Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіная валюта нямэтазгодная, — чыноўніца Эўразійскай эканамічнай камісіі


Ілюстрацыйнае фота. Пасяджэньне Міждзяржаўнага савета ЭўрАзЭС

Эўразійская эканамічная камісія ня лічыць неабходным ініцыяваць увядзеньне адзінай валюты ў Эўразійскім эканамічным саюзе. Пра гэта паведаміла сябра калегіі асноўных напрамкаў інтэграцыі і макраэканомікі, расейская эканамістка Тацяна Валавая.

«На гэтым этапе ад увядзеньня адзінай валюты мы нічога не выйграем, — падкрэсьліла Валавая. — Калі ў 2017 годзе пачнём яе ўводзіць, то атрымаем больш выдаткаў, чым пераваг».

Больш важным пытаньнем яна лічыць пашырэньне хаджэньня нацыянальных валют ва ўзаемным гандлі. Паводле яе, цягам 2015-2016 гадоў у таваразвароце Расеі, Беларусі і Казахстану істотна ўзрасла роля мясцовых грошай, а вось у дачыненьні да Кыргызстану і Армэніі сытуацыя іншая — там стаўка пераважна на амэрыканскі даляр.

«Мы стварылі рабочую групу, у рамках якой праводзім працу зь бізнэс-супольнасьцю і цэнтральнымі банкамі, каб выявіць перашкоды для больш шырокага выкарыстаньня нацыянальных валют», — зазначыла Тацяна Валавая.

Экспэрт пры гэтым яшчэ раз вярнулася да тэмы адзінай валюты, якую прысьпешваюць староньнікі як мага больш глыбокай інтэграцыі пад пратэктаратам Масквы: «Адзіная валюта нам не патрэбна, але інтэграцыя ў валютна-фінансавай сфэры неабходная, чаго мы і зьбіраемся дамагчыся», — падсумавала яна.

XS
SM
MD
LG