Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зорка чорнай клясычнай музыкі


Ніна Сімон
Ніна Сімон

Некалі Ніна Сімон сказала: «Для большасьці белых людзей джаз азначае чорнае, джаз азначае бруднае. Гэта ня тое, што граю я. Я граю чорную клясычную музыку».

Яна нарадзілася як Юніс Кэтлін Ўэйман у Паўночнай Караліне ў 1933 годзе — шостае дзіця ў шматдзетнай сям’і чарнаскурага духоўніка-прапаведніка. У дзяцінстве захацела стаць клясычнай піяністкай, свой першы сольны канцэрт дала ў 12 гадоў у мясцовым храме. З гэтага канцэрту засталася ёй траўма на ўсё жыцьцё: яе бацькам, якія селі на першым радзе крэсел, арганізатары загадалі сесьці ззаду, каб сьпераду вызваліць месца белым слухачам. Яна не пачала граць, пакуль бацькоў не вярнулі на пярэднія месцы.

Свой сцэнічны псэўданім Ніна Сімон узяла ў 1954 годзе, ад гішпанскага слова niña (малая дзяўчынка) і імя вядомай францускай акторкі Сімон Сіньярэ. Паміж 1958 і 1974 гадамі яна запісала каля 40 альбомаў, на якіх сьпявала сваім непаўторным кантральтам джаз, соўл, поп, госпэл і блюз. Сьпявала ў суправаджэньні невялікіх джазавых ансамбляў і вялікіх аркестраў, а таксама пад уласны акампанэмэнт на фартэпіяна. Была адной з самых шматбаковых джазавых вакалістак у гісторыі музыкі.

Вось адна з найбольш славутых песьняў 20 стагодзьдзя — «I Put a Spell on You», напісаная ў 1956 годзе Джэем Гоўкінсам — ва ўзорным выкананьні Ніны Сімон:

А вось традыцыйная амэрыканская песьня «Black Is the Color of My True Love’s Hair», якую Ніна Сімон выконвае разам са сваім гітарыстам, Эмілем Лятымэрам, у 1969 годзе:

Яшчэ адзін вядомы джазавы стандарт, ад выкананьня якога па скуры ходзіць эстэтычны мароз:

Тым, хто раней ня слухаў Ніны Сімон, я прапаную яшчэ тры песьні, якія яна запісала на трох альбомах 50 гадоў таму, у вельмі плённым для яе 1967 годзе.

Keeper of the Flame (альбом «High Priestess of Soul»)

House of the Rising Sun (альбом «Nina Simone Sings the Blues»)

The Look of Love (альбом «Silk & Soul»)

У 1970 годзе Ніна Сімон пакінула ЗША, палічыўшы, што музычная індустрыя абвясьціла ёй байкот за яе ангажаванасьць у змаганьне за грамадзянскія правы чарнаскурых жыхароў ЗША і ў прыватнасьйці за яе песьню-пратэст супраць расавай няроўнасьці «Mississippi Goddam». Наступныя тры дзесяцігодзьдзі сьпявачка пражыла ў розных краінах, выступаючы перад публікай з канцэртамі ледзь не да самай сьмерці ў Францыі, але амаль нічога не запісваючы ў студыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG