Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Севярынец: Самым зацятым праціўнікам расейскага ўплыву быў Алесь Дудар


Ганна Севярынец

У Менску адшуканы архіў расстралянага ў 1937-м паэта Алеся Дудара. Прычым не ў маладаступных спэцсховах, а ў звычайнай гарадзкой кватэры. Госьцяй перадачы — літаратуразнаўца Ганна Севярынец.

— Ганна, гэта выглядае як фантастыка, пасьля сьмерці Алеся Дудара прайшло ўжо амаль 80 гадоў... Як вы выйшлі на той архіў?

— Мяне вывеў на яго звычайны дасьледчыцкі пошук. Я занялася Дударом, падняла ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва ўсё, што там было, даведалася, хто здаваў туды матэрыялы, — гэтыя зьвесткі заўсёды фіксуюцца і ўносяцца ў даведку, якая адкрывае любы архіўны вопіс. Імя жанчыны, якая ў 1980 годзе здавала ў архіў некалькі здымкаў Дудара, я насіла з сабой некалькі месяцаў, каб пры нагодзе правяраць яго ў розных крыніцах. Сказаць папраўдзе, я была ўпэўненая, што чалавека ўжо няма. Але маючы імя, трэба было працягваць пошук. Я патэлефанавала па знойдзеным тэлефоне, і слухаўку падняла пляменьніца Дудара Лідзія Маркаўна Малініна, якая нарадзілася ў 1938-м, праз год пасьля таго, як расстралялі яе дзядзьку. Як высьветлілася, некаторыя дасьледчыкі ведалі пра існаваньне архіву Дудара і нават працавалі зь ім. Лідзія Маркаўна ахвотна давала нейкія дакумэнты на выставы. Яна іх не хавала. Хіба толькі рукапіс перакладу «Яўгенія Анегіна» хацела апрацаваць і выдаць сама, бо яна філёляг па спэцыяльнасьці. Мы шмат гутарылі па тэлефоне, потым я прыйшла да яе. Відаць, яна пабачыла, што тэма Дудара для мяне — ня нейкі абавязак ці дысэртацыя. Да таго ж, Лідзія Маркаўна адразу запыталася пра маё прозьвішча: Севярынец? Ці не радня? Я адказала: так, сястра. Нават не ўдакладняла, чыя — абедзьве зразумелі.

Алесь Дудар. З фондаў БДАМЛМ
Алесь Дудар. З фондаў БДАМЛМ

— Яна ведае Паўла, і гэта выклікала давер?

— Так, гэта дапамагло, дало мне адразу бонус. Выходзіла, што я ня проста чалавек з вуліцы, за мной пэўная рэпутацыя ўсё ж ужо стаяла. А калі Лідзія Маркаўна днямі аддавала мне дакумэнты, то сказала: «Калі ў вас у характары ёсьць нешта ад вашага брата, то вы ўсё зробіце».

— Што знаходзіцца ў тым архіве, апрача згаданага ўжо «Яўгенія Анегіна»?

— Там ёсьць пераклады з «Фаўста» Гётэ, з «Атэла» Шэксьпіра, з паэзіі Гайнэ. Прычым — і гэта для мяне сапраўднае адкрыцьцё — Алесь Дудар перакладáў не з расейскіх пераклáдаў, а з арыгіналаў, ён валодаў пяцьцю замежнымі мовамі. З дакумэнтаў вынікае, што ён ведаў нямецкую, ангельскую, францускую, польскую і ўкраінскую. Я на свае вочы бачыла рэшту ягонай бібліятэкі: зборы твораў, выдадзены яшчэ да рэвалюцыі архіў дзекабрыстаў, акадэмічныя сэрыі, слоўнікі, даведнікі... У мяне гэта ня ўкладваецца ў галаве, але Дудар быў энцыкляпэдычна адукаваным чалавекам зь нейкімі лінгвістычнымі звышздольнасьцямі, бо нідзе ж ня вучыўся. Самавук. Захаваліся дзьве паштоўкі з турмы, дзе ён просіць маці перадаць яму кнігі на нямецкай мове, але ня просіць слоўнікаў. То бок, ён плянаваў у турме перакладаць і, відаць, перакладаў, але дзе сёньня шукаць тыя пераклады?

Паштоўка А. Дудара з турмы. 1936 год
Паштоўка А. Дудара з турмы. 1936 год

Лідзія Маркаўна расказвала, што Дударова маці ратавала пад бамбёжкамі ў Менску сынаў архіў і кніжкі. Перш за ўсё гэта яна, Вольга Іванаўна Дайлідовіч, захавала архіў рэпрэсаванага сына. Калі пачыналі сыпацца бомбы, яны ўсёй сям’ёй выносілі паперы і бібліятэку ў гарод, а потым заносілі назад. Кніжак было — не зьлічыць. Дударова маці ўспамінала, што пасьля вобшуку ад іх вывезьлі шэсьць машынаў рэдкіх тамоў! Мо і ня шэсьць, але ў любым выпадку шмат. Увесь Алесеў пакой быў застаўлены кнігамі, як успамінае Лідзія Маркаўна. Нават тое, што засталося пасьля вобшукаў, ваенных часоў — уражвае. Потым, калі маці памерла, паперы і кнігі захоўвала сястра Жэня. Пасьля варту прыняла Жэніна дачка Лідзія.

— У 1937-м у СССР шырока адзначалася 100-годзьдзе з дня сьмерці Пушкіна, выходзіла шмат юбілейных кніг. Чаму «Анегіна» — галоўны твор расейскага клясыка — даручылі перакладаць менавіта Алесю Дудару, якога наўрад ці можна было лічыць добранадзейным?

— Па-першае, яго як паэта і чалавека вельмі любіў Янка Купала, і Дудар таксама вельмі добра ставіўся да Купалы. Увогуле, Купала як старшыня беларускай пушкінскай камісіі разьмяркоўваў пераклады. Сабе для перакладу ўзяў «Меднага коньніка», Тодару Кляшторнаму даў «Каменнага госьця», а Дудару даручыў «Яўгенія Анегіна». Ускосна гэта — яшчэ адзін доказ выключнай адукаванасьці Дудара, выключнай моўнай культуры, слоўнікавага запасу, якім ён валодаў, бо абы каму ці даручыш «Анегіна»? Дудар, дарэчы, быў частым госьцем у доме Купалы. Калі аднойчы ўвесну народнага паэта заліло (ён жыў на беразе Сьвіслачы), Дудар першым прыбег ратаваць Купалавы кнігі, цягаў іх на гарышча. Ёсьць вельмі цікавае сьведчаньне Юркі Віцьбіча, як Купала ў Доме пісьменьніка чытаў на памяць верш Дудара, а той плакаў. У гэты час праходзіў пісьменьніцкі сход, прысьвечаны ўхваленьню сталінскай канстытуцыі, а Дудар сядзеў у літаратарскім шынку і выпіваў зь сябрамі. І да іх далучыўся Купала.

Раман у вершах «Яўгеній Анегін» па-беларуску. Аўтограф А. Дудара
Раман у вершах «Яўгеній Анегін» па-беларуску. Аўтограф А. Дудара

— Як выглядае пераклад Дудара ў параўнаньні зь перакладам Аркадзя Куляшова? Ці вытрымлівае канкурэнцыю?

— У мяне цяпер, канешне, на ўсё «дударацэнтрычны» погляд, і таму мне здаецца, што пераклад Дудара найлепшы. Але калі адкінуць эмоцыі, то ў ягоным перакладзе нямала русізмаў, сустракаюцца і няўдалыя выразы. Прыкладам, Куляшоў ідэальна пераклаў радкі: «Мы ўсе вучыліся патроху / таму-сяму, абы адбыць». У Дудара ж так не атрымалася. Але здараецца і наадварот, калі ў Дудара выйшла лепш, чым у Куляшова. То бок, гэта роўнацікавыя пераклады. І пры гэтым пераклад Дудара — першая спроба. Таму менавіта ў яго «права першай ночы».

— Калі я гаварыў пра добранадзейнасьць Дудара, то меў на ўвазе напісаны ім яшчэ ў 1927 годзе антысавецкі верш «Пасеклі Край наш папалам...», за які яго асудзілі і выслалі ў Смаленск. Жонка паэта Натальля Вішнеўская, спрабуючы выратаваць мужа, дала паказаньні, што твор напісаны ў нецьвярозым стане і г.д. А як вы ацэньваеце гэты верш-учынак Дудара?

— Дудар з усіх гэтак званых «нацдэмаў» быў самым зацятым праціўнікам расейскага ўплыву на Беларусь. Гэта было ў яго характары. Прыкладам, калі ўтваралі БелАПП і ВАПП, ён напісаў антыпартыйны, антыбелаппаўскі, антываппаўскі верш проста на зьезьдзе і там жа, на зьезьдзе, стаў яго ўсім паказваць. А калі ў яго зьявіўся верш «Цені блудзяць па твары, / точыць сэрца нуда. / Сёньня лепшы таварыш / можа цябе прадаць...», ён таксама хадзіў і ўсім яго чытаў. Такі ўжо ён быў чалавек — вельмі адкрыты, вельмі даверлівы. У Дудара ёсьць апавяданьне «Спатканьне» (у зборніку «Марсэльеза»), герой якога, такі сьмелы і няўлоўны паўстанец, нешта няўцямнае, але ж вельмі небясьпечнае, робіць ў горадзе, бегае па вуліцах, хаваецца, кансьпіруецца, ён такі малойца, і яго ніхто ня можа злавіць. Думаю, што і ў Дудары жыло такое маладое жаданьне супраціву, жаданьне ўсіх перахітрыць і, як той калабок, уцячы ад усіх. Такі малады дурны авантурызм. Нешта падобнае бывае ў дзіцячых характарах, як настаўніца я гэта добра ведаю. Бываюць такія дзеці, вельмі хуліганістыя, але пры гэтым — бясконца добрыя, бяз подласьці ўнутры. Яны нахуліганяць, потым пачынаюць шчыра каяцца, глядзяць табе ў вочы, прызнаюць сваю памылку, усё разумеюць. Калі я чытаю ў кнізе Ўладзімера Міхнюка «Арыштаваць у высылцы» паказаньні Дудара, то бачу — ён якраз з такіх людзей. Ён і ў ГПУ спадзяваўся, што пакаецца, яму павераць і адпусьцяць, а ён, такі няўлоўны, пойдзе ізноў рабіць свае справы. Як ён сам пісаў: «Але прыйдзе і іншы дзень, / і мы гукнем яму: „Дабрыдзень!“ / Ці са шчытом, ці на шчыце / ў краіну нашу зноў мы прыйдзем». Дудар спадзяваўся, што ён усіх абыграе.

— Днямі ў Менску прайшлі прэзэнтацыі вашай першай кнігі — раману «Дзень Сьвятога Патрыка». Раман захапляльны, нягледзячы на пэсымістычны сюжэт: беларуская мова сусьветнай супольнасьцю прызнаная мёртвай, і галоўная гераіня Марына Дамейка займаецца кансэрвацыяй беларускай літаратуры на адведзеных ёй дваццаці пяці стэляжах. Кансэрвуючы, так небанальна расказвае пра тую ці іншую кнігу, што хочацца яе неадкладна адшукаць і прачытаць. Літаратурныя густы гераіні і яе стваральніцы супадаюць?

— Шмат у чым супадаюць. Але сёньня я пагулялася б з гэтым глыбей. Калі пісаўся раман, я яшчэ мала ведала пра беларускую літаратуру, а яе так шмат, а яна такая цікавая, а яна так насычаная фактаграфіяй! Я кожны дзень прыяжджаю зь бібліятэкі ці з архіву новым чалавекам, мой сьвет зьмяняецца літаральна штотыдня! Таму сёньня я па-іншаму на многае гляджу. Прыкладам, у рамане зусім няма таго ж Алеся Дудара, тады ён для мяне амаль не існаваў.

— Затое на старонках раману заўважна прысутнічае Ўладзімер Дубоўка...

— На той момант ён быў галоўным маім сардэчным героем. Ім я была проста захопленая — як чалавекам і паэтам. Як там у Пушкіна? «Вся жизнь моя была залогом / свиданья верного с тобой». Дзякуючы Дубоўку і гісторыі яго жыцьця, я шмат якія пытаньні для сябе вырашыла.

Уладзімер Дубоўка. З фондаў БДАМЛМ
Уладзімер Дубоўка. З фондаў БДАМЛМ

— У рамане вы прыводзіце верш Дубоўкі, які пачынаецца радкамі: «Падобны з твару да машчэй, / а па душы — даўно нябожчык, / ты жыў яшчэ, стары кашчэй, / усё мінаеш хату з дошчак». Калісьці Максім Лужанін казаў мне: гэта пра Петруся Броўку. Дзьмітры Давыдоўскі, спасылаючыся на ўспаміны Дубоўкавай жонкі, кажа: гэта пра Лужаніна. Вы ў рамане адрасуеце верш Кандрату Крапіве. Дык усё ж, з кім Дубоўка так рашуча расправіўся?

— Калі я пісала раман, мне Дубоўка быў цікавы як герой, як бездакорны Герой зь вялікай літары. Разумееце, у творы павінны быць герой і антыгерой, як Моцарт і Сальеры ў Пушкіна. Так і ў жыцьці бывае. І калі я ў той момант глядзела на літаратуру, на міжваенны час, то мне была бачная апазыцыя — Дубоўка і Крапіва. Прычым, Крапіва мне вельмі цікавы, бо сваім жыцьцём ён давёў, што геній і ліхадзейства — рэчы сумяшчальныя. Крапіва — выбітны творца, таленавіты байкар і драматург, і пры гэтым — ліхадзей. Таму мне было важна ўвесьці ў раман Крапіву і паразважаць пра яго, каб потым быў выхад на гэтую фігуру.

— А ці спрабавалі вы знайсьці аўтограф Дубоўкавага верша?

— Я яго вельмі доўга шукала, усе даступныя архівы перакапала. Нарэшце прыйшла ў аддзел рукапісаў Акадэмічнай бібліятэкі і наўпрост папрасіла даць мне аўтограф гэтага верша. Па маіх адчуваньнях, ён там. Са мной у бібліятэцы паразмаўлялі неяк нават на павышаных танах і сказалі, каб я той аўтограф больш не шукала...

— Я на свае вочы бачыў, як у савецкіх выдавецтвах пераніцоўвалі вершы Ларысы Геніюш. Глеб Лабадзенка паказаў, як цэнзуравалі Ўладзімера Караткевіча, Сяргей Шапран — як тое самае рабілі з Васілём Быкавым. Як выглядае, сёньня нам па-новаму трэба выдаваць нашых клясыкаў. Але хто гэтым будзе займацца? Ці пад сілу гэта дасьледчыкам-аматарам?

— Цяпер я якраз зьбіраюся рыхтаваць перавыданьне твораў Алеся Дудара, і гэты занятак прыносіць мне шчасьлівыя гадзіны. Мне так падабаецца тое, што я раблю! Я спэцыяльна пра многія свае знаходкі пішу ў фэйсбуку, хоць прынята дасьледчыцкія тэксты друкаваць у сур’ёзных выданьнях. Мне проста хочацца перадаць як мага большай колькасьці людзей гэты мэсыдж: дасьледаваць родную літаратуру — гэта шчасьце. Я неяк чытала ў тым жа фэйсбуку пост маладога чалавека: «Мне не было чаго рабіць, таму я пайшоў працаваць у Макдональдс». О Божа! Калі вам няма чаго рабіць, ідзіце ў архіў і атрымаеце задавальненьне. Грошы, заробкі — гэта ўсё ня так істотна. А вось калі ты дакранаесься да чагосьці глыбінна свайго і праз гэта становісься гаспадаром свайго жыцьця, сваёй краіны, сваёй зямлі, свайго сэрца, сваёй душы, — гэта пачуцьцё амаль невыказнае. Проста бярыцеся за справу, і ўсё ў вас будзе добра!

Ганна Севярынец — пэдагог, пісьменьніца. Закончыла філфак БДУ (1997). Выкладае расейскую мову і літаратуру ў адной са школаў Смалявічаў, дзе і жыве. Сёлета выйшла яе першая кніга — раман «Дзень Сьвятога Патрыка».

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG