Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея так настойліва заваблівае беларусаў перавозіць нафтапрадукты праз расейскія парты і чыгункі?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Глод: Дзяржаўная кампанія «Расейскія чыгункі», альбо, як яе скарочана называюць у Расеі, РЖД, удвая павялічыла зьніжку на перавозкі нафтапрадуктаў у цыстэрнах зь беларускіх чыгуначных станцыяў Барбароў і Наваполацак у кірунку партовых станцыяў Паўночнага Захаду Расейскай Фэдэрацыі. Блізу станцыі Барбароў — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, блізу станцыі Наваполацк — «Нафтан». То бок расейцы нацэліліся на прадукцыю абодвух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

У гэтай гісторыі зьвяртае на сябе ўвагу, што папярэдняя зьніжка была зроблена зусім нядаўна — у кастрычніку мінулага году. Прайшла літаральна тройка месяцаў — і новая прапанова. Проста так, вядома, такога не бывае. Дзеяньні РЖД выразна паказваюць, што расейцы моцна зацікаўленыя, каб бэнзін, мазут ды іншыя вырабы з сырой нафты перавозіліся выключна расейскай чыгункай у расейскія ж парты.

Кіраўнік «Расейскіх чыгунак» Алег Белазёраў фактычна не хавае мэты свайго рашэньня. У Маскве хочуць, каб бэнзін, дызэльнае паліва і мазут зь беларускіх заводаў накіроўвалі менавіта ў парты Расейскай Фэдэрацыі, а ня Балтыі.

Беларускія экспэрты падлічылі, што для Менску больш танны балтыйскі варыянт. Спачатку ў Маскве з гэтым зьмірыліся. Аднак апошнім часам вярнуліся да старой ідэі

Праблема гэтая ня новая. Яшчэ пяць гадоў таму гэтую ідэю абмяркоўвалі Пуцін і Лукашэнка. Тады на загад Лукашэнкі стварылі спэцыяльную камісію. Беларускія экспэрты падлічылі, што для Менску больш танны балтыйскі варыянт. Спачатку ў Маскве з гэтым зьмірыліся. Аднак апошнім часам вярнуліся да старой ідэі. Каб стымуляваць беларусаў зьмяніць маршрут, і прапанавалі паніжальны каэфіцыент. Спачатку на 0,25 тарыфнай стаўкі, а цяпер удвая большы.

Ужо даўно асноўны транзыт беларускіх нафтапрадуктаў адбываецца праз парты Літвы і Латвіі ў сілу іх геаграфічнай блізкасьці. Але ў Маскве мяркуюць, што зьніжэньне тарыфаў стымулюе перавод нафтавых грузаў з балтыйскіх партоў у парты Расейскай Фэдэрацыі. Улады Расеі нават прынялі рашэньне да 2018 году спыніць экспарт нафтапрадуктаў праз парты літоўскай Клайпеды і латвійскіх Вэнтсьпілса і Рыгі, загрузіўшы свае ўласныя магутнасьці на Балтыйскім моры.

Памкненьні Расеі ня сталі навіной для Латвіі і Літвы. Так, латвійцы на пачатку 2017 году адкрылі ў Менску сталае прадстаўніцтва Латвійскай чыгункі. Мэта новага офісу — «спрыяць супрацоўніцтву ў галіне чыгуначных перавозак і ўмацаваць супрацоўніцтва ў сфэры транзыту і лягістыкі». Наколькі гэта важна для Латвіі, пацьвярджаюць наступныя лічбы: летась чыгункай зь Беларусі ў Латвію было перавезена 5,4 мільёна тон нафтапрадуктаў. А гэта 79% усіх нафтаналіўных грузаў, перавезеных па латвійскіх рэйках.

Расейцы цьвердзяць, што новая прапанова робіць тарыф расейскіх чыгунак супастаўным з тарыфамі на парты Вэнтсьпілса і Клайпеды, а прыцягнуты аб’ём перавозак нафтапрадуктаў забясьпечыць РЖД дадатковыя прыбыткі. Магчыма, гэта і так. Але ж міжнародныя экспэрты глядзяць на другі бок праблемы. Яны кажуць, што інфраструктура расейскіх партоў недастаткова разьвітая і наўрад ці ў агляднай будучыні будзе гатовая, каб дадаткова абслугоўваць вялікі аб’ём грузаў.

І тым ня менш з кулюараў расейска-беларускіх перамоваў пра энэрганосьбіты была інфармацыя, што Масква прапануе Менску новае міжурадавае пагадненьне, паводле якога бяспошлінныя пастаўкі нафты з Расеі прывяжуць да абавязаньняў Беларусі па экспарце пэўных аб’ёмаў нафтапрадуктаў праз расейскія парты. Як вы думаеце, калегі, ці ня стане гэты фактар самым галоўным пры вырашэньні нафтагазавага пытаньня?

Карбалевіч: Яшчэ ў кастрычніку мінулага году ўлады РФ хацелі ўвязаць пытаньне аб ільготных цэнах на газ з абавязаньнем Беларусі экспартаваць пэўныя аб’ёмы нафтапрадуктаў праз расейскія парты.

Гэтая ідэя мае даўнюю гісторыю. Справа ў тым, што сёньня больш за 90% экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі ідзе ў напрамку краін Балтыі (перш за ўсё — Клайпеда, Рыга, Вэнтсьпілс) і чарнаморскіх партоў Украіны. А Расея час ад часу рабіла спробы пераарыентаваць гэтыя патокі ў расійскія парты. Першая спроба была ў 2005 годзе. Другая — у 2012-м.

Справа ў тым, што сёньня больш за 90% экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі ідзе ў напрамку краін Балтыі (перш за ўсё — Клайпеда, Рыга, Вэнтсьпілс) і чарнаморскіх партоў Украіны

Ня думаю, што беларускія ўлады на злом галавы кінуцца за гэтай расейскай «заманухай». Па-першае, таму, што ўжо шмат гадоў уся лягістыка транзыту нафтапрадуктаў зарыентаваная на балтыйскія парты. Там створана адпаведная інфраструктура. У Латвіі заснавана даччыная кампанія Беларускай нафтавай кампаніі, празь якую прадаюцца нафтапрадукты. (Дарэчы, у 2013 годзе Беларуськалій купіў 30% тэрмінала ў порце літоўскай Клайпеды.) Увосень 2016 г. літоўская кампанія па перавалцы нафты Klaipedos nafta падпісала зь Беларускай нафтавай кампаніяй трохгадовую дамову аб перавалцы мазуту. Пагадненьне дзейнічае з 11.01 2016 г. да 31.10 2019 г. І ўсё гэта ламаць, ствараць новую лягістычную сыстэму — ня вельмі рацыянальна.

Па-другое, у выпадку рэалізацыі гэтага праекту паўстане напружанасьць у адносінах Беларусі зь Літвой і Латвіяй. Бо беларускі транзыт дае значную частку даходаў партоў гэтых краін.

І самае галоўнае — на выбар афіцыйнага Менску ўплывае палітычны ці геапалітычны фактар. 10 кастрычніка беларускі міністар замежных спраў Уладзімер Макей падчас візыту ў Польшчу заявіў у Варшаве, што Беларусь хоча аслабіць эканамічную залежнасьць ад Расеі. А Масква якраз прапануе цяпер нешта зусім супрацьлеглае. На дадатак да эканамічнай, фінансавай, энэргетычнай залежнасьці мяркуецца яшчэ і транзытная залежнасьць.

Таму можна думаць, што афіцыйны Менск паставіцца да такіх плянаў Масквы вельмі асьцярожна. І пакуль пэрспэктывы пераарыентацыі беларускага транзыту нафтапрадуктаў на расейскія парты даволі цьмяныя.

Іншая справа, што афіцыйны Менск можа выкарыстаць гэтую прапанову, каб аказаць ціск на ўсіх замежных партнэраў і вытаргаваць больш спрыяльныя ўмовы транзыту.

А калі ўжо Расея будзе моцна выкручваць рукі, то ёсьць яшчэ адзін даўно выпрабаваны спосаб тарпэдаваць нявыгадную зьдзелку: падпісаць пагадненьне і не выконваць яго. Як, напрыклад, Беларусь гэта робіць з экспартам нафтапрадуктаў у Расею. Кожны год Менск, у абмен на пастаўкі нафты, бярэ на сябе абавязаньне пастаўляць пэўны аб’ём бэнзіну ў РФ. І кожны год не выконвае.

Цыганкоў: Тут можна і дагуляцца. Нагадаю, што ў 2016 годзе Расея рэзка скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. Прычына тут, безумоўна, у газавай спрэчцы. Але яна магла дзейнічаць і ў адказ на тое, што Менск не адсылае нафтапрадукты, як абяцаў, назад у Расею. Так што не заўсёды такая хітрасьць можа прайсьці.

Ну, а калі вяртацца да гэтай тэмы, то як ніколі яна паказвае, як у Беларусі эканоміка цесна зьвязаная з палітыкай. Заўсёды прысутнічаюць натуральныя эканамічныя інтарэсы, але ёсьць і палітыка, бо Расея жадае большай эканамічнай залежнасьці Беларусі, у тым ліку і ў экспарце нафтапрадуктаў. Калі ня здарыцца нічога надзвычайнага, у кіраўніцтва хопіць розуму не ісьці на гэты расейскі варыянт. Паколькі гэта азначае і страту дывэрсыфікацыі паставак нафтапрадуктаў, і страту ў палітычным сэнсе ў адносінах з балтыйскімі краінамі. Калі раптам пастаўка беларускіх нафтапрадуктаў у балтыйскія парты адменіцца, то гэты эканамічны складнік адносна добрых палітычных адносінаў адпадзе, і гэта будзе вялікім мінусам для адносінаў Беларусі са сваімі паўночнымі суседзямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG