Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкардсмэны па забойствах «ворагаў»


Фатаграфіі ахвяраў Вялікага тэрору на месцы іх тайнага пахаваньня на расстрэльным палігоне НКВД – Левашоўскай пустцы

Да 80-годзьдзя найбольш масавых сталінскіх рэпрэсій украінскі навуковы часопіс «З архіваў ВУЧК-ГПУ-НКВД-КГБ» пачаў публікацыю дасьледаваньняў пра супрацоўнікаў НКВД — арганізатараў і выканаўцаў Вялікага тэрору. Да нядаўняга часу, з-за закрытасьці архіваў, гэтая інфармацыя была недаступная.

Аўтары спэцвыпуску ўкраінскага часопісу ва ўводзінах падкрэсьліваюць, што пошук вінаватых, акрамя Сталіна і яго паслугачоў, неабходны для пакаяньня, празь якое прайшла, напрыклад, Нямеччына пасьля Другой сусьветнай вайны дзякуючы Нюрнбэрскім працэсам, якія дазволілі ня проста выставіць абвінавачаньне рэальным забойцам і тым, хто аддаваў загады, але і зразумець, што прымусіла людзей стаць часткай машыны тэрору.

«Усё гэта рэзка адрозьніваецца ад таго, што адбывалася ў Савецкім Саюзе, — гаворыцца ва ўступе да выданьня. — Там не было ні паразы ў вайне, ні зьвязанай зь ёй пасьляваеннай акупацыі саюзнымі дзяржавамі, што прывяло б да падрыву і дэлегітымізацыі сталінскага рэжыму. Наадварот, перамога ў вайне ўзьняла „веліч“ Сталіна на новую вышыню. Генэралісімус выйграў, стварыўшы новую разнавіднасьць спадчыны — альтэрнатыўнае мінулае, якое паслужыла легітымізацыі наступных савецкіх кіраўнікоў і аказалася вельмі карысным для выкарыстаньня Ўладзімірам Пуціным».

Каб знайсьці вінаватых на месцах, украінскія гісторыкі скарысталіся кароткім пэрыядам, з 1938 па 1941 гады, калі замест адхіленага з пасады кіраўніка НКВД Мікалая Яжова быў прызначаны Лаўрэнцій Берыя і зьявіўся загад № 00762, згодна з якім ліквідаваліся сумнавядомыя «тройкі», якія выносілі рашэньні па сфальсыфікаваных справах. Менавіта пасьля гэтага загаду пачалася чыстка ўнутранага апарату НКВД. У Савецкім Саюзе тады адхілілі ад працы 7372 чалавекі. Гэта 22% агульнага апэратыўнага складу. 937 супрацоўнікаў былі арыштаваныя і некаторыя з іх атрымалі працяглыя тэрміны зьняволеньня, нават сьмяротныя прысуды. Справы, заведзеныя на так званых катаў НКВД, якія праходзілі па артыкуле «парушэньне сацзаконнасьці», сталі аб’ектам увагі ўкраінскіх гісторыкаў. Яны дазваляюць узнавіць мэханізм зьнішчэньня людзей, які зьявіўся падчас Вялікага тэрору, кажа ўкраінскі гісторык Алег Бажан.

Алег Бажан: Дзякуючы гэтым справам можна ўзнавіць псыхалягічны партрэт катаў, вывучыць, чаму яны імі сталі, кіраваліся яны ў сваіх дзеяньнях загадам, злым намерам ці зьдзяйсьнялі нечалавечыя злачынства па асабістай ініцыятыве. Гэта новы зрэз, які дае нам магчымасьць паўней вывучыць прыроду Вялікага тэрору. Гэтая інфармацыя была да нядаўняга часу засакрэчаная, а цяпер становіцца здабыткам грамадзкасьці. У спэцвыпуску часопісу прыводзяцца прыклады жахлівых бясчынстваў, якія рабіліся ў засьценках НКВД у розных рэгіёнах Украіны. Напрыклад, у жытомірскім упраўленьні НКВД, калі правялі расьсьледаваньне і праверку чэкістаў, якія бралі ўдзел у пакараньнях сьмерцю, высьветлілася, што былі неаднаразовыя факты зьдзекаў на сэксуальнай глебе. Намесьнік начальніка Жытомірскага НКВД разам з паплечнікамі зьбіваў 72-гадовую жанчыну жалезнымі ламамі дзеля нажывы, каб яна сказала, дзе хавае золата. Вядомая справа начальніка Уманскай турмы Самуіла Абрамовіча, які зарабляў на рэпрэсіях: забіраў дадому пасьля расстрэлаў вопратку расстраляных, выбіваў дзяржальняй пісталета залатыя зубы. Абвінаваўчае заключэньне па ягонай справе было пабудаванае на тым, што ён стварыў у турме злачынны бізнэс, зарабляючы на зьняволеных: пасылаў іх на палявыя работы, а наўзамен атрымліваў асабіста для сябе ад сельгаспрадпрыемстваў віно і прадукты. За ўсе гэтыя злачынствы яму далі ўсяго толькі тры гады лягераў. Цяпер нам стала вядома пра яшчэ адну справу, у Кіеве. Кіроўца машыны, які падвозіў рэпрэсаваных да сьценаў унутранай турмы НКВД, атрымліваў узнагароду ў выглядзе адзеньня расстраляных, якую потым прадаваў ў адной з кіеўскіх крамаў. Пры гэтым яго спачатку арыштавалі, а потым паўшчувалі і адпусьцілі. Да выканаўцаў сьмяротных прысудаў савецкая ўлада ставілася з лагоднасьцю, даравала грахі і карала нястрога.

Украінскі гісторык Алег Бажан
Украінскі гісторык Алег Бажан

РC: Вам таксама ўдалося знайсьці дакумэнты асабістых справаў усіх камэндантаў НКВД УССР, якія непасрэдна арганізоўвалі выкананьне сьмяротных прысудаў. Колькі было гэтых штатных катаў, што гэта былі за людзі?

Алег Бажан: З 1933 па 1941 гады пасаду камэнданта НКВД УССР займалі сем чалавек. Зьмяняльнасьць была частая, але ў часы Вялікага тэрору кадравыя перастаноўкі былі паўсюдныя, ня толькі на гэтых пасадах, але і што тычыцца начальнікаў абласных упраўленьняў, розных аддзелаў, і г. д. Як правіла, гэта былыя чырвонаармейцы, якія бралі ўдзел у Грамадзянскай вайне, тыя, якія ўступілі ў партыю, але потым зьдзейсьнілі, напрыклад, забойства па неасьцярожнасьці або гаспадарчыя злачынствы. За гэта іх альбо выключылі з партыі, альбо рабілі вымову. Яны разумелі: каб застацца ў сыстэме, трэба выбіраць для сябе брудную працу і такім чынам прадэманстраваць сваю ляяльнасьць савецкай уладзе. Гэта тое, што кідаецца ў вочы. Усе яны, як правіла, людзі несамавітыя, трэба сказаць, што ў іх звычайна прысутнічае цяга да ўзбагачэньня, хоць не ва ўсіх, але тым ня менш многія з іх былі датычныя да распродажу маёмасьці рэпрэсаваных. Былі сярод іх і садысты, напрыклад, як Цімашэнка ў Жытомірскім НКВД: там ня толькі стралялі ў патыліцу, а маглі забіць чалавека пры дапамозе мэталічных палак, былі выпадкі, калі забівалі паяльнай лямпай (гэта была помста тым, хто спрабаваў уцячы). Ці ёсьць прыклад Уманскай апэратыўнай групы: там зьдзекаваліся над трупамі жанчын пасьля расстрэлу. Агульная карціна складаецца непрывабная. Мы хацелі даведацца, хто сярод гэтых камэндантаў быў рэкардсмэнам па забойствах «ворагаў» савецкай улады, але ня кожны зь іх паведамляў пра гэта. Вядомы Блахін, генэрал-маёр на Лубянцы, які расстраляў больш за 10 тысяч чалавек, а ва Ўкраіне такія дадзеныя вельмі рэдка ўказваліся ў паслужным сьпісе. Вядомы толькі адзін чалавек, Навум Турбоўскі, які быў камэндантам у Днепрапятроўску. У яго характарыстыцы напісана: ён асабіста падлічыў, што расстраляў 2100 чалавек. Ён гэтым выхваляўся, усім расказваў, і гэта ёсьць у дакумэнтах. У астатніх выпадках колькасьць расстраляных не паказваецца: проста быў камэндантам, і ўсё. Напрыклад, начальнік унутранай турмы НКВД УССР — Іван Нагорны — адзін з тых, хто кіраваў камандай чэкістаў, якія займаліся расстрэламі падчас Вялікага тэрору, заўсёды сыходзіў ад пытаньняў адносна расстрэлаў, а калі яго прыцягнулі ў якасьці сьведкі падчас разгляду справы аб распродажы рэчаў рэпрэсаваных, ён не казаў пра гэта нават на судзе, а выкарыстаў фразу «ў 1937-м у нас было шмат працы». Гэта значыць, хаваў тое, чым непасрэдна займаўся. Калі вывучыць біяграфіі штатных катаў НКВД, то пасьля 1938 году гэтыя людзі, мабыць, псыхалягічна не вытрымлівалі, і іх пераводзілі на іншыя пасады. Кар’ернага росту яны звычайна не атрымлівалі, у асноўным іх пераводзілі на розныя пасады ў турэмнай структуры.

Навум Турбоўскі асабіста застрэліў больш за дзьве тысячы чалавек падчас Вялікага тэрору
Навум Турбоўскі асабіста застрэліў больш за дзьве тысячы чалавек падчас Вялікага тэрору

РС: Але некаторых камэндантаў НКВД УССР прыцягвалі да суду...

Алег Бажан: Так, але ня ўсіх. Ніхто зь іх не панёс адказнасьці за быкаўнянскую трагедыю, хоць датычныя яны былі. У пасёлку Быкоўня было знойдзена больш за ўсё парэшткаў расстраляных органамі НКУС ва Ўкраіне. Як правіла, гэта былі забітыя ў Кіеве. На сёньняшні дзень ўстаноўлены імёны амаль 20 тысяч рэпрэсаваных, якіх таемна хавалі ў гэтым месцы. Да адказнасьці нікога не прыцягнулі, але іх, як той казаў, Бог пакараў. Аляксандр Шашкоў, які ў 1937-1938 гадах выконваў абавязкі камэнданта, застрэліўся падчас Другой сусьветнай вайны, каб не патрапіць у палон. Застрэліўся і Іван Нагорны, намесьнік камэнданта НКВД УССР з 1934 па 1937 гг. Да адказнасці быў прыцягнуты камэндант Жытомірскага НКВД, але справу пабудавалі вакол таго, што былі схаваныя факты рэпрэсій, і яго судзілі за службовыя злачынствы. Але наогул мала хто з катаў праходзіў па нейкіх артыкулах, таму што гэтых людзей вельмі цаніла кіраўніцтва, таму што няпроста было адабраць людзей на гэтыя пасады.

РС: Вывучыўшы архівы, ці ведаеце вы пра каго-небудзь з камэндантаў ці тых, хто ўваходзіў у расстрэльныя каманды, хто да гэтага часу жывы? Ці можна спадзявацца, што іх прыцягнуць да суду, як гэта адбываецца, напрыклад, у краінах Цэнтральнай Эўропы?

Алег Бажан: Іх ўсіх ужо няма ў жывых, таму што гады іх нараджэньня — гэта 1900 і раней. Той камэндант, які, як я ўжо казаў, расстраляў больш за дзьве тысячы чалавек, нарадзіўся ў 1896 годзе. Іх няма ў жывых, але іх чакае суд гісторыі. Сабраную інфармацыю пра гэтых людзей і іх учынкі можна выкарыстоўваць у будучыні падчас падрыхтоўкі да шырокага грамадзкага суду над сталінізмам і злачынствамі савецкага рэжыму. А цяпер яна нам патрэбныя, каб зразумець, што такое Вялікі тэрор.

Цалкам матэрыял чытаць тут.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG