Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Клысінскі пра рэпрэсіі: У Брусэлі лічаць, што вакно магчымасьцяў для Менску яшчэ застаецца


Каміль Клысінскі

Цяперашнюю хвалю рэпрэсіяў у Беларусі, а таксама пэрспэктывы ўзаемадзеяньня Беларусі і Эўразьвязу мы папрасілі пракамэнтаваць экспэрта па Беларусі, аналітыка польскага Цэнтру усходніх дасьледаваньняў Каміля Клысінскага.

РС: На ваш погляд, што азначаюць цяперашнія рэпрэсіі, якія беларускія ўлады ўжываюць да прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці? Цяпер размова ідзе ня толькі пра шматлікія штрафы і адміністрацыйныя арышты, але і пра крымінальныя справы супраць асобаў, якія нібыта рыхтавалі ўзброеныя напады і якіх, паводле заяваў Лукашэнкі, рыхтавалі ў тым ліку і Польшчы.

Клысінскі: Гэта азначае, што беларускі рэжым ня ў стане прыдумаць што-небудзь новае, новыя ідэі, новыя спосабы прыстасаваньня да сытуацыі, якая мяняецца. У сьвеце за апошнія гады шмат што зьмянілася — і ў Польшчы, і ў Літве, і ў ЭЗ у цэлым, і ў Расеі, і ва Ўкраіне, і ў Беларусі. Беларусь робіцца крыху іншай. А беларуская ўлада не мяняецца. І калі зьяўляюцца сур’ёзныя выклікі, як рост незадаволенасьці звычайных грамадзян, беларуская ўлада ўжывае маральна састрэлыя інструмэнты ўзьдзеяньня — рэпрэсіі, запалохваньне, пошукі зьнешніх ворагаў. Гэта спроба нэўтралізаваць пагрозу росту незадаволенасьці.

РС: Ці верне гэта сытуацыю ў час пасьля 19 сьнежня 2010 году, пасьля разгону маніфэстацыі пратэсту супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах?

Клысінскі: Гэта будзе залежыць ад шэрагу падзеяў. Ключавой падзеяй будзе суботняя дэманстрацыя на Дзень волі — сьвята незалежнасьці, якое адзначаецца беларускай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю. Тады мы ўбачым, наколькі беларускія ўлады зацікаўленыя, каб краіна разьвівалася, каб разьвіваўся дыялёг з Эўразьвязам, з Захадам, і наколькі для Аляксандра Лукашэнкі важна ўтрымаць любой цаной стабільнасьць, зразумела, стабільнасьць у разуменьні беларускіх уладаў — гэта значыць адсутнасьці іншых меркаваньняў, іншых поглядаў на тое, як мусіць разьвівацца краіна.

25 сакавіка сёлета дэманстранты пойдуць па маршруце, якім ішлі ў сьнежні 2010 году.

Нельга цалкам выключыць, што ў суботу паўторыцца сцэнар, падобны да падзеяў у сьнежні 2010 году. Я зьвярнуў бы ўвагу, што 25 сакавіка сёлета дэманстранты пойдуць па маршруце, якім ішлі ў сьнежні 2010 году. Гэты маршрут будзе пралягаць блізка ад будынкаў дзяржаўных службаў і я не магу быць упэўненым у тым, што «органы» ня будуць на гэта рэагаваць.

РС: Вы прыгадалі дыялёг Беларусі з Эўразьвязам. Вы ня лічыце, што працэс нармалізацыі стасункаў ужо спынены апошнімі рэпрэсіўнымі дзеяньнямі беларускіх уладаў?

Клысінскі: Цалкам яшчэ не спынены. Эўразьвяз няздольны, у адрозьненьні ад Расеі, прымаць рашэньні імгненна, адным подпісам. Там вельмі працяглыя працэдуры прыняцьця рашэньняў, патрабуецца ўзгадненьне меркаваньняў усіх краінаў ЭЗ — іх безь Вялікабрытаніі засталося 27. Мы разумеем, што Вялікабрытанія ўжо сыходзіць.

Паводле паведамленьняў, якія ідуць з Брусэлю, мы бачым, што вакно магчымасьцяў яшчэ застаецца, эўрапейскія дыпляматы яшчэ спадзяюцца, што разумны падыход Менску ў зьнешняй і ва ўнутранай палітыкай усё ж пераважыць.

XS
SM
MD
LG