Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мінулым месяцы Мішэлю Леграну споўнілася 85. На гэтым тыдні ён даў канцэрт у Краснаярску, выступаючы ў чатырох або й пяці ролях — як дырыжор аркестру, піяніст, сьпявак, аранжыроўшчык і, вядома ж, як кампазытар. На наступным тыдні ў яго будуць два канцэрты ў Францыі. Ня ведаю, наколькі верыць таму, што пішуць на яго афіцыйнай вэб-старонцы, але ён задумаў адзначыць сваё 85-тыя ўгодкі, даючы 85 (!) канцэртаў па ўсім сьвеце. Пакуль што, да агульнага ведама пададзеныя даты 14 зь іх.

Аднак у выпадку Леграна ўсё магчымае, калі прыгадаць, што, пачынаючы з альбому «I Love Paris» у 1954 годзе, ён да сёньняшняга дня запісаў больш чым сотню альбомаў з джазавай, папулярнай і клясычнай музыкай ды напісаў музыку да звыш 200 фільмаў.

Ня ведаю як каму, але мне Мішэль Легран асацыюецца ў першую чаргу з цудоўнай музыкай да знакамітага фільму «Шэрбурскія парасоны» (Les Parapluies de Cherbourg, 1964) францускага рэжысэра Жака Дэмі (Jacques Demy, 1931-1990). Фільм у свой час быў рэвалюцыйны — у ім увесь час гучыць музыка Мішэля Леграна, а ўсе дыялёгі акторы або сьпяваюць, або гавораць рэчытатывам. То бок гэта такая кінаопэра — сэрцашчымлівая мэлядрама пра нешчасьлівае каханьне. Вось славутая сцэна, у якой галоўныя героі, Гі і Жэнэўева, прысягаюцца адно аднаму ў каханьні на ўсё жыцьцё — «Je ne pourrai jamais vivre sans toi» (Я не змагу жыць безь цябе):

Цудоўна і кранальна, праўда?

Гі ідзе ў армію і трапляе на вайну ў Альжыр, а Жэнэўева, якая чакае дзіця ад яго, не вытрымлівае расстаньня і выходзіць замуж за іншага. Пасьля арміі Гі жэніцца зь іншай. З Жэнэўевай яны сустракаюцца выпадкова праз 5 гадоў. Вось фінальная сцэна фільму:

Пасьля гэтага фільму выканаўца галоўнай жаночай ролі Катрын Дэнёў стала зоркай сусьветнага фармату. Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што ў «Шэрбурскіх парасонах» свае партыі сьпявала не яна, а француская сьпявачка Даніэль Лікары.

Паглядзеўшы «Шэрбурскія парасоны», Галівуд засыпаў Леграна грашавітымі прапановамі пісаць музыку да сваіх карцінаў. І Легран спакусіўся — як я згадваў, ён напісаў музыку да звыш 200 фільмаў. Большасьць гэтых фільмаў канула б у татальнае забыцьцё, калі б не мэлёдыі францускага кампазытара. Вось адна зь іх, з фільму «Справа Томаса Краўна» (1968), у якім галоўныя ролі выконваюць Стыў Маккуін і Фэй Данаўэй. Нягледзячы на гэтую зорную акторскую пару, мала хто сёньня помніць гэты фільм. А вось адна песьня зь яго — «Windmills of Your Mind» (прыблізна: Ветракі тваёй памяці) — засталася ў памяці і рэпэртуары прыхільнага музыцы чалавецтва навечна. Паслухайма яе ў выкананьні брытанскай сьпявачкі Дасты Спрынгфілд:

І яшчэ адна фільмовая мэлёдыя Леграна, якую кожны, мабыць, чуў хоць раз у жыцьці, адно што ня ведаў, чыя яна і адкуль. А яна — з амэрыканскага фільму «Лета 42-га» (1971). У свой час фільм «Summer of 42» быў ня менш папулярны, чым славутая карціна «Love Story» (1970) з музыкай Франсіса Ле, але сёньня, баюся, мала хто яго згадвае. А вось гэтая магічная мэлёдыя існуе па-за часам і, так бы мовіць, па-за ўсялякім Галівудам:

На заканчэньне — Мішэль Легран у іпастасі вакаліста. Песьня «What Are You Doing the Rest of Your Life» (Што робіш у жыцьці, якое табе засталося?), як і ўсе тут згаданыя раней, стала музычным стандартам:

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG