Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над удзельнікамі акцыі недармаедаў у Менску. Менск, 16 сакавіка 2017 году. На фота — Андрэй Навакоўскі, якога абвінавачваюць у нібы распыленьні газу падчас затрыманьня
Суд над удзельнікамі акцыі недармаедаў у Менску. Менск, 16 сакавіка 2017 году. На фота — Андрэй Навакоўскі, якога абвінавачваюць у нібы распыленьні газу падчас затрыманьня

Да 15 сутак арышту. Судовае пасьляслоўе да «Маршаў недармаедаў» у Менску, Горадні, Магілёве

Пасьля «Маршаў недармаедаў» у Менску, Горадні і Магілёве 15 сакавіка адбыліся новыя затрыманьні. У трох гарадах было затрымана некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыяў недармаедаў. З пачатку сакавіка ідэнтыфікаваныя паўтары сотні затрыманых альбо асуджаных, поўная колькасьць невядомая.

16:17 16.3.2017

Горадня. Аляксандру Лаўрэнцьеву — 13 сутак.

16:10 16.3.2017

Менск. Цэнтральны суд. Ільля Міраненка — 14 сутак арышту.

16:09 16.3.2017

Горадня. Сябра партыі АГП Аляксандар Арсенцьеў за ўдзел у «Маршы недармаедаў» асуджаны на 13 сутак арышту.

Аляксандар Арсенцьеў
Аляксандар Арсенцьеў

15:48 16.3.2017

Магілёў. Беспрацоўнаму Ігару Чыраку — 15 сутак арышту.

15:32 16.3.2017

Магілёў

Мяцеліца Алег зь Бялынічаў — 12 сутак арышту.​
Царук Аляксандар — штраф 25 базавых (575 рублёў).
Чарноў Канстанцін, які быў затрыманы з паламанымі рукамі, — штраф 20 базавых (460 рублёў).

15:31 16.3.2017

Суд Цэнтральнага раёну Менску. Прысуд Уладзіславу Лобаву (брат былога палітвязьня Эдуарда Лобава) — 15 сутак арышту.

Уладзіслаў Лобаў
Уладзіслаў Лобаў

15:17 16.3.2017

У Ленінскі судзе Горадні распачаўся адміністрацыйны працэс над сябрам АГП Аляксандрам Арсеньцевым. Ён быў затрыманы 15 сакавіка адразу пасьля «Маршу недармаедаў», яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Арсеньцеў заявіў суду, што адмаўляецца адказваць на пытаньні судзьдзі. Агалошваецца ягоны пратакол допыту.

Аляксандар Арсеньцеў
Аляксандар Арсеньцеў

15:08 16.3.2017

Магілёў. Алена Кісель — штаф 15 базавых (345 рублёў)

15:06 16.3.2017

Магіляўчан абвінавачваюць у непадпарадкаваньні і ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі

Сталі вядомыя абвінавачваньні затрыманым на магілёўскай акцыі пратэсту 15 сакавіка. Справы будуць разглядацца ў Ленінскім судзе. Аляксандар Царук — непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі, Ігар Чырак — непадпарадкаваньне міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, Дзьмітры Люнтаў — арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства, Аляксандар Нажэнка, Алена Кісель, Канстанцін Чарноў, Алег Мяцеліца — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Суды над усімі пачаліся а 14 гадзіне.

Чырак на судзе: «Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мазалюк абяцаў усіх працаўладкаваць і запэўніваў, што ня будуць нікога чапаць, таму я заставаўся на мітынгу. На ім людзі выказвалі незадаволенасьць дэкрэтам № 3. Чакаў сустрэчы з Марзалюком, каб пагутарыць зь ім па пытаньні працаўладкаваньня. Не дачакаўся. Затрымлівалі невядомыя гвалтам. Пасьведчаньні не паказвалі».

Супраць абвінавачанага сьведчыў АМАПавец родам з Клімавічаў, капітан Аляксандар Юдзін. Міліцыянт казаў, што чарак трымаў плякат, а калі затрымлівалі клікаў на дапамогу. Выкарысталі супраць затрыманага фізычную сілу. Паказвалі яму пасьведчаньне. Затрымліваў абвінавачанага таксама АМАПавец родам з аграгарадка Званец Сяргей Ярмолін.

15:05 16.3.2017

Адзін з затрыманых у судзе Цэнтральнага раёну, ​Андрэй Навакоўскі, моцна зьбіты. Яго абвінавачваюць у тым, што ён нібы распыліў газ у час затрыманьня.

14:56 16.3.2017

Анастасія Ранько — 12 сутак арышту.

14:43 16.3.2017

Грамадзянін Расеі Павал Маркаў асуджаны на 15 сутак, абвясьціў галадоўку

Павал Маркаў
Павал Маркаў

У судзе Цэнтральнага раёну Менску затрыманы 15 сакавіка грамадзянін Расеі Павал Маркаў атрымаў 15 сутак і абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага рашэньня.

Маркаў заявіў, што наагул ня ўдзельнічаў у акцыі — яго затрымалі, калі ён гуляў па горадзе. Пасьля абвяшчэньня прысуду арыштаваны абвясьціў галадоўку.

Усяго ў менскія суды, якія разглядаюць справы затрыманых у сувязі з «маршам недармаедаў», дастаўленыя каля 40 чалавек. Іх абвінавачваюць у парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

14:35 16.3.2017

Ларыёнаву 12 сутак, маску не знайшлі.

14:34 16.3.2017

Марына Дубіна — 14 сутак адміністрацыйнага арышту

У Першамайскім раёне асуджаная Марына Дубіна, затрыманая да пачатку акцыі на вуліцы Сурганава. Яна атрымала 14 сутак. Сяргей Маскалёў, сьведка-АМАПавец, які затрымліваў Дубіну: «Груба лаялася, крычала, упіралася ў зямлю, падала». На пытаньне, дзе гэта адбывалася, называе адрас пр. Незалежнасьці, 66.

У той жа час Дубіна казала, што яе затрымлівалі на вуліцы Сурганава.

Суд адхіліў хадайніцтвы Марыны Дубінай аб праглядзе запісаў зь відэарэгістратараў у аўтамабілі і пры затрыманьні — маўляў, яны толькі для службовага карыстаньня.

14:31 16.3.2017

«Рухаўся ў калёне з маскай на твары» ці «ішоў па справах, сеў у тралейбус»? Маска згубілася

Судзьдзя Валер Есьман судзіць студэнта Уладзімера Ларыёнава, затрыманага разам з анархістамі 15 сакавіка ў Менску.

Ларыёнаў заявіў, што нават копію пратаколу яму не паказвалі, папрасіў азнаёміцца з матэрыяламі справы. Судзьдзя прадставіў такую магчымасьць.

Уладзімер Ларыёнаў
Уладзімер Ларыёнаў

Абвінавачаны не прызнаў віны, сказаў, што ня быў на акцыі, апынуўся ў раёне вуліцы Сурганава па справах, бачыў там людзей са сьцягамі. Сеў на прыпынку ў тралейбус, каб ехаць на Нямігу, яму трэба было адвезьці дакумэнты. Раптам у тралейбус уварваліся людзі ў цывільным і пачалі выцягваць пасажыраў, у тым ліку і яго. Ён лічыць, што нічога не парушаў і яго незаконна спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці.

Суд выклікаў сьведак. Першы сьведка — Захар Тарасевіч, міліцыянт менскага АМАПу. Пра Ларыёнава Тарасевіч сказаў, што 15 сакавіка затрымліваў яго пасьля «маршу недармаедаў».

«Там была група ў масках, іх папярэджвалі, што ў масках нельга. Але яны не адрэагавалі, таму іх пасьля акцыі затрымалі. Яны спрабавалі ўцячы. Ларыёнаў рухаўся ў калёне таксама ў масцы на твары. Іх усю групоўку папярэджвалі. Яны адпіхваліся рукамі. Непасрэдна Ларыёнава я затрымліваў: ім прапаноўвалі, але яны адмаўляліся».

Ларыонаў спытаў, дзе ж мая маска: «Вы ж кажаце, што мяне затрымалі з маскай, і дзе яна? У пратаколе затрыманьня ці дзе?». Сьведка ня змог адказаць.

Другі сьведка-міліцыянт кажа, што затрымліваў Ларыёнава пасьля шэсьця, што той не падпарадкаваўся законным патрабаваньням зьняць з твару маску. Ларыёнава, кажа міліцыянт, затрымалі каля дома №36 па праспэкце Машэрава: «Размахваў рукамі, аказваў супраціў, крычаў».

– А ў шэсьці ён браў удзел?

– Так. Яны ішлі і не рэагавалі.

Судзьдзя спытаў, якога колеру была маска. Міліцыянт сказаў «чорная». Затрыманы на гэта адказаў, што яго затрымліваў іншы чалавек, а гэтага сьведку ён упершыню бачыць.

14:16 16.3.2017

Васіль Аўчарэнка — 14 сутак адміністрацыйнага арышту.

14:12 16.3.2017

Відэа яшчэ аднаго затрыманьня 15 сакавіка. Каля мэтро «Аўтазаводзкая»

Яшчэ аднаго хлопца, імя якога невядома, затрымалі каля мэтро «Аўтазаводзкая» 15 сакавіка.

«Затрыманьне адбылося а 19.59. Да яго падышоў адзін ў цывільным і спрабаваў вывесьці хлопца з прыпынка. Хлопец пачаў зваць на дапамогу. Паспрабавалі яго абараніць, адразу падышоў яшчэ адзін у цывільным. На патрабаваньне паказаць дакумэнты, паказалі пасьведчаньне супрацоўніка. Як сказалі, затрымліваюць для высьвятленьня асобы», — паведаміў Свабодзе аўтар відэа затрыманьня.

14:05 16.3.2017

Алене Дубовік — 12 сутак

Дубовік сказала пра прысуд: «Усе зразумела. Дзякуй за магчымасьць пагаладаць». Раней затрыманая папярэдзіла, што абвесьціць галадоўку.

13:57 16.3.2017

Алена Немік асуджаная на 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

13:37 16.3.2017

«Давяраеце суду?» — «Ня будзем зацягваць працэс»

Алена Дубовік перад судом распавяла, што затрыманых у Менску 15 сакавіка ў міліцэйскіх бусах «моцна білі, што ў трох сінякі пад вачыма», а яе саму «моцна пацягалі за вопратку». Дубовік пасьпела замовіць адваката, суд пагадзіўся.

Алена Дубовік
Алена Дубовік

На пытаньне судзьдзі Валера Есьмана, ці давярае Дубовік суду, тая адказала: «Ня будзем зацягваць працэс».

Паводле пратаколу, Дубовік «хавала твар пад маскай» падчас шэсьця і адмовілася выконваць патрабаваньне супрацоўніка МУС зьняць маску, чым аказала непадпарадкаваньне.

Дубовік віну не прызнала і адмовілася даваць паказаньні. Сказала адносна пратаколу, што «там усё напісана пад капірку і недакладна».

Сьведка-міліцыянт Манахаў распавёў суду, што Дубовік ішла падчас шэсьця ў масцы на твары. «На заўвагі не рэагавала, маску не зьняла». Ён заяўляе, што асабіста зьвяртаўся да шэрагу ўдзельнікаў шэсьця ў масках.

У суд прыйшоў і другі сьведка, які таксама быў другім сьведкам на судзе над Аленай Немік. Назваў прозьвішча — Торык, імя не было чуваць. Сказаў, што ўдзельнікам шэсьця ў масках на тварах міліцыянты казалі, што гэта парушэньне і маскі трэба зьняць, але тыя не падпарадкаваліся. Пры затрыманьні Дубовік у тралейбусе яна, паводле сьледкі-міліцыянта, адмаўлялася сама выходзіць, крычала, аказвала супраціў, хаця была папярэджаная. З тралейбуса яе выводзілі гвалтам.

Адвакат Алены Дубовік распытвае сьведку-міліцыянтаў. Пасьведчаньне, сказаў міліцыянт, ён Дубовік не паказваў: «паказваў мой напарнік». Якая была маска дакладна на твары Дубовік, сьведка не памятае, «бо шмат было затрыманых, не лічыў». Дзе менавіта ў тралейбусе знаходзілася Дубовік, ён згадаць не змог: «яны там усе рухаліся». Ён заявіў, што і ў тралейбусе прасіў у Дубовік зьняць маску, але яна не падпарадкавалася. Дзе дакладна, у якім месцы тралейбуса гэта было, не сказаў: «не магу згадаць».

— А чаму вы прасілі ў Дубовік зьняць маску ў тралейбусе? Шэсьця ж тады ўжо не было.

— Бо я быў упэўнены, што гэта яна ўдзельнічала ў шэсьці ў масцы. Раней, адразу пасьля шэсьця, мы спрабавалі яе затрымаць, але тады яна зьехала. Яе дагналі на наступным прыпынку.

— Якім чынам?

— Спынілі на службовым аўтатранспарце. Селі ў службовае аўто, дагналі тралейбус, спынілі і затрымалі.

На пытаньне Дубовік, якога колеру была ў яе маска, сьведка сказаў, што ня памятае. Але апісаў яе зьнешні выгляд, які нібыта падказаў, што гэта была яна: «Ваш рост, маска, адзеньне, заплечнік у вас быў, здаецца, з памаранчавым колерам». Дэталяў затрыманьня сьведка не назваў.

Алена Дубовік адказала:

— Тады вы хлусіце.

— Не, я проста не магу памятаць такіх дэталяў.

Дубовік просіць сьведку-міліцыянта патлумачыць, як аказалася, што ў яе сьпіна і заплечнік заплямленыя брудам — паводле затрыманай, яе павалілі на зямлю пры затрыманьні і цягнулі гэтак у міліцэйскае аўто. Міліцыянт жа кажа, што гэтага не можа патлумачыць, бо ня памятае такога.

Паводле адваката, абодва сьведкі ня могуць даваць зразумелых тлумачэньняў адносна справы, бо іх паказаньні розьняцца і супярэчаць адзін аднаму. Таксама ніводны сьведка не можа нават апісаць маску, якая нібыта была на твары Дубовік, кажа адвакат, а гэта прынцыпова. Паводле адваката, ня выяўленыя абставіны адміністрацыйнага здарэньня — і таму справу Алены Дубовік трэба спыніць.

Дубовік назвала суд «цыркам» і сказала, што калі яе асудзяць, яна абвесьціць галадоўку.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG