Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як спэцыялісты ў галіне геранталёгіі і герыятрыі мы ўпэўненыя, што сталы чалавек у любым узросьце павінен жыць у сваім доме і трэба прыкласьці для гэтага ўсе высілкі. Бо, сапраўды, «у роднай хаце і сьцены лечаць».

Але так, на жаль, далёка не заўсёды атрымліваецца. Надыходзіць час, калі пагаршаецца стан здароўя сталага чалавека, сыходзіць з жыцьця адзін са старых бацькоў і дзецям трэба нешта вырашаць. У нашай культуры звычайна прынята, каб дзеці забіралі састарэлых бацькоў да сябе. І вось тут з пункту гледжаньня лекараў мы назіраем вельмі распаўсюджаную зьяву. Калі сталы чалавек мяняе месца жыхарства, у яго ў першыя месяцы павышаецца рызыка разьвіцьця сындрому падзеньня амаль на 80%. Прычым у веку 65-80 гадоў пры зьмене месца жыхарства падае каля 35% сталых людзей, пасьля 80 гадоў — кожны другі.

Зразумела, што падзеньні вельмі небясьпечныя ў сталым узросьце, бо ў 100% выпадкаў зьяўляецца страх паўторных падзеньняў, які вельмі замінае чалавеку ў нармальнай жыцьцядзейнасьці (напрыклад, сталы чалавек адмаўляецца выходзіць на вуліцу пры пагаршэньні надвор’я, у цёмны час сутак і г.д.). У прыблізна 20% выпадкаў падчас падзеньняў чалавек атрымлівае траўму мяккіх тканак, а ў 3-7% выпадкаў вынікам падзеньня можа быць пералом касьцей рукі ці шэйкі сьцягна.

Самай галоўнай прычынай падзеньня зьяўляецца цяжкасьць адаптацыі да новых умоваў жыцьця, прычым нават не ў маральным сэнсе, а чыста фізычна, бо чалавека ў новым жытле акаляюць ня звыклыя для яго парогі, дываны, падлогі, правады на іх — словам сукупнасьць дробных рэчаў, на якіх можна проста спатыкнуцца і ўпасьці. Такая цяжкасьць адаптацыі зьвязана з тым, што ў людзей сталага веку пры наяўнасьці шэрагу хвароб зьніжана хуткасьць рэакцыі, звычайна маюцца праблемы са зрокам, зьніжана пачуцьцёвасьць стоп, што замінае своечасова заўважаць невялікія бар’еры на падлозе (напрыклад, электрычны шнур), маюцца хваробы суставаў ніжніх канцовін.

Ну вось такі просты прыклад. Калі малалому чалавеку ці чалавеку сярэдняга ўзросту скажаш — «глядзі асьцярожна, там на падлозе край дывана падкасіўся, не заваліся», ён вельмі хутка пачуе, зразумее небясьпеку і нават аўтаматычна на падсьвядомасным узроўні зробіць ўсё, каб ня ўпасьці. А сталы чалавек пакуль пачуе (слых звычайна зьніжаны), пакуль усьвядоміць, пра што вы кажаце, пакуль разгледзіць небясьпеку... І ў выніку не пасьпее зрэаагаваць і ўпадзе.

Таму вось вельмі важная практычная парада для тых, хто стаў апекавацца і даглядаць сталых людзей, якія памянялі месца жыхарства — самая галоўная пагроза з боку здароўя для іх — зьнянацку ўпасьці, асабліва ў першыя месяцы пасьля зьмены жытла. Уважліва паглядзіце, каб падлогі былі ў гэтым сэнсе бясьпечнымі, папярэдзьце сталага чалавека пра магчымыя асаблівасьці жытла (сьлізкія паверхні, выступаючыя парогі і т.д.) Тактоўна назірайце за старым, калі ён у ванным пакоі — там звычайна вільготная і сьлізкая падлога, якая спрыяе падзеньням. Увогуле будзьце ўважлівыя і дабразычлівыя да старых, гэта зробіць іх больш упэўненымі і дапаможа больш лёгка і без падзеньняў перажыць час адаптацыі да новых умоў жыцьця.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG