Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне знойдзены арыгінал Акту аб незалежнасьці Літвы. Дзе шукаць беларускі Акт?


3-я Ўстаўная грамата БНР. Пачатак

У дыпляматычным архіве Нямеччыны 29 сакавіка 2017 году быў знойдзены арыгінал Акту аб незалежнасьці Літвы ад 16 лютага на літоўскай мове.

Гэтую інфармацыю BNS пацьвердзіў прафэсар унівэрсытэту ім. Вітаўта Вялікага Людас Мажыліс, піша літоўскі партал DELFI.

«Побач зь нямецкім варыянтам у справе быў літоўскі варыянт пастановы з усімі 20 відавочна арыгінальнымі подпісамі», — сказаў BNS Мажыліс. Паводле яго, ліст быў складзены, што пацьвярджае, што яго даслалі па пошце. Акт быў падшыты ў справу ў сакавіку. Мажыліс сказаў, што заняцца пошукамі акту яго заахвоціла набліжэньне стагодзьдзя зь дня гэтай падзеі. «Сурʼёзна і пасьлядоўна літоўскія навукоўцы, верагодна, недастаткова цікавіліся гэтай нямецкай лініяй. Я вырашыў высьветліць, якія ў Нямеччыне ёсьць архівы, наколькі яны даступныя. Высьветлілася, што нейкіх абмежаваньняў няма. Я напісаў электронны ліст у Дзяржаўны архіў Нямеччыны, напісаў, што мяне цікавіць гэты пэрыяд і што менавіта мяне цікавіць. Я атрымаў сьпіс спраў, у якія варта зазірнуць, што я і зрабіў. На гэта спатрэбілася толькі два дні », — сказаў Мажыліс.

Акт 16 лютага — дакумэнт, які быў складзены і падпісаны Саветам Літвы пад старшынствам Ёнаса Басанавічуса 16 лютага 1918 году ў Вільні. Акт у палітычным архіве МЗС Нямеччыны захоўваўся ў групе спраў пад назвай «Будучыня балтыйскіх правінцый: Літва». Па словах Мажыліса, у справе таксама знойдзены Акт аб незалежнасьці ад 11 сьнежня 1917 году са 19 подпісамі. У гэтым акце згадвалася пра цесны саюз паміж Літвой і Нямеччынай.

«Мы рады, што менавіта ў Нямеччыне, у архіве, атрымалася знайсьці Акт 16 лютага. Я спадзяюся, гэта дасьць дадатковы імпульс для дасьледаваньня таго пэрыяду. Гэта добры падарунак да 100-годзьдзя аднаўленьня дзяржавы», — сказаў BNS пасол Літвы ў Бэрліне Дэйвідас Матулёніс.

Арыгінал акту быў перададзены Басанавічусу, але ніколі ня быў агалошаны. Аб месцазнаходжаньні яго дублікату нічога не было вядома з 1940 году, калі Літва была акупаваная СССР. Да 1940 году ён захоўваўся ў архіве прэзыдэнцкага палацу ў Коўне. Некалькі гадоў таму ў СМІ была інфармацыя, быццам акт могуць захоўваць сваякі прэзыдэнта Антанаса Сьметоны. Канцэрн MG Baltic прапанаваў мільён эўра за арыгінал Акту 16 лютага 1918 году.

Пра тое, дзе можа знаходзіцца арыгінал Акту аб незалежнасьці Беларусі 1918 году, Свабода запыталася дасьледчыка гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі Ўладзімера Ляхоўскага.

— У Нацыянальным архіве Беларусі ёсьць арыгінал Трэцяй устаўной граматы, падпісаны народнымі сакратарамі, хто ўваходзіў у першы склад ураду БНР. Ёсьць дастаткова шмат дакумэнтаў, якія маюць аўтэнтычны склад. Для Літвы гэта, канечне, вялікае адкрыцьцё. Трэба паглядзець, калі наш такі дакумэнт быў падпісаны. Ці гэта адбылося ў ноч з 24 на 25 сакавіка, ці гэта было ўжо пазьнейшае зацьвярджэньне Трэцяй устаўной граматы.

— Ці вы бачылі Трэцюю ўстаўную грамату ў Нацыянальным архіве?

— У мяне ёсьць ксэракопія за подпісамі ўсіх першых сакратароў, членаў беларускага ўраду. Але ёсьць пытаньне наконт таго, ці гэта было адразу зроблена. Можа, гэта было зроблена пазьней. Там друкаваныя на машынцы ўнізе подпісы людзей.

— Якія дакумэнты яшчэ цікавяць беларускіх дасьледчыкаў і дзе іх варта шукаць?

Сам дакумэнт, які прымаўся Радай БНР, пакуль не выяўлены

— Справа ў тым, што дакумэнты ў Вільні, зь якімі працаваў Сяргей Шупа, і дакумэнты ў Менску — гэта фактычна фонд ураду БНР. Грунтоўныя дакумэнты, якія тычыліся дзяржаўнага жыцьця, прыманьня палітычных рашэньняў — гэта справа Рады БНР. Акт 25 сакавіка прымаўся Радай БНР, а не ўрадам. Той дакумэнт, пра які я кажу, — гэта сьведчаньне таго, што ён прызнаваўся членамі ўраду і быў падпісаны імі. А архіўных збораў, якія датычаць Рады БНР, на жаль, вельмі мала. Ёсьць шмат копій дакумэнтаў Рады БНР, а арыгіналаў ня так шмат. І ў Вільні, і ў Менску ляжаць фонды ўраду БНР. А арыгінальныя дакумэнты Рады БНР, прадстаўнічага органа ўлады не захавалася, прынамсі дагэтуль іх няма. Ёсьць асобныя фрагмэнты гэтага збору, якія ляжаць у Менску, Вільні і Маскве. Гэта рэшткі рускага замежнага архіву, куды ўваходзіў беларускі замежны архіў. Сам дакумэнт, які прымаўся Радай БНР, пакуль не выяўлены. Не выяўленыя і асноўныя фонды Рады БНР.

— Дзе яны могуць знаходзяцца?

У Маскве пяць нашых фондаў знаходзіцца, і вельмі абмежаваная колькасьць карыстальнікаў з Беларусі яго глядзела

— Урад БНР доўгі час знаходзіўся ў Коўне, асноўныя архіўныя зборы пэўны час знаходзіліся там да 1923 году. Зусім нядаўна ў Літве выявіліся дадатковыя дакумэнты з фонду БНР. Гэтая часта доўгі час не была анатаваная ў літоўскім дзяржаўным архіве. Яна таксама датычыць рады народных міністраў БНР. У 1923 годзе Рада БНР у скарочаным складзе пераехала ў Прагу. У Празе гэтыя архівы наўрад ці знаходзяцца, таму што ў 1947 годзе ўсё было перавезена ў Маскву. Гэта быў дар камуністычнага ўраду Чэхаславаччыны. У Маскве пяць нашых фондаў знаходзіцца, і вельмі абмежаваная колькасьць карыстальнікаў з Беларусі яго глядзела — я, Ніна Стужынская і польскія дасьледнікі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG