Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь уласнымі рукамі стварыла канкурэнта «Беларуськалію» ў Туркмэністане


«Беларуськалій»
«Беларуськалій»

Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візытам у Туркмэністане, сёньня ён сустракаецца з мясцовым кіраўніком Гурбангулы Бэрдымухамэдавым, заўтра возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця Гарлыцкага горнаўзбагачальнага камбінату, які ўзводзіўся пры дапамозе беларускіх спэцыялістаў.

Навошта беларусы ўзяліся за гэты праект, які фактычна стварае ім самім канкурэнта на ўсясьветным рынку ўгнаеньняў? Чаму Мясьніковіч адчытаў амбасадара Туркмэністану? Ці адбудзецца зьдзелка: мы вам дапаможам збудаваць камбінат, вы пастаўляеце нам танны газ і купляеце нашу зброю? Адказы на гэтыя пытаньні з дапамогай экспэртаў шукаў карэспандэнт Свабоды.

Чаму беларусы, а не эўрапейцы ці расейцы?

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Наколькі я ведаю сытуацыю, першапачаткова за ўзьвядзеньне гэтага камбінату зьбіраліся ўзяцца некалькі эўрапейскіх кампаній, — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру „Стратэгія“ Леанід Заіка. — Аднак пасьля разьведкі яны адмовіліся ад будаўніцтва. Занадта там складаная праца, вельмі няпростая гідралёгія. І кампаніі не змаглі даць гарантыі, што ўсё будзе працаваць эфэктыўна, бяз збояў. Расейцы адразу адмовіліся ад праекту, бо яны зыходзілі з прынцыпу: а навошта нам дадатковы канкурэнт на ўсясьветным рынку ўгнаеньняў? А ў Аляксандра Рыгоравіча, мабыць, разгулялася самалюбства. Таму за будаўніцтва ўзяліся як за прапагандысцкі прэстыжны праект».

І стварылі сабе канкурэнта

Леў Марголін
Леў Марголін

«Рэкляма беларускім шахцёрам і нейкі прыбытак ад будаўніцтва ня могуць нават і блізка параўнацца з тымі стратамі, якія нас чакаюць, — кажа эканаміст Леў Марголін. — Мы ўласнымі рукамі стварылі сабе канкурэнта. Прычым канкурэнта вельмі сур’ёзнага. Найбуйнейшыя пакупнікі беларускіх угнаеньняў знаходзяцца ў дзьвюх краінах — Кітаі і Індыі. А цяпер паглядзім на геаграфічную мапу. Абедзьве гэтыя краіны значна бліжэй да Туркмэністану, чым да Беларусі. Значыць, туркмэнскія ўгнаеньні будуць істотна перабіваць нашыя пастаўкі.

Мне было б зразумела, калі б Гарлыцкі камбінат узводзіла нейкая нэўтральная краіна, у якой няма ўласных калійных угнаеньняў, але якая мае вялікі досьвед будаўніцтва. Бо, па вялікім рахунку, нейкіх істотных адрозьненьняў пры будаўніцтве вугальнага ці калійнага камбінату няма. Але чаму за гэтую справу ўзялася краіна, якая сама здабывае калій і прадае яго ў вялікіх маштабах? Можа, таму, што хочам жыць сёньняшнім днём, ня думаючы, што будзе пазьней?»

Калій у абмен на газ і зброю

«Я думаю, што дапамога туркмэнам у будаўніцтве камбінату — гэта, калі можна так казаць, „шматвэктарная зьдзелка“ — працягвае Леанід Заіка. — Калі складанасьці з аплатай расейскага газу будуць працягвацца, Беларусь можа ў любы момант зьвярнуцца да туркмэнаў. Маўляў, мы вам дапамаглі, а цяпер вы выручайце нас. І гэта будзе цалкам лягічна. Калі Масква ўпрэцца і ня зьменшыць кошт на газ, Менск можа купляць яго ў Туркмэністане.

Другім складнікам дамовы лідэраў можа стаць зброя. У тым сэнсе, што Беларусь гатовая прадаць пэўную колькасьць сучаснай зброі ў Туркмэністан».

Не выключае апэрацыяў са зброяй і міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«У Беларусі працуе шмат амбасад і дыпляматычных прадстаўніцтваў з розных краін. Аднак далёка ня ўсе яны маюць у сваім складзе вайсковых аташэ. А вось у амбасадзе Туркмэністану такі супрацоўнік летась зьявіўся. Узьнікае законнае пытаньне: навошта краіне, якая прапагандуе свой нэўтралітэт, мець вайсковага аташэ ў Менску?

Грошы ў Туркмэністану ёсьць. І немалыя. Аднак, як сьведчаць людзі, якія добра ведаюць гэтую краіну, проста так, як кажуць, на вецер іх ня кідаюць. Можа, таму і прызначылі ў Менск вайскоўца, каб быць у курсе спраў».

Ці зарабіла Беларусь на Гарлыцкім камбінаце?

«На гэтым праекце Беларусь нічога не зарабіла. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, — кажа Леанід Заіка. — А калі там яшчэ і падземныя воды хлынуць, дык трэба асьцерагацца, каб ня трапіць у мінус. Ніхто ж гарантыяў, што там гэтага ня будзе, не дае. Адным словам, і так мы дурні, і гэтак».

Чаму ў Мясьніковіча лопнула цярпеньне?

Летась кіраўнік Савету Рэспублікі сустрэўся з амбасадарам Туркмэністану ў Беларусі Назаргулы Шагулыевым.

«Менск вельмі занепакоены невыкананьнем туркмэнскім бокам узятых на сябе фінансавых і іншых абавязаньняў па будаўніцтве Гарлыцкага горна-абагачальнага камбінату», — сказаў Мясьніковіч, які асабістым распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі прызначаны курыраваць ход будаўніцтва.

«Было падкрэсьлена, што гэты фактар, а таксама шматлікія перашкоды, у тым ліку суб’ектыўнага характару, зь якімі сутыкаюцца беларускія будаўнікі, нэгатыўна ўплываюць на ход будаўніцтва», — гаварылася ў тагачасным паведамленьні.

У той час з туркмэнскіх крыніц стала вядома, што генэральны падрадчык будаўніцтва камбінату «Белгорхімпрам» (Беларусь) трэці месяц не выплачвае сваім рабочым заробкі, прычым гэта тычыцца як мясцовых спэцыялістаў, так і беларускіх. Беларускіх спэцыялістаў спрабуюць пераканаць, што ў затрымках вінаваты туркмэнскі бок, які не пералічыў чарговы транш.

Даведка

Камбінат будуецца на базе Гарлыцкага радовішча калійных соляў на плошчы больш за 100 гектараў. Плянуецца, што ягоная магутнасьць будзе каля паўтара мільёна тон угнаеньняў на год. Кантракт на праектаваньне і будаўніцтва камбінату «Белгорхімпрам» атрымаў у 2010 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG