікабрытаніі і адзін бэльгіец, яшчэ восем чалавек да гэтага часу знаходзяцца ў шпіталях, зь іх двое — у цяжкім стане.

Мяркуецца, што грузавік быў скрадзены ў піўной кампаніі, аднак хто менавіта гэта зрабіў — дагэтуль незразумела.

У той жа дзень паліцыя затрымала 39-гадовага Акілава, які ў Швэцыі працаваў будаўніком. Нейкі час таму грамадзянін Узбэкістану зьвяртаўся па палітычны прытулак у Швэцыі, але яму было адмоўлена. Улады Швэцыі выдалі загад аб яго дэпартацыі.

Паліцыя сьцьвярджае, што Акілаў сымпатызаваў джыхадыстам, аднак ва ўладаў не было падстаў думаць, што ён уяўляе пагрозу для грамадзтва.

XS
SM
MD
LG