Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні незалежных журналістаў


Незалежны журналіст Кастусь Жукоўскі

Берасьцейшчына: У Кобрыні на журналістаў склалі пратаколы і адабралі тэхніку

Больш за тры гадзіны правялі ў міліцыі ў Кобрыні незалежныя журналісты Мілана Харытонава, Алесь Ляўчук і іх сябар-кіроўца зь Берасьця.

На журналістаў склалі пратаколы за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, а таксама, за незаконны выраб і распаўсюджваньне прадукцыі СМІ.

Як распавяла Свабодзе Мілана Харытонава, затрыманьне было жорсткім:

"Тэхніку крыху паламалі, сканфіскавалі камэру, мікрафон, акумулятары да суду. Пабілі мой тэлефон. Карацей, жорсткае было затрыманьне. Я крычала, каб людзі гэта здымалі, ня ведаю, можа нехта адгукнецца, можа будзе відэа, а можа – і не. З намі быў затрыманы кіроўца, які проста нас на машыне давёз зь Берасьця".

Пратрымаўшы ў пастарунку, журналістаў адпусьцілі.

Меншчына: У Барысаве затрымалі і адпусьцілі карэспандэнтаў «Белсату»

Журналістаў «Белсату» Вольгу Чайчыц і Сяргея Кавалёва затрымалі ў жывым эфіры і пазьней адпусьцілі з Барысаўскага РУУС.

Карэспандэнтку Вольгу Чайчыц і апэратара Сяргея Кавалёва затрымалі ў жывым эфіры ў цэнтры гораду. Іх павезьлі ў Барысаўскі РАУС на так званым службовым аўтамабілі без апазнавальных знакаў органаў унутраных справаў, паведамляе «Белсат». На якой падставе іх затрымалі ім не паведамлялі.

Журналісты прыбылі асьвятляць магчымую сацыяльную акцыю пратэсту, да якой напярэдадні заклікалі беларускія анархісты ў розных гарадах Беларусі, у тым ліку ў Барысаве.

Віцебшчына: Затрыманыя Сяргей Русецкі, Уладзімер Лунёў і Алена Сьцяпанава

Па дарозе зь Віцебску ў Наваполацак у Шумілінскім раёне супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль зь незалежнымі журналістамі Сяргеем Русецкім і Ўладзімерам Лунёвым.

Спачатку іх абвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху і адпусьцілі. Пазьней іх зноў затрымалі ўжо ў Полацкім раёне і вязуць у Полацкі РУУС. Міліцыянты кажуць, што будуць правяраць, ці не перабітыя нумары на кузаве аўтамабіля.

Калі незалежных віцебскіх журналістаў прывезьлі ў Полацкае РУУС быццам бы на праверку, ці не перабітыя ў іх нумары на кузаве аўтамабіля, высьветлілася, што іх падазраюць ў нападзе 1 сакавіка на аддзяленьне банка ў вёсцы Фарынава Полацкага раёна — маўляў, тады рабаўнікі таксама былі на аўтамабілі чорнага колеру.

Старшы ўпаўнаважаны крымінальнага вышуку Полацкага РУУС маёр Максім Крацянок дапытаў журналістаў, прабіў па базе. Алену Сьцяпанаву, Сяргея Русецкага і Ўладзімера Лунёва адпусьцілі.

Гомельшчына: Журналістку з Гомелю Ларысу Шчыракову затрымалі па падазрэньні ў крадзяжы

Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Незалежную журналістку з Гомелю Ларысу Шчыракову затрымалі ў Рэчыцы па дарозе ў Мазыр, дзе беларускія анархісты сярод іншых гарадоў заклікалі да сацыяльных пратэстаў 18 сакавіка. Міліцыянты прад’явілі «арыенціроўку» на падазраваную ў крадзяжы асобу. У дакумэнце ўказаныя прыкметы, падобныя да Ларысы Шчыраковай.

Таксама ДАІ спыніла незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага, які кіраваўся на магчымую акцыю сацыяльнага пратэсту ў Мазыры.

Кобрынь: Затрыманыя Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава

Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава
Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава

Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава затрыманыя ў Кобрыні пасьля акцыі недармаедаў, якую яны здымалі. Як распавёў актывіст Алесь Мех, у Кобрыні на плошчу выйшлі каля 25 чалавек. Пасьля акцыі журналісты правялі актывістаў да аўтамабіляў, а калі тыя зьехалі, Ляўчука і Харытонаву затрымалі.

Барысаў: затрыманыя карэспандэнты «Белсату»

У Барысаве прэвэнтыўна затрымалі сябра БАЖ Алеся Абрамовіча

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG