Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя пратэсты на 1 і 9 траўня? Лідэры правацэнтрыстаў, БНФ і «Гавары праўду» пра ідэю Статкевіча


Ілюстрацыйнае фота. Дэманстрацыя на 1 траўня ў Берасьці, 2013 год

Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня прапанаваў працягваць пратэсты, але мяняць тактыку — выходзіць на дзяржаўныя сьвяты. У якасьці прыкладу ён прывёў 1 траўня для эканамічных і сацыяльных патрабаваньняў, 9 траўня — для лёзунгаў аб вызваленьні ад акупацыі.

Свабода спытала іншых лідэраў апазыцыі пра іх ацэнку такой ідэі.

Лябедзька: можна абмяркоўваць

Адзін зь лідэраў «Правацэнтрысцкай кааліцыі», старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што такую ідэю можна абмяркоўваць сярод іншых:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Мы сёньня правялі прэсавую канфэрэнцыю, правацэнтрысты выклалі свае прапановы: нашы патрабаваньні і як іх дамагацца. Адзін з пунктаў — прапанова працягваць тое, што мы агучылі на пачатку гэтага году. Гэта значыць, «Маршы недармаедаў», асабліва ў тых рэгіёнах, дзе іх яшчэ не было.

Калі гэта рабіць? Можна і ў дзяржаўныя так званыя «сьвяты», можна і ўвечары, каб людзям было даступна. Мы гатовыя гэта абмеркаваць. Але гэта мусіць быць «заточана» пад канкрэтныя мэты і задачы. Калі будуць дадатковыя прапановы, мы будзем гатовыя абмяркоўваць і падсумоўваць.

Янукевіч: гэта несур’ёзна

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч нэгатыўна ацаніў прапанову Статкевіча:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Я лічу, што ў нас ёсьць ужо цяпер свае даты: сёлета і 26 красавіка, і 27 ліпеня, і 8 верасьня, і іншыя даты. Я нэгатыўна стаўлюся да ідэі сумяшчаць афіцыйныя сьвяткаваньні і акцыі пратэсту.

Ужо былі такія спробы ў тым жа 2011 годзе: мы бачылі, што прызначыць акцыі пратэсту на той жа час, што і дзяржаўныя сьвяты, абвясьціць, што ўсе гэтыя людзі знаходзяцца тут на наш заклік — гэта несур’ёзна. Мне здаецца, калі нейкая акцыя пратэсту, салідарнасьці ці ў абарону незалежнасьці, павінны быць зразумелыя склад удзельнікаў, дата і нагода».

Дзьмітрыеў: галоўнае — плян і бясьпека

Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў мяркуе, што пратэсты могуць «упісацца ў кантэкст» 1 траўня, але наўрад ці 9-га:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Я думаю, тут ня трэба „альбо так, альбо так“, а трэба зыходзіць са здаровага сэнсу. І ня важна, рабіць гэта ў дні дзяржаўных сьвятаў ці асобна; у любым выпадку, як паказала 25 сакавіка, галоўнае — гэта сапраўды рыхтавацца да таго, што ты робіш, клапаціцца пра бясьпеку людзей і мець ня толькі плян „мы выйдзем з пункту А ў пункт Б, і ўсё будзе добра“, а мець плян Б і плян В, дзе казаць, што людзям рабіць, калі самы просты і відавочны плян немагчыма рэалізаваць.

Таксама трэба разумець стаўленьне грамадзтва. 1 Траўня — так, гэта Дзень працы, гэта балючыя сацыяльныя праблемы. А калі мы кажам пра 9 Траўня, то я не ўяўляю, як выйсьці ў гэты дзень з сацыяльнымі лёзунгамі, нават грамадзтва будзе гэта кепска ўспрымаць. Гэта, як мы ведаем, хіба не галоўнае сьвята, бальшыня беларусаў лічыць яго сваім. Можна далучацца да розных акцыяў ці рабіць свае, але гэта ўсё ж цалкам сьвята, а ня дзень пратэстаў. І вы ведаеце, пазыцыя „Гавары праўду“ такая, што і 25 Сакавіка — гэта таксама найперш сьвята. А тое, што яго спалучылі з „Маршам абураных беларусаў“, дык ні сьвята не было, ні пратэсту не было».

А пратэсты будуць?

Ці не спужаецца народ выходзіць на наступныя пратэсты пасьля разгонаў і затрыманьняў 25 сакавіка і 26 сакавіка, ранейшых і цяперашніх судоў за акцыі пратэсту?

«Час пакажа, але мы мусім зрабіць усё, каб „прастора свабоды“, што ўзьнікла ў апошні час дзякуючы таму, што людзі сталі менш баяцца, толькі павялічвалася, — кажа Анатоль Лябедзька. — Мы агучылі тыя рэгіёны, дзе ёсьць людзі, гатовыя да новых „Маршаў недармаедаў“, будзем падаваць заяўкі. Мы б хацелі думаць у першую чаргу пра бясьпеку. Лукашэнка заявіў, што ў кожным горадзе мусіць быць пляцоўка, куды людзі могуць вольна прыходзіць і выстаўляць свае патрабаваньні. Паглядзім, ці гэта чарговае „бла-бла-бла“, ці гэта той пункт, які дасьць людзям магчымасьць менш баяцца і стварыць пляцоўкі для камунікацыі тых, хто за перамены, з тымі, хто належыць да вэртыкалі ўлады».

«Я ня думаю, што народ спужаецца, я сапраўды лічу, што тыя людзі, якія выйшлі 25 і 26 сакавіка, не баяліся, — разважае Аляксей Янукевіч. — Я ня думаю, што зьявіцца ў іх страх пасьля таго, як яны былі затрыманыя, а нехта паехаў на суткі. Больш за тое, людзей, матывававаных каштоўнасьцямі (а іх большасьць з тых, хто выйшаў 25 сакавіка), наўрад ці можна спалохаць затрыманьнямі і адміністрацыйнымі арыштамі. Сапраўды, частку „недармаедаў“ такія дзеяньні ўладаў прымусяць устрымацца ад далейшага выказваньня незадаволенасьці сацыяльна-эканамічным становішчам. Сапраўды, хваля пратэстаў супраць дэкрэту № 3 пойдзе на спад, гэта непазьбежна. Але ўсё роўна ў краіне будуць людзі, якія цэняць свабоду і нацыянальную годнасьць вышэй за ўсё — і яны будуць гатовыя ўдзельнічаць у вулічных акцыях».

«Цяпер можна проста зрабіць пэўны перапынак, — лічыць Андрэй Дзьмітрыеў. — Па-першае, 26 красавіка будзе „Чарнобыльскі шлях“, а Чарнобыль — гэта агульнанацыянальная трагедыя, зьвязаная ня столькі з самім выбухам, колькі з наступствамі, найперш ракавымі захворваньнямі. А потым 1 Траўня. Я думаю, людзям будзе куды прыйсьці. Але, паўтаруся, плян „сабраліся-пайшлі-пакрычалі-разышліся“ не спрацоўвае. Ён спрацоўвае толькі на тое, каб улады зрабілі з такім плянам усё, што захочуць. Важна людзей папярэджваць пра розныя магчымасьці, вынесьці з 25 Сакавіка шмат урокаў, у тым ліку пра тое, што мы маем уладу, якая таксама плянуе, як сваіх мэтаў дамагчыся. Плян „а раптам“ не працуе».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG